Новости Молодечно и Молодечненского района

В молодечненской школе-интернате побывали хоккеисты и выпускники-паралимпийцы (фото)

  • 2017-01-10 12:36:59
  • Ірына Рабушка

Акцыя «Калядная традыцыя» ладзіцца ў рамках міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Упершыню ў рамках акцыі госці завіталі ў маладзечанскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Яно і не дзіўна: калектыў даўно сябруе з хакейным клубам «Дынама-Маладзечна», а сярод выпускнікоў установы 14 паралімпійцаў.

У рамках міжнароднага турніру ў школу-інтэрнат прыехалі прадстаўнікі васьмі зборных каманд: Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Балканаў, Славакіі, Германіі, Швейцарыі, Расіі, Фінляндыі і Арабскіх Аб’яднаных Эміратаў.

Чаканых гасцей віталі караваем. Педагогі разам з выхаванцамі падрыхтавалі для хакеістаў тэатралізаванае падарожжа па казках, паказалі фрагмент каляднага абраду і традыцыйных забаў. Відавочна, што для многіх іншаземцаў гэта было дзіўна. Яны не ўтойвалі сваіх эмоцый, фатаграфавалі і запісвалі на відэа святочнае дзейства. З асаблівым трапятаннем замежныя спартсмены разам з дзецьмі вадзілі карагоды ля ёлкі. З непадробнай цікавасцю клікалі Дзеда Мароза і Снягурачку. Выхаванцы правялі для гасцей майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці.   

Шмат падарункаў прывезлі з сабой спартсмены. Яны парадавалі хлопчыкаў і дзяўчынак слодычамі, цацкамі, настольнымі гульнямі і ноўтбукамі. Сертыфікаты на 2000 рублёў і 500 рублёў уручаны адпаведна ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і асацыяцыі «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь». Грошы пойдуць на развіццё ўстановы. Выхаванцам асацыяцыя падарыла і білеты на заключны матч Каляднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Да ўдзельнікаў мерапрыемства з прывітальнымі словамі звярнуліся памочнік старшыні Цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Ксенія Валахановіч, начальнік аддзела па правядзенні спаборніцтваў асацыяцыі «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Храмылёў, дырэктар школы-інтэрната Наталля Глінская.

Нездарма кажуць, што галоўнае ў калядныя дні – светлыя  думкі і добрыя сэрцы. Здаецца, сяброўства паміж школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі зроку і хакейнымі камандамі будзе мець працяг. Асаблівую значнасць турніру падкрэсліў Аляксандр Храмылёў.

— Гэты турнір з нецярпеннем чакаюць і спартсмены, і балельшчыкі. Неад’емнай часткай і важнай місіяй хакеісты лічаць удзел у дабрачыннай акцыі «Калядныя традыцыі». І, безумоўна, яе геаграфія будзе пашырацца, — зазначыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Фота: "Маладзечанская газета"