Мастацкі кіраўнік хору Вольга Бялько расказала, што ў курортным мястэчку Паралія на беразе Эгейскага мора сабраліся юныя і дарослыя аматары харавога мастацтва з Грэцыі, Польшчы, Балгарыі, Румыніі, Славакіі, Венгрыі. Наша «Журавачка» прыехала на конкурс ужо ў трэці раз і была адзінай прадстаўніцай як Беларусі, так і краін СНД. Яна стала носьбітам беларускай музычнай культуры. Тым больш што па ўмовах конкурсу ў 15-хвіліннай праграме абавязкова павінны быць нацыянальныя творы.
Нягледзячы на тое, што ў мінулым навучальным годзе калектыў хору абнавіўся на 80 працэнтаў, ён падрыхтаваў шматжанравую, складаную праграму. «Журавачка» годна прадставіла сваю краіну на конкурсе і заслужыла высокую ацэнку журы, якое ўзначальвала прафесар Балгарскай акадэміі музыкі Тэадора Паўловіч. Беларускія народныя песні «Янка-полька», «Камара муха любіла», іншыя творы на беларускай, рускай і нават французскай мовах нашы юныя зямлячкі выканалі віртуозна і вельмі артыстычна, у намінацыі «Дзіцячыя хоры» занялі другое месца. Кожная іх кампазіцыя – гэта міні-спектакль, які нясе эмацыянальны зарад гледачам. Дарэчы, наш калектыў быў адзіным, хто атрымаў спецыяльны прыз за артыстызм.
Мастацкі кіраўнік удзячная канцэртмайстру Алене Руткоўскай, сваім калегам, асабліва Людміле Раінчыкавай, салісткам, старэйшым выхаванкам хору Сняжане Бабровіч і Кацярыне Пугачовай, а таксама бацькам дзяцей, без якіх гэта паездка была б немагчымай. Шмат арганізацыйных момантаў дапамаглі рашыць Марына Вольская, Жанна Пугачова, Анастасія Малькевіч, Алёна Садоўская, Святлана Кулікова, Ірына Есмантовіч. Прыемна, што заўсёды падтрымлівае калектыў раённы выканаўчы камітэт.
Нездарма конкурс носіць назву «Музыка і мора». Цёплыя хвалі Эгейскага мора былі яшчэ адным прызам, бонусам за ўсе намаганні. Увесь вольны час дзеці праводзілі на пляжы. Цікавай была экскурсія ў скальны манастырскі комплекс «Мэтэоры». Па дарозе ў Грэцыю спыняліся ў Венгрыі на тэрмальным курорце Мішкольц. Па традыцыі на зваротным шляху завіталі ў польскі Красныстаў, дзе заўсёды гасцінна прымае маладзечанцаў кіраўнік інтэграванага таварыства «Магнум Бонум» Веслаў Брадоўскі. «Журавачка» заўсёды выступае там з канцэртам, так было і на гэты раз.
Дарэчы, у час правядзення конкурсу нашы землякі пазнаёміліся з калегамі з Сопата і атрымалі запрашэнне да іх на фестываль. Ёсць таксама запрашэнні ў Грэцыю, Германію, Францыю, Славакію. І гэта яскравае сведчанне таго, што наш хор ведаюць і цэняць у многіх еўрапейскіх краінах.
На радзіме ён таксама надзвычай запатрабаваны. «Журавачкі» прымалі ўдзел у абласных Дажынках у Мядзеле. Зусім нядаўна калектыў заваяваў трэцяе месца ў абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» у Мар’інай Горцы, дзе спяваў у суправаджэнні эстрадна-сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам дырэктара школы мастацтваў Уладзімі-ра Яцыновіча. У планах – падрыхтоўка да абласнога конкурсу харавых калектываў дзіцячых школ мастацтваў, які адбудзецца ў наступным годзе.
Фота: архіў хору «ЖУРАВАЧКА».