Як прайшоў першы месяц жыцця па новым раскладзе? Напярэдадні Дня настаўніка мы пабывалі тут і даведаліся пра ўсе новаўвядзенні.
Перавага – выхаванню ў сям’і
З году ў год колькасць выхаванцаў школы-інтэрната змяншалася, бо пры ўладкаванні дзяцей-сірот аддаецца перавага прыёмным сем’ям, дамам сямейнага тыпу. У мінулым годзе тут займаліся ўсяго 42 дзіцяці-сіроты пры тым, што гэта была адзіная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат ва ўсёй Мінскай вобласці. Цяпер засталіся толькі спецыялізаваныя і дапаможныя для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
— Перад намі была пастаўлена задача да 2020 года ўладкаваць усіх нашых выхаванцаў у замяшчаючыя сем’і, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Харошка. — Сёння ў большасці з іх ёсць клапатлівыя прыёмныя бацькі, мы за іх спакойныя, хаця, скажу шчыра, расставацца было цяжка, нібы са сваімі дзецьмі. Сёлетнія выпускнікі 9 і 11 класаў паступілі ў сярэднія спецыяльныя, прафесійна-тэхнічныя і нават вышэйшыя ўстановы адукацыі. Мы ганарымся, што Дзяніс Дойлідаў займаецца на спецыяльнасці «Псіхалогія» ў педуніверсітэце імя Максіма Танка.
У маі школа-інтэрнат адзначыла сваё 60-годдзе. За гэты час створана моцная матэрыяльна-тэхнічная база, закладзены трывалыя традыцыі, створаны выдатны калектыў. Шкада было страчваць такі патэнцыял! Каб захаваць нашу ўстанову, яшчэ пяць гадоў таму мы пачалі прымаць вучняў з мікрараёна школы, бліжэйшых вёсак, арганізавалі для іх падвоз. Сёлета Радашковіцкі гарпасялковы і сельскі Саветы дэпутатаў прынялі рашэнне аб замацаванні мікрараёнаў за нашай і Радашковіцкай сярэдняй школай, з якой мы супрацоўнічаем, разам вырашаем многія пытанні. Найперш мы залічвалі вучняў па тэрытарыяльным прынцыпе, затым – усіх жадаючых.
Сёння тут займаюцца 108 хлопчыкаў і дзяўчынак з Радашковіч, з вёсак Дзякшняны, Путнікі, Валодзькі, Мігаўка, Вязынка, Шэметаўшчына і іншых. Самы вялікі клас – першы, у ім 22 вучні. Найменш – усяго трое чалавек — у восьмым. У комплекс уваходзіць і дзіцячы сад, які наведваюць 48 малышоў. Акрамя таго, тут ужо каторы год дзейнічае аддзяленне сацыяльнага прытулку, у якім на момант нашага візіту было 18 выхаванцаў.
«Будзем чакаць маму! Яна хутка прыйдзе!»
Гэтымі словамі супакойвала сябе маленькая Паліна, якая толькі яшчэ прывыкае да дзіцячага сада. Ён адкрыты тут упершыню. Большасць малышоў яшчэ толькі прывыкаюць да самастойнасці. Калектыў установы прыклаў шмат намаганняў, каб стварыць для іх добрыя ўмовы. Дзве групы дзіцячага сада размешчаны на першым паверсе ў асобным крыле, адна – на другім. Былі закуплены сталы і ложкі, іншая неабходная мэбля, адрамантаваны і адаптаваны санвузлы. У прасторных памяшканнях абсталяваны музычная зала і зала для спартыўных заняткаў. Прадугледжаны асобны ўваход, адрамантавана фае, сцены якога ўпрыгожваюць карціны сямейнай тэматыкі, падораныя шэфамі – Міністэрствам унутраных спраў. Яны, да слова, будуць апякаць гэту ўстанову і ў яе новым статусе. 1 верасня шэфы прысутнічалі на ўрачыстасці, падарылі кожнаму першакласніку рукзак з канцтаварамі.
Дзяцей у сад набралі без праблем, з імі працуюць вопытныя педагогі са спецыяльнай адукацыяй.
Пабольшала работы школьным поварам, якім даводзіцца гатаваць сняданкі, абеды для розных катэгорый, узростаў. Дзетсадаўцы ходзяць есці ў сталовую, аднак са школьнікамі не перасякаюцца.
