Новости Молодечно и Молодечненского района

На ўроку пачулі, на экскурсіі ўбачылі

  • 2022-04-12 08:44:32
  • Анжаліка Крупянькова

Экскурсія стала адным з мерапрыемстваў рэспубліканскага пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні экскурсій для вучняў 10-11 класаў у рамках вывучэння школьных прадметаў, што рэалізуецца ў навучальных установах краіны ў 2021-2022 гадах.

— Гэты праект вельмі карысны. Ён дае магчымасць педагогам удасканальваць навучальны працэс, а вучням замацоўваць атрыманыя веды, у дадзеным выпадку – на уроках беларускай літаратуры, якую выкладае вопытная настаўніца Тамара Пшэннік. Візуальнае ўспрыняцце матэрыялу вельмі важна для лепшага яго засваення, — пераканана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Красненскай СШ Ларыса Карчміт, якая курыруе рэалізацыю праекта ў навучальнай установе.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры старшакласнікі пабывалі разам з класным кіраўніком Марынай Роўда.

Яны з цікавасцю разглядалі рукапісы, пісьмы, асабістыя рэчы класікаў беларускай літаратуры Янкі Брыля, Івана Мележа, Івана Шамякіна і іншых. Уважліва слухалі расповед аб няпростым лёсе беларускіх творцаў, якія прайшлі праз сталінскія рэпрэсіі.

Створаны ў музеі інтэр’ер рабочага кабінета дае ўяўленне аб пісьменніцкіх буднях: вялікая бібліятэка, друкарская машынка, таршэр, пісьмовыя прылады, гадзіннік, сувеніры…

— Сярод музейных экспанатаў шмат кніг з аўтографамі паэтаў, празаікаў, перакладчыкаў, літаратуразнаўцаў. Дакументы — пасведчанні, атэстаты, пісьмы, запрашальныя білеты, здымкі — сведчаць аб значнасці грамадска-культурнай дзейнасці беларускіх паэтаў, — дзеліцца ўражаннямі дзесяцікласніца Саміра Акбарыян.

— А мне запомніліся афішы твораў сучасных беларускіх аўтараў, якія былі экранізаваны і па якіх пастаўлены спектаклі. Звярнуў увагу і на асобную экспазіцыю са здымкамі пісьменнікаў, удастоеных звання «Народны пісьменнік Беларусі», — далучаецца Іван Іваноў.

— Спадзяюся, што ў час знаёмства з экспазіцыяй музея юнакі і дзяўчаты атрымалі шмат карыснай інфармацыі і лепш будуць разумець, як развіваўся літаратурны працэс у Беларусі, — адзначае Марына Роўда.

А ў красавіку адбудзецца чарговая экскурсія для вучняў 11 класа Красненскай школы ў рамках вывучэння прадмета «дапрызыўная падрыхтоўка». Разам з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Дзмітрыем Роўдам яны наведаюць гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў КРАСНЕНСКАЙ СШ.