-- Некалькі гадоў працавала настаўніцай у адной з маладзечанскіх школ, -- паведаміла жыхарка Мінска Тамара Дасаева. – У Маладзечне жывуць многія мае знаёмыя. Таму калі ўбачыла стэнд газеты, не магла прайсці міма. Дарэчы, каб больш даведацца пра жыццё раёна, рэгулярна выходжу на сайт выдання.
Лёс мінчаніна Пятра Бурака таксама звязаны з Маладзечаншчынай: у свой час ён закончыў Маладзечанскі політэхнічны каледж. Дзякуючы газеце даведваецца пра ўсе навіны горада і раёна. Асабліва яго цікавіць інфармацыя пра культурныя падзеі.
-- Мая дача знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне па ходзе электрычкі. Таму мне цікавая інфармацыя пра змены раскладу руху чыгуначнага транспарту, розныя паслугі, што аказваюць мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі. Без «раёнкі» тут ніяк. Купляю яе, калі бываю ў Маладзечне, -- адзначыла жыхарка сталіцы Ніна Касінец.
У час мерапрыемства журналісты абменьваліся вопытам з калегамі з іншых выданняў, размаўлялі з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і арганізацый.
Так, Ксенія Луцко, карэспандэнт ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе», адзначыла разнастайнасць тэм у «МГ», дызайн, вёрстку, распытала пра праекты. Нам, у сваю чаргу, было цікава даведацца пра дасягненні ганцавіцкіх журналістаў.
На думку спецыяльнага карэспандэнта часопісаў «Юны ратавальнік» і «Служба выратавання» Таццяны Рыкавец, дзякуючы супрацоўніцтву з рэгіянальнымі СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях мае магчымасць даводзіць інфармацыю аб бяспецы жыццядзейнасці да кожнага жыхара Беларусі. Адпаведныя праекты заўсёды актуальныя і знаходзяць падтрымку ў ратавальнікаў.
Тое, што раённыя сродкі масавай інфармацыі Беларусі надаюць вялікую ўвагу пытанням рэлігіі і міжнацыянальных адносін, адзначыла галоўны спецыяліст аддзела па справах нацыянальнасцей апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Алена Рудая.
-- У нашай краіне зарэгістравана 26 нацыянальных аб’яднанняў. Асвятленне іх дзейнасці ў СМІ спрыяе ўмацаванню стабільнасці ў Беларусі, -- зазначыла А. Рудая.
Спыніліся ля нашага стэнда і вучні мінскай сярэдняй школы №56. Па словах педагога-псіхолага Ірыны Фіешка, у час наведвання выстаўкі многія школьнікі вырашылі звязаць сваё жыццё з журналістыкай.
У рамках XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі» прайшла прэс-канферэнцыя «СМІ ў свеце, што змяняецца. Прафесіяналізм і адказнасць», круглыя сталы «Роля СМІ ў ідэалагічных працэсах», «Дзіцячая журналістыка», семінары «Медыяманіторынг. Вывучэнне ўласнай аўдыторыі і яе пераваг», «Падпісная кампанія ў СМІ», «Фармат навуковага піяру» і іншыя мерапрыемствы.
Журналісцкі дэсант на зямлю Купалы
Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі краін Балтыі, Расіі, Украіны наведалі Маладзечаншчыну. Візіт праходзіў у рамках XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі». У склад дэлегацыі ўваходзілі члены арганізацый беларускіх дыяспар за мяжой.
Госці агледзелі помнік Стара-Віленскаму шляху ля вёскі Мясата, пабывалі ў царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы, наведалі выстаўку «Трасцянец – гісторыя і сучаснасць», што экспануецца ў Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, пабывалі ў спартыўна-забаўляльным цэнтры, на іншых аб’ектах горада і раёна. Асабліва ўразіў дэлегатаў мемарыяльны комплекс «Шталаг-342».
-- Наведванне розных раёнаў Міншчыны стала добрай традыцыяй міжнародных журналісцкіх форумаў, -- адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, па справах рэлігій і нацыянальнасцей Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Наталля Калядчык. – Беларусам замежжа цікава даведацца, чым жыве наша краіна. Пасля вяртання журналісты рэкламуюць дасягненні рэспублікі. Сімвалічна, што візіт праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну збліжае народы розных дзяржаў, нагадвае пра адказнасць перад будучымі пакаленнямі.
Па словах Людмілы Аннус, старшыні беларускага таварыства «Сябры» з Нарвы (Эстонія), Беларусь развіваецца ў правільным кірунку. Кожны год рэгіструюцца новыя выданні. У краіне многае робіцца для захавання гістарычнай спадчыны. Пра гэта сведчаць стэнды выстаўкі «СМІ ў Беларусі».
-- У Эстоніі цэняць і любяць беларускую культуру, таму запрашаюць розныя творчыя калектывы з Беларусі. Так, жыхары Нарвы вельмі цёпла сустракалі сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. Увогуле, культурная дыпламатыя спрыяе наладжванню эканамічных і палітычных сувязей паміж краінамі, -- падкрэсліла госця.
З калегай згодная карэспандэнт газеты «Цюменская вобласць сёння» Яўгенія Суворава. Яна адзначыла, што сібіракі цікавяцца нашай краінай. І гэта не дзіўна. У свой час многія беларусы паехалі асвойваць нафтавыя і газавыя радовішчы Сібіры, засталіся там, стварылі сем’і. Таму навіны з Беларусі ўспрымаюць як свае.
Дарэчы, у спажыўцоў Цюменскай вобласці вялікай папулярнасцю карыстаецца беларуская малочная прадукцыя. А гарадскія аўтобусы ў абласным цэнтры ў асноўным беларускай вытворчасці.
-- У вобласці жывуць прадстаўнікі звыш 150 нацыянальнасцей, -- падкрэсліла журналістка. – Праводзяцца фестывалі нацыянальных культур, падтрымліваюцца нацыянальныя дыяспары, рэгулярна адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, актыўна дзейнічае абласная грамадская арганізацыя «Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў».
Яўгенія наведала нашу краіну ўпершыню. Яна адзначыла гасціннасць і чуласць беларусаў.
На думку дацэнта кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта Глеба Кудрашова, пераадолець непаразуменні ў міждзяржаўных адносінах можна з дапамогай народнай дыпламатыі. І роля СМІ тут надзвычай важная. Журналісты павінны аб’ектыўна асвятляць падзеі. Гэтыя пытанні якраз і абмяркоўваліся ў час спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.