Перад пачаткам мерапрыемства Алена Калтовіч, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада №25, расказала:
— Наша ўстанова цесна супрацоўнічае з гімназіяй №10, у прыватнасці, з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Наталляй Багдановіч, якая знаёміць дзетак са школьным жыццём. Вельмі важна тое, што пасля экскурсій у гімназію, дзе і за партай можна пасядзець, і вучнямі сябе адчуць, лягчэй праходзіць працэс адаптацыі. На гэты раз мы вырашылі запрасіць першакласнікаў да сябе і прапанавалі ім прыняць удзел у квіз-гульні «Як я ведаю сваю Беларусь?». Заўсёды рады бачыць выхаванцаў санаторнага дзіцячага сада №29, з якім таксама наладжаны сяброўскія сувязі ў многім дзякуючы намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці Дзіяне Пляўго.
Хутка былі створаны дзве каманды. Выхаванцы старэйшых груп дзіцячых садоў №25 і №29 выбралі для сваёй назву «Бусляняты», гімназісты — «Каласкі». Не абышлося і без групы падтрымкі, якой было даверана дапамагаць удзельнікам, калі пэўныя пытанні выклікаюць у іх цяжкасці.
Вырабы з гліны вельмі прыгожыя.
Пачалася гульня з конкурсу, па ўмовах якога трэба было на карцінках знайсці сімвалы Беларусі. Дзеці званілі ў званочак і гучна адказвалі, што гэта зубр, бусел, васількі, канюшына, сасна, лён.
— З лёну спачатку робяць ніткі, а потым — адзенне, — удакладніў адзін удзельнік.
Крыху пазней дзеці падбіралі з прапанаваных карцінак беларускія нацыянальныя касцюмы для Яся і Яніны. Усё зрабілі правільна, узяўшы за аснову нацыянальны арнамент.
Адно заданне тычылася аб’ектаў беларускай архітэктуры. У іх ліку прыгадалі Брэсцкую крэпасць, Нясвіжскі замак, Барысаглебскую царкву. Заданне з падвохам: не ўсе карткі былі на вызначаную тэму.
Заданне выконваем разам.
Юныя эрудыты не толькі вандравалі па краіне, але і… адправіліся ў космас. Яны пазналі на фотаздымку Алега Навіцкага, а дадаткова назвалі першага касманаўта Юрыя Гагарына.
«Увага на экран!» — гэтымі словамі пачаўся відэаконкурс, прысвечаны беларускім традыцыйным рамёствам. У ліку адгаданых саломапляценне, ткацтва, ганчарная справа. Ведаюць удзельнікі каманд бондара, вышывальшчыцу, рэзчыка па дрэве. А яшчэ яны з задавальненнем патрымалі ў руках прылады працы беларускіх рамеснікаў. Даставалі іх з чорнай скрыні і дакладна называлі прызначэнне.
Вось такія беларускія лыжкі.
Пакуль на экране па чарзе адкрываліся дзевяць карцінак, дзеці адгадвалі традыцыйныя беларускія святы: «Каляды», «Гуканне вясны», «Купалле», «Дажынкі». У ліку адказаў быў нават… Дзень агурка. Сапраўды, ёсць і такі фестываль.
Музычны конкурс пацвердзіў, што ўсе прысутныя добра ведаюць беларускія песні. З задавальненнем яны падпявалі словы песень «Сеў камарык на дубочак», «Саўка ды Грышка», «Бульба». Асобнае месца ў музычнай творчасці займае «Радзіма мая дарагая». Менавіта Радзіме была прысвечана пазнавальная тэматычная віктарына з выкарыстаннем сучасных інтэрактыўных падыходаў у працэсе выхавання.
— Вы сапраўдныя малайцы! Раскрыйце сакрэт, што дапамагло вам знаходзіць правільныя адказы? — звярталіся да дзяцей дарослыя.
— Мы ж ходзім на заняткі ў нашым садзіку! — у адзін голас адказвалі хлопчыкі і дзяўчынкі.
У выніку перамагло сяброўства, а значыць, усе дзеці сталі пераможцамі. Гэта падказала люстэрка, у якое паглядзеўся кожны. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія пачастункі, капітанам каманд уручылі граматы. На гэтым мерапрыемствы не скончыліся. Юныя эрудыты наведалі дзіцячы сад №29, дзе іх уразіў інтэрактыўны праект «Жывая сцяна». У гімназіі №10 нікога не пакінула абыякавым тэма памяці ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усё гэта дапамагло маленькім грамадзянам пашырыць свае веды аб гісторыі роднай Беларусі.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР.