Новости Молодечно и Молодечненского района

«Золотое перо» — путь в журналистику

  • 2017-05-03 07:56:39
  • Анжаліка Крупянькова

Шмат гадоў у ЦТДіМ «Маладзік» паспяхова працуе «Школа журналістыкі» пад кіраўніцтвам Наталлі Шульжыцкай, выпускаецца свая газета. На конкурсе мы пазнаёміліся з яе навучэнкамі Надзеяй Бобрык, Палінай Бараноўскай і Валянцінай Трубач.          

Дыпломы і каштоўныя падарункі ўручылі старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Анатолій Асманаў і старшыня арганізацыі па вытворчым прынцыпе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Зоя Кокаш.

Найбольш творчых работ было прадстаўлена ў намінацыі «Беларусь вачыма дзяцей». А перамагла ў ёй навучэнка цэнтра дзяцей і творчасці «Маладзік» Валянціна Трубач. Яе задума арыгінальная і актуальная. «Сёлета ў замежных турыстаў з 80 краін з’явілася магчымасць падарожнічаць па нашай краіне без візы. Праўда, толькі на працягу пяці дзён. Што б я паказала гасцям Беларусі за гэты час, каб яны змаглі захапіцца яе непаўторнасцю?» — разважае Валянціна. Яна распісала маршрут па днях, запрасіла ў «Дудуткі», Хатынь, Полацк, на Браслаўскія азёры, у іншыя знакавыя месцы. І, безумоўна, у роднае Маладзечна.

Другое месца ў намінацыі занялі дзесяцікласніца СШ №1 Агата Буневіч і вучаніца 6 класа СШ №9 Анастасія Шаломская, трэцяе – сямікласніца гімназіі №6 Мілана Кіслая, дзесяцікласніца гімназіі-каледжа мастацтваў Вольга Язневіч, навучэнка ЦТДіМ «Маладзік» Надзея Бобрык.

У намінацыі «Сямейны альбом» былі прадстаўлены мастацкія фатаграфіі, што адлюстроўваюць каштоўнасць сямейных традыцый і сувязь пакаленняў. У ёй перамагла Вольга Смалонская, дырэктар музея баявой славы «Подзвіг» СШ №1, якая падрыхтавала відэапрэзентацыю з больш чым 60 здымкаў сваёй сям’і. Расповед у ёй вядзецца ад імя дзяцей Вольгі Мар’яны і Яраслава, якія знаёмяцца з гісторыяй свайго роду, разглядаюць здымкі прапрабабак і прапрадзядуляў. Вялікае шчасце – захаваць такі фотаархіў, у якім ёсць яшчэ даваенныя здымкі. Мацнейшай у намінацыі «Журналістыка XXI стагоддзя» стала даследчае эсэ «Сучасныя сродкі інфармацыі ў жыцці чалавека» настаўніцы гісторыі СШ №8 Юліі Белаковай. У ім малады педагог выклала свае погляды на праблемы і тэндэнцыі развіцця сучасных СМІ, іх уплыў на светапогляд моладзі.

Цікавыя работы, прысвечаныя праблемам юных беларусаў, былі прадстаўлены на конкурс відэапраектаў «Твой погляд». Настаўнік гісторыі СШ №1 Анатолій Паўлоўскі ўзняў у сваім роліку «Я не магу без цябе» тэму  інтэрнэт-залежнасці. Яго работа адзначана дыпломам І ступені. Другое месца заняў відэаролік «Пакуль мы маладыя» прадстаўніцы ЦТДіМ «Маладзік» Святланы Кіслай, якая сёння з’яўляецца студэнткай Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Педагог-арганізатар гімназіі №6 Ганна Кічыгіна заняла трэцяе месца за свой міні-фільм «Наш погляд на праблему курэння».

Такія мерапрыемствы, несумненна, стымулююць моладзь да творчасці, даюць магчымасць паказаць свае здольнасці, атрымаць аб’ектыўную ацэнку кампетэнтных людзей. І няхай сёння ніхто з нас не піша пяром, назва конкурсу мае сімвалічны сэнс. «Залатое пяро» – гэта  адметны почырк і стыль, гэта талент і гатоўнасць сваёй творчасцю служыць людзям. Таму ўсе прысутныя жадалі  ўдзельнікам менавіта такога пяра, а пераможцам – удачы на абласным і рэспубліканскім этапах. Дарэчы, маладзечанцы на іх заўсёды былі сярод лідараў. Спадзяёмся, што і сёлета ў чарговы раз мы разам парадуемся поспехам нашай таленавітай моладзі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.