Спецыялісты ўстанавілі ля Палаца культуры некалькі мабільных экспертных пляцовак. На іх можна было агледзець месца злачынства, зняць адбіткі пальцаў, пераканацца ў сапраўднасці грашовых купюр, скласці фотаробат, праверыць VIN-нумар на аўтамабілі і інш.
Эксперты пазнаёмілі юнакоў і дзяўчат з спецыфікай работы і адказалі на пытанні. Так, юныя ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся, што правапарушальнік заўсёды пакідае сляды на месцы злачынства. Устанавіць асобу загінулага дапамагае база адбіткаў пальцаў. Сапраўднасць грашовых знакаў устанаўліваецца пры дапамозе нябачных для вока прамянёў. Некаторыя аўтамабілі, што прадаюцца на другасным рынку, маюць крымінальную гісторыю (такія факты і выяўляюць эксперты). Менавіта судовыя эксперты даюць заключэнне пра абставіны гвалтоўнай смерці чалавека.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці Сяргея Парфёнава, у нашай краіне праводзіцца звыш 200 відаў судовых экспертыз. Летась у цэнтральным рэгіёне іх было праведзена больш за 40 тысяч. Эксперты-крыміналісты ў складзе аператыўна-следчай групы выязджаюць на месца злачынства. Ад іх вывадаў часта залежыць далейшы лёс людзей.
Вялікую цікавасць у юнакоў і дзяўчат выклікалі экспанаты будучага музея судовай экспертызы і крыміналістыкі, які да пяцігоддзя заснавання ведамства плануецца адкрыць у Маладзечне. Адбудзецца гэта ў красавіку будучага года. Сярод экспанатаў прыстасаванне для хуткага фотакапіравання дакументаў, фотаапараты розных гадоў, інструменты, што выкарыстоўваюцца пры правядзенні экспертыз, і інш.
Стэнды расказваюць пра расследаванне абставін гібелі такіх вядомых людзей, як Сяргей Ясенін і Пётр Машэраў. Асобная экспазіцыя прысвечана вынаходніку сістэмы ідэнтыфікацыі злачынцаў па іх антрапаметрычных даных французскаму юрысту Альфонсу Бертыльёну.
— Экспанаты для будучага музея збіраюцца ўжо два гады, — расказаў начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Будо. — Прыносяць іх былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, іншыя неабыякавыя людзі. Акрамя экскурсій, у музеі плануецца праводзіць урачыстасці, узнагароджанне лепшых супрацоўнікаў. Знаёмства з экспазіцыяй будзе карысным як для юных, так і для дарослых наведвальнікаў.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.