На фінальны этап было запрошана 70 школьнікаў з 18 краін свету, якія вывучаюць рускую мову. Акрамя маладзечанцаў Беларусь прадстаўлялі навучэнцы з Магілёва і Снова. У складзе нашай каманды былі дзесяцікласніцы Анастасія Чаркасава, Паліна Нікановіч, Кацярына Пашкевіч, шасцікласніца Вікторыя Ушакевіч, якія прайшлі завочны тур конкурсу і выйшлі ў фінал. Свой поспех дзяўчаты раздзяляюць з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Інесай Верамей, якая суправаджала іх у паездцы. Інеса Львоўна – вопытны і зацікаўлены педагог, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Адметна, што яна выпускніца гэтай жа школы і вось ужо больш за 30 гадоў выкладае рускую філалогію. Яна пастаянна прапануе сваім вучням праверыць эрудыцыю, праявіць творчасць у розных конкурсах, якіх цяпер арганізуецца нямала. І сама прымала ўдзел у І Сусветным фестывалі рускай мовы ў Санкт-Пецярбургу, у XIV Міжнародным Пушкінскім конкурсе ў Маскве. І вось у чарговы раз разам з вучнямі адправілася пакараць сталіцу Расіі.
— У рамках фестывалю праходзілі тры конкурсы: чытальнікаў «Вялікае рускае слова», літаратурны «Знатакі рускай мовы, гісторыі і культуры Расіі», малюнкаў «Душа Расіі», — расказвае Інеса Львоўна. – У час завочнага туру Паліна і Каця дасылалі свае сачыненні, Насця і Віка – мастацкія работы з кароткім і вобразным іх апісаннем. У Насці атрымалася лірычная карціна, напісаная алеем на палатне: цэркаўка на беразе ракі. Віка намалявала храм Васілія Блажэннага, выкарыстоўвала акварэль, пастэль. У фінале дзяўчаты праходзілі іспыты ў сваіх намінацыях. Юныя літаратары выконвалі тэставую работу, адказвалі на пытанні, пісалі эсэ, мастакі малявалі гарадскія пейзажы. Насця Чаркасава справілася з няпростай задачай найбольш паспяхова, яна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Душа Расіі».
Анастасія Чаркасава — адна з пераможцаў Міжнароднага фестывалю «Знатакі Расіі і рускай мовы».
Праграма фестывалю была вельмі разнастайнай. Настаўнікі мелі магчымасць даведацца, што сабой уяўляе перадавая інавацыйная маскоўская адукацыя, знаёміліся з найноўшымі тэхналагічнымі распрацоўкамі. Моладзь прыняла ўдзел у майстар-класах маскоўскіх педагогаў, «прымерала» на сябе розныя прафесіі ў цэнтры «Мастерславль», наведала сядзібу Кускова, музей хлеба, Жывы музей народных мастацтваў у Ізмайлаўскім крамлі, іншыя знакавыя месцы, паглядзела спектакль «Ваўкі і авечкі» па п’есе Аляксандра Астроўскага ў Цэнтральным акадэмічным тэатры Расійскай арміі. І, безумоўна, пабывала на агляднай экскурсіі. Акрамя таго, Інеса Львоўна звадзіла сваіх вучаніц у Траццякоўскую мастацкую галерэю.
«Масква – горад, пра які я магла толькі марыць, паўстаў перада мной ва ўсёй велічы. Якая прыгожая панарама адкрывалася з 27-га паверха нашай гасцініцы! Арганізатары, удзельнікі фестывалю, незалежна ад узросту і нацыянальнасці, падтрымлівалі нас добрымі словамі, заўсёды былі гатовы дапамагчы. У мяне з’явілася шмат новых сяброў. Мы былі ў Маскве ўсяго тыдзень, але здавалася, што я ведала іх даўным-даўно», — падзялілася сваімі ўражаннямі Насця Чаркасава. Віка Ушакевіч гаворыць, што найбольшае захапленне ў яе выклікаў храм Васілія Блажэннага, які яна намалявала на конкурс і дзякуючы якому выйшла ў фінал: «Я любавалася разнастайнасцю яго купалаў, непаўторнымі колерамі, складанымі арнаментамі, і сэрца лікавала ад радасці: мая мара збылася!».
Фота: архіў СШ №9.