Новости Молодечно и Молодечненского района

Начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Іна Драпеза: «Беларускую і рускую мовы будзем вывучаць больш грунтоўна»

  • 2022-08-16 05:42:03
  • Ірына Рабушка

Хутка адкрыецца спартыўная пляцоўка

 -- Колькі ўстаноў адукацыі Маладзечаншчыны прымуць дзяцей першага верасня? Магчыма, праведзена рэарганізацыя?

-- Будуць функцыянаваць 46 дашкольных устаноў, а таксама 28 школ і 5 гімназій. Хоўхлаўскі вучэбна-педагагічны комплекс рэарганізаваны ў дзіцячы сад. Самыя малаколькасныя  (вучняў не больш за 40) – Селеўская, Раёўская і Гарадокская базавыя школы.

Дашкольнай адукацыяй будуць ахоплены прыкладна 5,5 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, 15,5 тысяч вучняў прыйдуць у школы і гімназіі. Упершыню пераступяць парог дзіцячых садоў каля тысячы выхаванцаў, а першакласнікаў у нас паўтары тысячы. Колькасць дзяцей змяншаецца нязначна.

-- Якія фінансы давялося патраціць, каб прывесці ў належны стан установы адукацыі?

-- З абласнога і раённага бюджэту выдаткавана каля паўтара мільёна рублёў. Сродкі накіраваны найперш на ліквідаванне недахопаў па прадпісанням камітэта дзяржкантролю, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама на прыняцце мер  супрацьпажарнай бяспекі.

Зроблены бягучы рамонт дахаў і фасадаў, добраўпарадкаванне тэрыторый, электрамантажныя работы. Завяршаецца капрамонт пераходнай галерэі ў Чысцінскай сярэдняй школе. Працягваюцца работы па будаўніцтве шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі, адкрыццё якой запланавана на жнівень-верасень у СШ №12.

 «Адзінка» і «двойка» сталі нездавальняючымі  

 -- У чым асаблівасці па арганізацыі новага навучальнага года?

-- З уступленнем у сілу новага Кодэкса аб адукацыі зменяцца віды ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі: яслі-сады будуць перайменаваны ў дзіцячыя сады, вучэбна-педагагічныя комплексы – у школы. З’явіцца магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю на даму (па медыцынскіх паказаннях). Адпаведныя ўстановы змогуць рэалізоўваць праграму дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі.

Зацверджаны Дзяржаўны школьны стандарт, галоўныя мэты якога забяспечыць эфектыўны адукацыйны працэс, бяспечныя ўмовы знаходжання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, умацаванне дысцыпліны і правапарадку. Асабліва важна дасягнуць супрацоўніцтва і ўзаемападтрымкі між усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

З мэтай гэтага і павышэння прэстыжу, статусу нашай прафесіі зацверджаны Правілы (у пераліку – дзесяць) педагагічных работнікаў. Згодна з дакументам, яны павінны, напрыклад, захоўваць тайну асабіста даверанай ім інфармацыі, а ў медыяпрасторы – этычныя прынцыпы і нормы. Безумоўна, кожны прадстаўнік прафесіі павінен быць сумленным, шчырым, справядлівым і адкрытым для стасункаў.

-- Якія асноўныя новаўвядзенні будуць непасрэдна ў адукацыйным працэсе?

--  Адбыліся змены ў выніковай атэстацыі навучэнцаў па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля дзявятага класа прадугледжаны абавязковыя экзамены па беларускай і рускай мовах (пісьмовыя пераказы), матэматыцы (экзаменацыйная работа таксама пісьмовая). Новы іспыт -- па гісторыі Беларусі: у білетах – вусныя і практычныя заданні.

Пасля 11-га класа – выніковыя цэнтралізаваныя экзамены па матэматыцы, беларускай або рускай мове (па выбары навучэнцаў).

Па замежнай мове па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў новым навучальным годзе іспыт праводзіцца не будзе.

Адпаведна тыпавым вучэбным планам, для ўсіх 9-класнікаў у курс гісторыі Беларусі ўводзіцца абавязковы вучэбны модуль «Вялікая Айчынная вайна». У 10-11 класах на вывучэнне беларускай і рускай моў адведзена на гадзіну больш у тыдзень, чым раней, на замежныя – на гадзіну менш.

Таксама з новага навучальнага года здавальняючымі стануць адзнакі ад трох да дзесяці балаў, нездавальняючымі --  нуль, адзін і два (да гэтага быў толькі «0»). 

Забягаючы наперад, заўважу, што з наступнага 2023/2024 навучальнага года плануецца правядзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. Яго мяркуецца арганізоўваць раз у два гады ў камп’ютарным фармаце анкетавання. Прадмет вывучэння – вынікі ацэнкі функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў.

 Пайшоў у школу – атрымаў прафесію

 -- Ужо ў час вучобы старшакласнікі могуць атрымаць тую ці іншую прафесію альбо выбраць для сябе профільную накіраванасць для далейшага паступлення ў ВНУ…

-- Гэтыя накірункі дзейнасці мы прадоўжым. Як і раней, запланавана адкрыццё профільных класаў (10-11-х) з вывучэннем на павышаным узроўні беларускай, рускай, замежных моў, матэматыкі, біялогіі, хіміі, фізікі, грамадазнаўства, гісторыі Беларусі, фізічнай культуры і здароўя. Таксама будуць профільныя класы педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, прававой, аграрнай накіраванасці.

Разам з гэтым, на базавым узроўні ў рамках вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне» можна атрымаць запатрабаваныя на рынку працы прафесіі -- повара, тынкоўшчыка, афіцыянта, сталяра, прадаўца, сакратара, агента па турызме, электраманцёра па эксплуатацыі электралічыльнікаў, аператара ЭВМ, кандытара, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і нават медыцынскай сястры. Неабходныя ўмовы для гэтага створаны як у школах, так і ў мясцовых каледжах.

-- З асаблівым настроем чакаюць 1 Верасня маладыя спецыялісты. Колькі іх сёлета прыйдзе ў сферу адукацыі раёна?

-- Нашым упраўленнем пададзены 133 заяўкі. Маладыя спецыялісты прыбываюць па месцы назначэння. У іх ліку настаўнікі пачатковых класаў, гісторыі, замежных моў, выхавацелі. Адметна, што на малую радзіму вяртаюцца маладзечанцы. Але мы таксама рады і іншагароднім, паколькі нярэдка яны застаюцца ў нашым раёне і  замацоўваюцца ў прафесіі.

Фота: Аляксей Платко