Пра гэта расказала начальнік лагера намеснік дырэктара гімназіі-каледжа мастацтваў па вучэбнай рабоце Людміла Нарэйка.
Работа лагера была арганізавана з улікам патрабаванняў па прафілактыцы COVID-19. У чатырох атрадах налічвалася па 12-13 чалавек ад 6 да 10 гадоў. Абавязковымі былі ранішняе вымярэнне тэмпературы і візуальны агляд дзяцей, гігіена рук, рассадка ў сталовай па 2-3 чалавекі. Выхавальнікі працавалі ў масках. Калі раней у кожным атрадзе іх было па некалькі чалавек, то цяпер па адным, каб мінімізаваць кантакты. Мерапрыемствы ў лагеры праходзілі для кожнага атрада асобна, з захаваннем бяспечнай дыстанцыі. Калі ў мінулыя гады выхаванцы разам з педагогамі наведвалі розныя гарадскія пляцоўкі – кінатэатр «Радзіма», Мінскі абласны краязнаўчы музей, то цяпер уся праграма праходзіла ў сценах сваёй установы.
Трохразовае харчаванне, вітамінізацыя, ранішняя зарадка, спартыўныя гульні і спаборніцтвы спрыялі ўмацаванню здароўя, прывівалі навыкі здаровага ладу жыцця.
— Кожны дзень у «Ластаўцы» быў напоўнены цікавымі і карыснымі справамі, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Таццяна Радзько, ня-зменная на працягу апошніх гадоў старшая важатая лагера. – Праграма лагера рэалізоўвалася праз ролевую гульню «Шлях да поспеху», у час якой кожны атрад набываў статус горада, выбіраў назву, мэра, «речевку», выпускаў газету. Штодня працавалі аб’яднанні па інтарэсах – музычна-гульнявое, мастацкае, тэатральнае, спартыўнае. А найбольшую цікавасць у дзяцей выклікалі заняткі ў псіхалагічнай майстэрні «Намалюем шчасце разам» з педагогам-псіхолагам Ірынай Курцэвіч, майстар-клас па саломапляценні з педагогам дадатковай адукацыі Кацярынай Чарнышовай, баталіі ў шахматна-шашачным клубе з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Артурам Чырыцам.
Дзяцей 6-10 гадоў знаходжанне ў лагеры было бясплатным – усе выдаткі ўзяла на сябе дзяржава.
Вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па Маладзечанскім раёне Антаніна Рынкевіч паведаміла «МГ», што ў час асенніх канікулаў працавалі 23 школьныя аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, у якіх адпачылі 865 вучняў.
Дзяржаўная датацыя на адно дзіця на дзень складала 4 рублі 20 капеек. Дзеці ад 6 да 10 гадоў аздараўліваліся без бацькоўскай даплаты. Даплата для вучняў 10-13 гадоў за шэсць дзён складала 1 рубель 86 капеек, 14-15 гадоў – 3 рублі 90 капеек.
У час маніторынгу работы лагераў спецыялісты па аздараўленні найперш звярталі ўвагу на захаванне мерапрыемстваў па прафілактыцы COVID-19. Ва ўсіх лагерах яны выконваліся. Што тычыцца праграмы, то ў кожным яна была сваёй. Напрыклад, у лагеры Палачанскай СШ панавала аранжавая восень, праводзілася шмат цікавых тэматычных мерапрыемстваў. Калі ў большасці лагераў адпачывалі малодшыя школьнікі, то ў Гарадзілаўскай СШ на гэты раз аздараўліваліся падлеткі 14-17 гадоў. Для іх была арганізавана прафшкола: яны спасцігалі сакрэты цырульніцкага майстэрства з прафесіяналам.
Асенняя аздараўленчая кампанія ў чарговы раз пацвердзіла, што ва ўстановах адукацыі раёна накоплены вялікі вопыт па арганізацыі школьных лагераў, у якіх працуюць вопытныя і неабыякавыя педагогі.
Здаровыя, вясёлыя дзеці, спакойныя бацькі – галоўны вынік іх намаганняў.
Фота: архіў ГІМНАЗІІ-КАЛЕДЖА МАСТАЦТВАЎ.