Новости Молодечно и Молодечненского района

Прайсці «Зялёнымі маршрутамі Маладзечаншчыны»

  • 2022-01-05 11:40:18
  • Анжаліка Крупянькова

Пра гэта і многае іншае ведаюць і могуць расказаць вучні Палачанскай сярэдняй школы, якія разам з настаўнікам геаграфіі Юрыем Мяцельскім і намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Аленай Міхальцовай распрацавалі цікавы і пазнавальны краязнаўчы праект «Зялёныя маршруты Маладзечаншчыны». Нядаўна ён быў адзначаны дыпломам I ступені на VIII Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

У нашым раёне нямала аб’ектаў з турыстычным патэнцыялам, упэўнены педагог з 40-гадовым стажам Юрый Мяцельскі. З 2000 года ён працуе ў Палачанскай школе, шмат гадоў акрамя ўрокаў геаграфіі вёў заняткі па інтарэсах «Пошук» краязнаўчай накіраванасці, цяпер з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні вучняў.

У мінулыя гады Юрый Міхайлавіч і яго выхаванцы распрацавалі аўдыягід па краязнаўчым маршруце «Сцежкамі славутых землякоў», па якім прайшло ўжо нямала людзей, прычым не толькі маладзечанцаў, але і жыхароў Мінска, Віцебскай вобласці. Наступным важкім крокам стала стварэнне ўнікальнага тапанімічнага даведніка «Назвы зямлі Маладзечанскай. Айконімы» і ГІС-атласа айконімаў Маладзечанскага раёна, з якіх можна даведацца, адкуль пайшлі назвы населеных пунктаў раёна. Разам з выпускніцай школы, цяпер трэцякурсніцай факультэта прыродазнаўства педуніверсітэта імя Максіма Танка Палінай Фалей Юрый Міхайлавіч распрацаваў краязнаўчы сайт «Маладзечанскі край у прасторы і часе», які папулярызуе прыродную і культурную спадчыну нашага краю. «Зялёныя маршруты Маладзечаншчыны» — лагічны працяг краязнаўчай работы.

— У наш маршрут увайшло 25 прыродаахоўных аб’ектаў, якія мы размясцілі на карце-схеме. Сярод іх помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Вяз гладкі», заказнікі мясцовага значэння, гідралагічныя, батанічныя, геалагічныя помнікі прыроды, пляцоўкі з рэдкімі відамі раслін, занесенымі ў Чырвоную кнігу Беларусі, — пералічвае Юрый Міхайлавіч.

Інфармацыю настаўнік і яго вучні збіралі з розных крыніц: на сайце райвыканкама, у раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, іншых установах. Шмат было і ўласных напрацовак. Адметна, што па самых цікавых маршрутах вучні прайшлі, знялі відэаролік і тым самым паказалі, як можна з карысцю правесці шосты школьны дзень. Дарэчы, агульная працягласць маршрута 170 кіламетраў.

А каб па ім мог прайсці кожны жадаючы, палачанцы стварылі аўдыягід, інфармацыю ў якім пра кожны з 25 аб’ектаў агучылі вучні. Каб пазнаёміцца з ім, трэба зайсці на сайт Polochany-Сity, затым на старонку «Віртуальныя экскурсіі», перайсці па ссылцы на «Зялёныя маршруты Маладзечаншчыны» і разам з аўдыягідам здзейсніць віртуальную экскурсію. Пасля можна пагуляць у інтэлектуальнае «Кола фартуны. Прыродная спадчына Маладзечаншчыны». Юрый Мяцельскі расказвае, што ў стварэнні першага аўдыягіда дапамаглі настаўнік інфарматыкі Турэц-Баярскай сярэдняй школы Дзяніс Радвіловіч і Паліна Фалей. А сярод самых актыўных вучняў пяцікласніца Марыя Казакова (самая юная ўдзельніца праекта), сямікласнікі Павел Леган, Ксенія Кулеш, дзевяцікласнікі Дар’я Юрэцкая, Вікторыя Фалей, Павел Фалей. Юрый Міхайлавіч адзначае, што ў іх ёсць цікавасць да краязнаўства. Каб падарожжа па «зялёным маршруце» працягвалася, летам ёсць намер адправіцца ў новыя паходы па Маладзечаншчыне.

«Зялёныя маршруты Маладзечаншчыны» ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі» Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ПАЛАЧАНСКАЙ СШ.