У сталічнай вобласці створаны тры аналагічныя пункты – у Барысаве, Салігорску і Маладзечне. У нашым горадзе цэнтралізаванае тэсціраванне здаюць таксама юнакі і дзяўчаты з Вілейшчыны, Валожыншчыны, Мядзельшчыны Смаргоншчыны, Ашмяншчыны, Астравеччыны, іншых рэгіёнаў. Кожны абітурыент сам можа выбраць, дзе будзе здаваць тэсты. Менавіта на базе політэхнічнага каледжа, а апошнія гады і ў гімназіі №10 праводзіцца тэсціраванне. Сёлета ў Маладзечне рыхтуюць дадатковую экзаменацыйную пляцоўку ў гімназіі №6.
— Гэта звязана з тым, што цяпер абітурыенты могуць здаваць чатыры ЦТ замест трох?
— Так. Мы прагназуем большую колькасць юнакоў і дзяўчат, якія скарыстаюцца новаўвядзеннем. Відавочна, калі ў абітурыента будуць чатыры сертыфікаты, у яго з’явіцца больш магчымасцей у выбары навучальнай установы і ўрэшце прафесіі. Заўважу, што абавязковым застаецца адзін прадмет – руская або беларуская мова. Астатнія дысцыпліны – па жаданні абітурыентаў.
— Якім прадметам аддаюць перавагу выпускнікі школ і гімназій?
– Як правіла, матэматыцы, фізіцы, замежным мовам, біялогіі і гісторыі Беларусі. Сертыфікаты па гэтых прадметах найчасцей неабходныя пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Што тычыцца абавязковай беларускай або рускай мовы, то на працягу апошніх пяці гадоў абітурыенты аддаюць перавагу апошняй і тлумачаць гэта ўвядзеннем у беларускай новых правіл арфаграфіі.
— Новаўвядзеннем бліжэйшай уступнай кампаніі з’яўляецца і тое, што ўсе прадметы будуць здавацца ў асобна вызначаны дзень.
— Раней дата правядзення тэсціравання супадала толькі па геаграфіі і сусветнай гісторыі. Гэта прадметы-аўтсайдары. Калі ж гэты аспект лічыць недахопам уступнай кампаніі, то сёлета ён выпраўлены.
— З гэтага года таксама ў абітурыентаў з’явяцца тры рэзервовыя дні для ЦТ замест аднаго…
— І гэта правільна. Розныя здараюцца сітуацыі. Рэзервовыя дні прадугледжаны для абітурыентаў, якія па ўважлівай прычыне (на што неабходна дакументальнае пацвярджэнне) не прыйшлі на цэнтралізаванае тэсціраванне. Спецыяльная камісія Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў уважліва разглядае кожны выпадак і толькі потым выносіць вердыкт. Зарэгістравацца на рэзервовае ЦТ можна ва ўсіх абласных цэнтрах, а праводзіцца яно ў Белдзяржуніверсітэце. З вопыту мінулых гадоў найбольш распаўсюджаная прычына здачы тэстаў у дадатковыя дні – хвароба.
— Колькі чалавек задзейнічана ў арганізацыі і правядзенні ўступнай кампаніі?
— Летась было каля 400 педагогаў. Сёлета плануецца задзейнічаць каля паўтысячы. А ў складзе арганізацыйнай камісіі нашага рэгіянальнага пункта тэсціравання 13 вопытных педагогаў раёна – прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіраўнікі і намеснікі дарэктараў школ і гімназій, спецыялісты політэхнічнага каледжа, дырэктар якога Міхаіл Клокель з’яўляецца старшынёй камісіі. На кожным ЦТ у аўдыторыі павінна быць не менш за тры выкладчыкі. Асабліва неабходна іх дапамога на так званых масавых прадметах. Напрыклад, летась абітурыентаў, якія здавалі рускую мову (амаль дзве тысячы чалавек), давялося размяшчаць у 50 аўдыторыях.
— Пэўная колькасць абітурыентаў, якія рэгіструюцца на ЦТ, не прыходзіць здаваць экзамены. Ці спрабавалі высветліць, чаму так адбываецца?
— Сапраўды, прыкладна 5-7 працэнтаў абітурыентаў не з’яўляюцца на іспыты. Гэта найперш тычыцца «дарослых» выпускнікоў школ, гімназій, каледжаў, у якіх пасля заканчэння мінуў не адзін год. Часцей за ўсё яны проста перадумваюць. Здараюцца выпадкі, калі чалавека не адпусцілі з работы. Дарэчы, калі камісія Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў установіць, што гэта была вытворчая неабходнасць, чалавек можа здаць ЦТ у рэзервовы дзень. Уважлівай прычынай могуць прызнаць і неадкладную камандзіроўку. Нагадаю, што для ўдзелу ў тэсціраванні абітурыенты абавязкова павінны мець з сабой спецыяльны пропуск, які выдаюць у час рэгістрацыі, і пашпарт. Дакументы прадстаўляюцца толькі ў арыгінале. Калі пашпарт здадзены на візу ці для абмену па розных прычынах у адпаведныя службы (што нярэдка бывае), паступленне ў ВНУ давядзецца адкласці на наступны раз. Варта памятаць і тое, што на ЦТ забараняецца праносіць мабільныя тэлефоны.
— Сёлета вырашана, што тэрмін дзеяння сертыфікатаў ЦТ будзе падоўжаны да двух гадоў. Гэта, напэўна, адно з самых значных новаўвядзенняў…
— Яно пачне дзейнічаць ва ўступнай кампаніі 2018 года. Менавіта тады можна будзе прадстаўляць сертыфікат за 2017-ы. Ёсць прагнозы, што ў ВНУ можа павялічыцца прахадны бал, паколькі абітурыенты гэтага года ў наступным змогуць пераздаць тэсціраванне па тых прадметах, вынік па якіх іх не задаволіў, і такім чынам выбраць сертыфікаты з найвышэйшай сумай балаў.
Фота: І. Рабушка, і А. Платко.