— Бонжур, мадам! – весела прывітаў мяне на парозе трэцяй гімназіі мім у цяльняшцы з чырвонай хустачкай на шыі.
Аказваецца, на сустрэчу з Вольгай Іосіфаўнай я прыйшла ў дзень адкрыцця Тыдня франкафоніі. Ён прымеркаваны да Міжнароднага дня франкафоніі, які адзначаецца ва ўсім свеце 20 сакавіка.
— Сённяшні дзень прысвечаны французскай музыцы. Бачыце, у фае першага паверха ўстаноўлены мікрафоны? Пасля першага ўрока ўся гімназія збярэцца разам, каб выканаць «Гімн франкафоніі». А на перапынках нашы «зорачкі» будуць спяваць французскія песні, — уводзіць мяне ў рытм насычанага гімназічнага жыцця Вольга Іосіфаўна.
Кожны дзень Тыдня франкафоніі адметны. У яго рамках гімназію наведалі супрацоўнікі Пасольства Францыі на чале з першым саветнікам па супрацоўніцтве і культуры Аляксандрам Піке, расказалі дзецям пра кіно. Пабывалі юныя франкафоны і на спектаклі Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Тэатра», удзельнікі якога ўжо не першы раз прыязджаюць у цэнтральную раённую бібліятэку імя Максіма Багдановіча. Гледачы ў чарговы раз перакана-ліся, наколькі паэтычна і вытанчана гучыць французская мова.
— Я палюбіла яе з першага класа! — вяртаецца ў сваё школьнае дзяцінства Вольга Васілевіч.
Аказваецца, гімназія №3 для яе родная. Яна з вялікай цеплынёй называе імя настаўніцы французскай Валянціны Вінярскай, якая прывіла любоў да свайго прадмета, дапамагла зразумець прыгажосць мовы Гюго, Мапасана, Бальзака. Шмат намаганняў прыклала для стварэння на базе школы гімназіі былы дырэктар Людміла Доўнар, лепшыя традыцыі працягвае цяперашні кіраўнік Алена Гарбачова. Сённяшнія гімназісты вывучаюць французскую мову з трэцяга класа. У першым і другім ёсць магчымасць займацца ёю на платнай адукацыйнай аснове. Акрамя Вольгі Васілевіч гэты прадмет тут выкладаюць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Любоў Кірмель, настаўніцы Кацярына Івашанка, Іна Мітрафанава, Наталля Волчак, Марына Сяйко, Алена Заяц. Зацікаўленыя, творчыя, крэатыўныя, яны ўмеюць захапіць сваім прадметам вучняў.
Мінулыя гады былі для Вольгі Іосіфаўны асабліва плённымі. Яна падрыхтавала пераможцаў раённых і абласных прадметных алімпіяд, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. Сярод іх – выпускнікі гімназіі Марыя Машкарова, Данііл Волчак, дзеся-цікласнік Уладзіслаў Хіль. Цікавыя даследаванні праводзілі выхаванцы лепшага педагога раёна. Напрыклад, у сваёй рабоце Уладзіслаў Хіль параўноў-ваў, як часта карыстаюцца велатранспартам юныя бела-
русы і французы. Для гэтага вывучаў сітуацыю ў сваім горадзе, звязваўся з равеснікамі з каледжа горада Тура. Аказалася, што ў французаў веласіпеды пакуль больш папулярныя, чым у беларусаў. Але і ў нас яны з кожным годам становяцца ўсё больш запатрабаванымі. Праўда, велапарковак і веладарожак у горадзе пакуль не хапае – такую выснову зрабіў юны даследчык…
Практычнае прымяненне ведаў замежнай мовы – тое, да чаго імкнецца кожны педагог. Разам з настаўніцай вучні знаёмяцца з французскай культурай, літаратурай, ладзяць завочныя падарожжы, спасцігаюць сакрэты кулінарыі. Сама Вольга Іосіфаўна вельмі любіць гатаваць розныя стравы, дзе-ліцца рэцэптамі з калегамі і вучнямі. Сярод самых удалых яе шэдэўраў – класічны французскі пірог кіш ларэн, суп з цыбулі…
— На сваіх уроках я найперш вучу дзяцей больш смела размаўляць, не баяцца памылак. Галоўнае – зразумець субяседніка, пераадолець у сабе сарамлівасць. І ўсё атрымаецца, — лічыць настаўніца.
І ўспамінае свае першыя стасункі з французамі. На трэцім курсе лінгвістычнага ўніверсітэта ёй пашчасціла трапіць у студэнцкі лагер у горадзе Клермон-Феран. Гэта была першая паездка ў Францыю, першае знаёмства з Парыжам, які не расчараваў, наадварот, пакарыў сваёй веліччу і прыгажосцю.
— За тыя тры тыдні ўзровень маёй французскай значна павысіўся, — гаворыць мая субяседніца. – Для лінгвіста проста неабходна акунацца ў моўнае асяроддзе, і я рада, што ў многіх нашых вучняў ёсць такая магчымасць. Неаднойчы нашы гімназісты ездзілі ў Францыю. У зале літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі ладзяцца сустрэчы з супрацоўнікамі Пасольства, французскімі пісьменнікамі, артыстамі, іншымі цікавымі людзьмі. Прыемна бачыць, што мае вучні разумеюць, аб чым ідзе размова, на саромеюцца задаваць пытанні. Радасна ўсведамляць, што французская мова пашырае іх кругагляд, адкрывае свет.
— Вольга Іосіфаўна, многія лічаць, што больш перспектыўна вывучаць англійскую мову, самую распаўсюджаную ў свеце…
— За 20 гадоў работы я пераканалася, што французская не менш перспектыўная. На ёй размаўляюць жыхары пяці кантынентаў, 68 краін. Усяго ёю валодае больш за 300 мільёнаў чалавек. Па распаўсюджанасці яна займае дзявятае месца ў свеце. Яе з поўным правам можна назваць міжнароднай, бо гэта афіцыйная мова такіх аўтарытэтных арганізацый, як ААН, ЮНЕСКА. Да таго ж лічу, што яна вельмі меладычная і прыгожая. Дарэчы, ва ўніверсітэце я вывучала і англійскую мову, у першы год работы ў гімназіі №7 яе выкладала. Аднак заўсёды ведала, што буду настаўніцай французскай.
Сваё захапленне прадметам настаўніца перадае вучням:
— Поспех дзяцей – самае галоўнае ў маёй рабоце. Калі бачыш іх цікавасць, калі яны звязваюць з французскай сваё жыццё – дарагога вартае.
І гэта не проста словы. У мінулым годзе з 20 выпускнікоў 11-га класа, у якім Вольга Іосіфаўна была класным кіраўніком, пяцёра паступілі ў лінгвістычны ўніверсітэт. Дар’я Захарава, Кацярына Гамеза, Аліна Абрамачкіна, Юсіф Гюльмаліеў, Дзмітрый Залатухін вырашылі вывучаць французскую мову далей і звязаць з ёю сваю прафесію. І гэта самая вялікая ўзнагарода для педагога.
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
архіў Вольгі ВАСІЛЕВІЧ.