Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечно открылся пункт регистрации на централизованное тестирование

  • 2017-05-05 13:42:05
  • Ірына Рабушка

  — Юнакі і дзяўчаты маюць права прайсці рэгістрацыю ў любым пункце краіны і абавязкова па прад’яўленні пашпарта. Калі ў абітурыента па тых ці іншых прычынах няма магчымасці зарэгістравацца, гэта могуць зрабіць за яго бацькі, законныя прадстаўнікі ці па даверанасці нават чужыя людзі. Здаюць тэсты па месцы рэгістрацыі, — заўважае адказны сакратар арганізацыйнай камісіі па правядзенні ЦТ пункта тэсціравання ў Маладзечанскім політэхнічным каледжы Юрый Скакоўскі.

У першы дзень работы гэтай службы зарэгістраваліся крыху больш за 30 чалавек. Ужо на наступны дзень адбыўся цэнтралізаваны заезд смаргонскіх школьнікаў.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму тых раёнаў, адкуль да нас найчасцей прыязджаюць патэнцыяльныя абітурыенты. Гэта зручна і вучням, і аператарам нашага пункта, якія займаюцца афармленнем адпаведных дакументаў, — зазначае Юрый Іосіфавіч. — Дарэчы, адначасова працуюць восем аператараў – пераважна спецыялісты і навучэнцы політэхнічнага каледжа.    Нягледзячы на тое, што выпускнікоў школ і гімназій апошнім часам становіцца менш, сёлета прагназуецца павелічэнне колькасці абітурыентаў (летась у Маладзечне было амаль 3,5 тысячы чалавек). Гэта звязана з тым, што цяпер можна здаваць тэсты не па трох, а па чатырох прадметах. Па-ранейшаму большасць абітурыентаў аддае перавагу рускай мове.

— Нямала юнакоў і дзяўчат вырашылі здаваць па тры ЦТ. Ёсць тыя, хто пажадаў прайсці тэсціраванне па рускай і беларускай мовах. Гэта яшчэ адно новаўвядзенне, якое скарысталі найперш выпускнікі мінулых гадоў, — гаворыць Юрый Скакоўскі.

Па ўсёй краіне ЦТ будзе праводзіцца з 12 чэрвеня да 2 ліпеня ўключна. Першы тэст – па беларускай мове, апошні – па сусветнай гісторыі. У Маладезчне можна прайсці тэсціраванне па ўсіх 11 прадметах. Экзаменацыйныя пляцоўкі – політэхнічны каледж, гімназіі №6 і №10. Пачатак ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні, — у 11.00. Зарэгістравацца «ў рэзерв» можна з 30 чэрвеня па 3 ліпеня ў Белдзяржуніверсітэце. Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення тэсціравання з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) – з 13 ліпеня.  

Пункт рэгістрацыі на ЦТ у Маладзечне (як і па ўсёй краіне) у рабочыя дні адкрыты

з 9.00 да 19.00; у суботы, 13 і 27 мая — з 9.00 да 18.00.
Выхадныя дні – 7, 8, 9, 14, 20, 21, 28 мая.
Перапынку на абед няма.
Дадатковую інфармацыю ў Маладзечне можна атрымаць па тэл. 77-08-52, 77-16-81.
Адрас пункта рэгістрацыі на ЦТ – Цэнтральная плошча, 2 (політэхнічны каледж).

Фота: Аляксей ПЛАТКО.