Узнагароджванне праходзіла на факультэце філасофіі і сацыяльных навук у рамках XIV навуковай канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў «Чалавек. Культура. Грамадства». Для пераможцаў была арганізавана экскурсія па факультэце, яны маглі задаць пытанні дэкану Вадзіму Гігіну, выкладчыкам, студэнтам.
Маша прызнаецца, што канчаткова не вызначылася з будучай прафесіяй. З ноткамі горычы разважае аб тым, што праца філосафа і сацыёлага ў нашым грамадстве не настолькі запатрабаваная і прэстыжная, як у заходніх краінах, спадзяецца , што з цягам часу ўсё зменіцца да лепшага. «Вопыт удзелу ў віктарыне для мяне быў вельмі карысным, — расказвае Марыя. — Першая частка складалася з тэстаў, у другой трэба было напісаць эсэ на адну з шасці тэм. Я «філасофствавала» на тэму кахання, падмацоўвала свае разважанні прыкладамі з мастацкай літаратуры».
У віктарыне гімназістка ўдзельнічала ўпершыню, аднак выпадковасцю гэта не назавеш. Дзяўчыне падабаецца грамадазнаўства, сёлета выпрабоўвала свае веды на рэспубліканскай алімпіядзе па гэтым прадмеце, на раённым этапе атрымала дыплом ІІІ ступені. Акрамя таго, сур’ёзна захапляецца англійскай мовай, два гады запар паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядзе, чытае творы англамоўных аўтараў у арыгінале. З павагай называе сваіх настаўнікаў англійскай мовы Сяргея Валер’евіча Мікіцкага і грамадазнаўства Вікторыю Уладзіміраўну Шпетную, якія зацікаўлена ставяцца да дапытлівых вучняў, шмат чаго падказваюць, працуюць з імі не толькі на ўроках, але і індывідуальна.
«Чым будзеш займацца на летніх канікулах?» – пытаюся ў Марыі. «Чытаць!» – коратка адказвае дзяўчына і пачынае пералічваць творы як сучасных аўтараў, так і класікаў, якія спадабаліся.
— Маша вельмі шмат чытае, — далучаецца да размовы мама Анастасія Юр’еўна, якая, дарэчы, у свой час таксама закончыла гімназію №6. — Цяга да навукі, да кніг, магчыма, перадалася Машы ад дзядулі Юрыя Пятровіча Сідарэнкі. У яго дзве вышэйшыя адукацыі – тэхнічная і эканамічная, нямала рацыяналізатарскіх прапаноў. Ён сабраў вялікую бібліятэку, якой цяпер карыстаецца і дачка. Спадзяюся, што з цягам часу да яе праявяць цікавасць і сын Сяргей, які займаецца ў шостым класе гімназіі №6 і сур’ёзна захапляецца футболам, малодшая дачка Ульянка.
Наперадзе ў Марыі – апошні школьны год, няпросты выбар будучай прафесіі. Але сёння можна сказаць з упэўненасцю: у душы яна ўжо філосаф, бо ўмее падвяргаць сумненню агульнапрынятыя ісціны, мае ўласнае меркаванне, падмацоўвае яго важкімі аргументамі. І сур’ёзна задумваецца аб галоўным філасофскім пытанні ўсіх часоў: «Для чаго мы жывём на гэтым свеце?».
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.