-- Для нас вялікі гонар прымаць шаноўных гасцей на навагоднім свяце. Хлопчыкі і дзяўчынкі доўга і адказна рыхтаваліся да яго. Рэпетыцыі доўжыліся кожны дзень па некалькі гадзін. Яны вельмі стараліся стварыць святочны настрой, пакінуць добрыя ўражанні. І яшчэ адзін важны момант – гэта, вядома, падарункі, якія дзеці заўсёды чакаюць з нецярпеннем, -- сказала дырэктар школы-інтэрната Наталля Глінская.
Андрэй Кабякоў павіншаваў навучэнцаў і педагогаў з надыходзячымі Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым, пажадаў здароўя, поспехаў, верных сяброў, шчаслівых і светлых дзён. Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што для таго каб мары збываліся, трэба прыкласці нямала намаганняў, добра працаваць, старанна вучыцца, развіваць свае здольнасці, займацца спортам. У выхаванцаў школы-інтэрната ёсць выдатныя прыклады для пераймання: выпускнікі дасягаюць высокіх спартыўных вяршынь, становяцца чэмпіёнамі і прызёрамі паралімпійскіх гульняў. Сярод іх Васілій Шапцібой і Дзмітрый Салей. І сёння кожны можа праявіць сябе.
Выхаванцаў чакалі сюрпрызы. У час навагодняга віншавання яны атрымалі падарункі: інтэрактыўную мультымедыйную дошку, спартыўны інвентар, якія дапамогуць вучыцца яшчэ з большым жаданнем, а таксама актыўна бавіць вольны час. Парадавалі дзяцей і салодкія пачастункі.
Андрэй Кабякоў азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы-інтэрната, умовамі для навучання і пражывання. Наведаў інфармацыйна-метадычны цэнтр, дзе выхаванцы расказалі пра свае распрацоўкі і дасягненні. Вучні школы-інтэрната падзякавалі за ўвагу, падарылі кіраўніку ўрада карціну, зробленую сваімі рукамі.
Акцыя «Нашы дзеці» -- яшчэ адзін яскравы прыклад клопату дзяржавы аб тых, каму ён асабліва патрэбны.
ДАВЕДКА
Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат працуе з 1 жніўня 1964 года. Установа з’яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам спецыяльнай адукацыі па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу дзяцей з парушэннямі зроку Мінскай вобласці. У школе-інтэрнаце 104 навучэнцы, з іх 27 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 72 дзіцяці-інваліда. З 2012 года дзясяцера навучэнцаў заахвочаны Спецыяльным фондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі і студэнтаў. Па выніках работы за 2016 год установа ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.