У Лебедзеве праводзіў сустрэчу з мясцовым актывам, дэпутатамі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Маркевіч. Затым ён завітаў у школу, падарыў халадзільнік, які навучальнай установе быў вельмі патрэбны.
Іван Станіслававіч пагаварыў з вучнямі, распытаў іх пра вучобу, захапленні і пацікавіўся, ці ведаюць яны вершы пра маму (сустрэча адбылася напярэдадні Дня маці). Найбольш уразіў дэпутата верш, які прачытала чацвёртакласніца Маша Каралёва. Матуля ў ім параўноўваецца з зямным анёлам, які аберагае і ахоўвае сваіх дзяцей. У гэты ж дзень праз некалькі гадзін у гарадскім Палацы культуры адбылося абласное свята да Дня маці. Расчулены выступленнем дзяўчынкі, Іван Маркевіч запрасіў Машу на ўрачыстасць. З-за занятасці на рабоце мама Кацярына Каралёва не змагла яе суправа-
джаць, таму ў Маладзечна дзяўчынка паехала са сваёй другой мамай – настаўніцай пачатковых класаў Таццянай Цыбульскай.
— Я першы раз была ў Палацы культуры, ён вельмі прыгожы і велічны, — дзеліцца ўражаннямі Маша. – Перад пачаткам свята ля Палаца я яшчэ раз прачытала свой верш, а потым мне падарылі вялікую мяккую цацку. Мне спадабаўся канцэрт, нібыта і цяпер чую прыгожыя галасы спевакоў. Вельмі ўдзячная за такі падарунак Івану Станіслававічу, а таксама сваёй настаўніцы Таццяне Іванаўне, якая знайшла для мяне гэты верш. Ён падабаецца і мне, і маёй маме!
— Калі першы раз Маша яго расказала, я плакала, — прызнаецца Кацярына Каралёва.
І з пяшчотай расказвае, што старэйшая дачушка з маленства расла вельмі ўдумлівай і ўседлівай. Дзякуючы бабулі Галіне Антонаўне Маша ў тры гады навучылася чытаць, а затым і пісаць літары. Замест калыханкі мама расказвала ёй «Муху-Цакатуху» Карнея Чукоўскага – доўгую казку, якую дзяўчынка таксама вывучыла. Цяпер чытае яе малодшай сястрычцы Лізе.
Дарэчы, сям’я Каралёвых пераехала ў Лебедзева з Мінска. Тата Машы Сяргей Міхайлавіч жыве тут даўно, яго бацькі перасяліліся сюды 20 гадоў таму. Па прафесіі ён будаўнік, выдатны аддзелачнік. Так атрымалася, што ён рабіў рамонт у кватэры калегі Кацярыны. Яна запрасіла маладых людзей на чай, пазнаёміла. І паміж імі ўспыхнула іскрынка, якая перарасла ў вялікае каханне, дзеля якога карэнная мінчанка не пабаялася перабрацца ў вёску.
— Ніколькі не шкадую! Тут выдатныя людзі, прыгожая прырода, чыстае паветра. І добрая інфраструктура – усё ёсць для жыцця, — гаворыць жанчына, якая працуе прадаўцом у мясцовым магазіне «Удобный».
— У маіх дачушак ёсць яшчэ адзін добры анёлак – мая свякроў Галіна Антонаўна. Яна прыняла мяне шчыра і з адкрытай душой, вельмі любіць Машу і Лізу, даглядае іх, калі мы з мужам на рабоце. Я ёй бязмежна ўдзячная, гэта выдатны чалавек, клапатлівая мама і бабуля.
З удзячнасцю гаворыць Кацярына і пра зацікаўлены, прафесійны калектыў школы, пра настаўніцу Машы Таццяну Іванаўну Цыбульскую.
А педагог, у сваю чаргу, адзначае, што такія вучні, як Маша – падарунак для настаўніка: дзяўчынка вельмі старанная, добрая, адказная. Яна моцная вучаніца, займаецца на «дзявяткі» і «дзясяткі». Марыць стаць дызайнерам адзення, а пакуль шые ўборы сваім лялькам, захапляецца лепкай.
Усё ў гэтым жыцці невыпадкова. Добрая, любячая сям’я, зацікаўленыя педагогі шмат уклалі ў дзесяцігадовую дзяўчынку, якая радуе поспехамі сваіх блізкіх, сваю школу.
Фота: АЎТАР і Аляксей Платко.