Яго ўдзельнікаў віталі на мяжы Мінскага і Маладзечанскага раёнаў прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Для студэнтаў і выкладчыкаў, якія былі ў нашым краі чатыры дні, была падрыхтавана змястоўная праграма. Яны наведалі музей вогненных і паветраных таранаў, што ў Радашковіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, усклалі кветкі да стэлы ў парку Перамогі, наведалі мемарыяльны комплекс «Шталаг-342», сустрэліся з удзельнікамі патрыятычнага клуба «Пошук», які працуе на базе СШ №5, а таксама з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Узрушыла ўсіх экскурсія ў музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у СШ №14.
Таксама ўдзельнікі Зорнага паходу арганізавалі маштабную прафарыентацыйную работу ў нашым раёне. Яна праводзілася ў форме адкрытага дыялогу, і патэнцыяльныя абітурыенты змаглі задаць студэнтам пытанні, якія іх цікавілі, прыняць удзел у майстар-класах і пасяджэннях за круглым сталом. А ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прадстаўнікі «Новага пакалення» разгарнулі валанцёрскую акцыю «Працягні далоньку мне».
Акрамя гэтага, для «Новага пакалення» падрыхтавалі асветніцкую праграму. Госці наведалі Мінскі абласны краязнаўчы музей, раённы цэнтр рамёстваў, Палац культуры, спартыўна-забаўляльны цэнтр.
У складзе атрада была і маладзечанка Дар’я Жылінская, выпускніца СШ №5, цяпер трэцякурсніца педуніверсітэта. Як і ў школьныя гады, яна прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сваёй alma mater.
— У Зорным паходзе я ўжо другі раз. Раней маршрут нашага атрада быў скіраваны на Барысаўскі раён. Вельмі ўзрадавалася, калі даведалася, што прыеду на Маладзечаншчыну, — заўважыла наша зямлячка. — Сваім аднакурснікам я шмат расказвала пра родны край. Нарэшце, яны самі пераканаліся, што ў яго багатая і слаўная гісторыя, трывалыя традыцыі, тут жывуць гасцінныя людзі. Я таксама не перастаю адкрываць для сябе новыя старонкі летапісу малой радзімы. Напрыклад, упершыню пабывала ў музеі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у СШ №14.
Відавочна, што арганізацыя такіх мерапрыемстваў садзейнічае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню і фарміруе паважлівае стаўленне да гісторыі сваёй краіны. Сёлета Маладзечаншчына ў другі раз прымала Зорны паход, і гэта традыцыя будзе прадоўжана.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.