— Яшчэ шмат нюансаў, рабочых момантаў, якія мы аператыўна вырашаем. У перспектыве – устаноўка дзіцячых пляцовак, каб малышам на прагулках было весялей, — адзначае Таццяна Харошка.
Калектыў захавалі, нагрузкі не зменшыліся
Сёння калектыў установы налічвае 82 работнікі, 36 з іх – педагогі. Вось ужо 17 гадоў узначальвае яго Ігар Дзятлоўскі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», прадаўжальнік настаўніцкай сямейнай дынастыі. Цяжка пераацаніць уклад гэтага таленавітага кіраўніка і педагога ў развіццё школы-інтэрната, дзе кожны выхаванец адчуваў сябе ў адной вялікай сям’і. Шмат намаганняў прыклаў кіраўнік для рэарганізацыі ўстановы.
— Увесь калектыў удзячны Ігару Міхайлавічу за захаванне рабочых месцаў, за тое, што створаны добрыя ўмовы для плённай працы, педагогі, іншыя работнікі забяспечаны ўсім неабходным, — гаворыць старшыня прафсаюзнай арганізацыі педагог-арганізатар Ірына Пятроўская.
Шмат пытанняў даводзіцца штодзённа вырашаць і найпершым памочнікам кіраўніка намеснікам дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Марыне Канарскай і Таццяне Харошка. Дзеляцца вопытам, працягваюць працаваць у пенсіённым узросце сапраўдныя патрыёты школы настаўніцы Зоя Макляк, Людміла Жохавец, Вера Вайцяховіч, Крысціна Філістовіч.
Сёлета прыйшлі новыя педагогі. Малады спецыяліст Аліна Казлова, настаўніца англійскай мовы, прыехала пасля заканчэння Мазырскага педуніверсітэта. Яна гаворыць, што з першага дня адчувае падтрымку, дапамогу старэйшых калег. Ёй выдзелілі месца ў інтэрнаце кватэрнага тыпу. Умовамі малады спецыяліст задаволена. Аліна ўпэўнена адчувае сябе на ўроках. Расказвае, што ў жніўні ў час падрыхтоўкі да новага навучальнага года змагла рэалізаваць і свае мастацкія здольнасці: размалявала сцены ў дзіцячым садзе.
Настаўніца пачатковых класаў Ірына Рудкоўская прыехала з Дзяржынскага раёна.
— Мне тут вельмі падабаецца! Радашковічы – прыгожы гарпасёлак з развітай інфраструктурай, у вольны час можна з’ездзіць у сталіцу, маршруткі ходзяць кожныя паўгадзіны, — гаворыць малады педагог, якая з першых урокаў знайшла агульную мову з першакласнікамі.
Ірына Загузава – настаўніца фізічнай культуры, вядзе заняткі па фізкультуры і ў дзіцячым садзе. Раней працавала ў школе-інтэрнаце, а цяпер вярнулася ў дзіцячы сад выхавальніца Алена Клімантовіч. Яшчэ адзін новы спецыяліст — педагог-псіхолаг Таццяна Хацько.
— Школьныя праграмы не змяніліся, настаўнікі працуюць, як і раней, у некаторых нават павялічыліся нагрузкі, — зазначае Таццяна Харошка.
Яе словы пацвердзілі і самі педагогі, з якімі мы размаўлялі ў час перапынку.
Для старшакласнікаў – прафесіі сакратара і сталяра
На базе вучэбна-педагагічнага комплексу арганізаваны адукацыйны працэс па праграме прафесійнага навучання для вучняў 10-11 класаў. Дзяўчаты тут могуць набыць прафесію сакратара, хлопцы – сталяра. Займаюцца яны па суботах. Прыязджаюць сюды таксама навучэнцы Аляхновіцкай і Радашковіцкай сярэдняй школ. З дзесяцікласніцамі заняткі праводзіць Таццяна Харошка, адзінаццацікласніцы займаюцца з Марынай Канарскай. Хлопцаў знаёміць з сакрэтамі работы з дрэвам настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Асіповіч.
За многія дзесяцігоддзі ў гэтай установе адукацыі шмат здабыткаў, добрых традыцый. Безумоўна, яны будуць працягвацца. Як і раней, кожны вучань абавязкова пабывае ва ўнікальным школьным музеі, даведаецца аб дасягненнях былой школы-інтэрната. І ўжо сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі ўпішуць свае яркія старонкі ў гісторыю рэарганізаванай навучальнай установы.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.