У год, які праходзіць пад знакам 135-годдзя Янкі Купалы, мы даведаліся гісторыю стварэння ўнікальнай мазаікі з выявай Янкі Купалы, якая знаходзіцца ў СШ №5. Зрэшты, на ёй ёсць таксама выявы Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Браніслава Тарашкевіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Гэтыя творцы маюць непасрэднае дачыненне да беларускага кнігадрукавання, якому сёлета спаўняецца 500 гадоў.
Фотаздымак мазаікі і сціплая інфармацыя пра яе змешчаны ўсяго ў некалькіх радках «Беларускай савецкай энцыклапедыі». Год стварэння серыі пано «Выдатныя дзеячы Беларусі» – 1986-ы. Але настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №5 Галіна Тумаш гаворыць, што гэта дата памылковая. У жніўні 1986 года яна як малады спецыяліст прыйшла ў школу па размеркаванні пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
— Выкладка мазаікі ў маё першае працоўнае лета не праводзілася. Магчыма, у гэты час ствараўся праект, — заўважае яна. — За работу ўзяліся ў 1987-м бліжэй да летніх канікул і завяршылі ў верасні. У тое лета якраз распачалі капітальны рамонт школы. Дарэчы, тады глабальнае добраўпарадкаванне ва ўстановах адукацыі планава праводзілася кожныя пяць гадоў і выконвалі яго шэфскія арганізацыі, у нас гэта быў станказавод. Пятую школу выбралі для размяшчэння пано, бо тады яна была адзінай у горадзе, будынак якой захаваўся ў першапачатковым вы-
глядзе, без усялякіх прыбудоў і маштабнай рэканструкцыі.
Знаходзіцца пано на сцяне ў фае і займае плошчу каля 10 метраў у даўжыню і каля трох — у вышыню. Кожны творца выкладзены на асобным пано.
— Чаму спыніліся менавіта на іх — патлумачыць проста, — працягвае Галіна Тумаш. — Янка Купала наш таленавіты зямляк. Лёс Максіма Багдановіча таксама звязаны з Маладзечаншчынай – як вядома, пэўны час ён жыў у Ракуцёўшчыне. Браніслаў Тарашкевіч выкладаў у Радашковічах, дзе раней была гімназія. Акрамя гэтага, ён з’яўляецца аўтарам першай «Беларускай граматыкі для школаў». Жыццё Алаізы Пашкевіч не пераплятаецца з Маладзечаншчынай, яе радзіма – Шчучынскі раён, што на Гродзеншчыне. Але менавіта яна аўтар па сутнасці першага беларускага буквара «Лемантар». Гэта, безумоўна, значная падзея ў гісторыі айчыннай адукацыі і кнігадрукавання. А Францыск Скарына нёс асвету ў народ. Невыпадкова на манументальным творы выява першадрукара размешчана ў цэнтры.
Ініцыятарам серыі пано стаў мастак Святаслаў Палівода, распрацоўваў праект Віктар Камлюк. Тады яны працавалі ў маладзечанскім філіяле Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Ажыццяўляў задуму Віктар Барабанцаў, вядомы ў нашай краіне мастак, жывапісец, манументаліст. Дапамагалі яму рабочыя. У якасці матэрыялу выкарысталі прыродную смальту ў выглядзе невялікіх прамавугольнікаў.
— У нашу ўстанову смальту прывезлі з Мінска. Яна была расфасаваная па колерах у драўляных скрынях, — далучаецца да размовы дырэктар школы Яўгеній Макарэвіч. – Пра гэта мне расказаў мой папярэднік Ананій Асіповіч. Ён таксама гаварыў, што неаднойчы творцы, занятыя выкладкай мазаікі, настолькі паглыбляліся ў працэс, што працавалі да позняй ночы. Іншым разам начавалі ў актавай зале/
Дарэчы, папярэдні дырэктар школы А. К. Асіповіч гаварыў Макарэвічу, што гэта серыя пано як помнік культурнай спадчыны знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА. Праўда, дакументальнага пацвярджэння няма.
З гісторыяй стварэння манументальнага твора настаўнікі СШ №5 знаёмяць вучняў ужо з пачатковых класаў. Менавіта з агляду серыі пано пачынаюцца ўсе экскурсіі, якія праводзяцца для гасцей установы. Як вядома, СШ №5 падтрымлівае сяброўскія адносіны з Хайнбергскай гімназіяй нямецкага горада Гётынгена. Часам члены дэлегацый, паглядаючы на беларускіх творцаў, думаюць, што яны вучыліся тут.
Дарэчы, мазаіка магла не захавацца да гэтага часу. Напярэдадні Рэспубліканскага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011» у СШ №5 хацелі правесці добраўпарадкаванне фае і дэманціраваць пано.
— Выратавала невялічкая кніжка «Школы сёння», надрукаваная яшчэ ў 1989 годзе ў сталічным выдавецтве «Беларусь» на англійскай мове для іншаземцаў як прэзентацыя ўстаноў адукацыі краіны. У іх лік трапіла і наша школа са здымкам будынка і мазаікі, — працягвае Яўгеній Васільевіч. – Гэту кнігу аднеслі ў райвыканкам, і серыя пано засталася.
Пагутарылі мы і з мастаком Рыгорам Мяжуевым, які ў 1985 годзе прыйшоў працаваць у СШ №5 (цяпер выкладае малюнак і кампазіцыю ў гімназіі-каледжы мастацтваў). Безумоўна, яму было цікава назіраць за тым, як ствараюць манументальны твор.
– Каб мазаіка не блішчэла, выкарыстоўвалі мылавар, — расказвае Рыгор Васільевіч. – Я ўжо тады разумеў, што гэта ўнікальная работа, якую трэба берагчы.
Мазаіка пад аховай ЮНЕСКА?
У вядучага метадыста па помніках і музейнай справе ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма» Іны Каханоўскай мы пацікавіліся, ці магла серыя мазаічнага пано СШ №5 з’яўляцца помнікам культурнай спадчыны і знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА.
— У нашай краіне ўсяго чатыры такія аб’екты. Белавежская пушча была ўнесена ў спіс першай – у 1992 годзе. З 2000-га ў ім значыцца Мірскі палацавы комплекс, з 2005-га — рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы з цудоўным палацам і геадэзічная дуга Струвэ. Сярод помнікаў культурнай спадчыны, дарэчы, ёсць і адзіны старадаўні беларускі абрад — «Калядныя цары». 26 аб’ектаў нашага раёна ўключаны ў дзяржаўны пералік гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, зацверджаны Міністэрствам культуры краіны. Але серыя пано «Выдатныя дзеячы Беларусі» ў ім не значыцца, — заўважыла Іна Феліцыянаўна.
— Ці маглі згубіцца дакументы наконт таго, што манументальны твор знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА?
— Тэарэтычна такое магчыма. Але гэта той выпадак, калі ісціну даведацца лёгка. Зрэшты, кіраўніцтва школы можа звярнуцца да мясцовых улад, каб пано разгледзелі як прэтэндэнта на помнік культурнай спадчыны. Неабходна сабраць пэўны пакет дакументаў, які потым будзе перададзены ў Міністэрства культуры краіны. Наданне матэрыяльным і нематэрыяльным праявам творчасці чалавека статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці праводзіцца згодна з законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей». Праўда, працэс можа зацягнуцца на некалькі гадоў.
… Але не так і важна, прызнаны аб’ект помнікам культурнай спадчыны ці не. Найперш сваю гісторыю і традыцыі мы павінны захоўваць самі. Гэта тое, на падставе чаго мы памятаем свае карані і вучымся цаніць мінулае.