Новости Молодечно и Молодечненского района

«Маладзечна -- жывы, музыкальны горад...»

  • 2018-10-24 05:38:43
  • Лилия Липницкая

Упершыню група валанцёраў прыехала ў наш горад, каб перадаць гуманітарны груз у адну з сацыяльных устаноў. Цяпер гуманітарны складальнік стаў часткай маштабнага супрацоўніцтва.

— За гэтыя гады вучні і педагогі дзвюх навучальных устаноў рэалізавалі некалькі праектаў практычнай накіраванасці па праграме фонду «Усходняя Еўропа». Напрыклад, у галіне экалогіі, радыяцыйнай медыцыны… Але самым важным лічу абмен групамі дарослых і дзяцей. Гэта дазваляе пазнаёміцца з усімі бакамі жыцця, традыцыямі нашых краін, сістэмай адукацыі, культурай, гісторыяй, — расказаў дырэктар СШ №5 Яўгеній Макарэвіч і адзначыў унікальнасць гэтых сувязей: ні адзін праект у Беларусі не прадугледжвае доўгатэрміновае навучанне школьніка ў Германіі, як гэта адбываецца ў нас.
Шмат гадоў супрацоўніцтва навучальных устаноў з беларускага боку курыравала настаўніца нямецкай мовы Зоя Дылеўская. Цяпер яе змяніў малады педагог Дзмітрый Кароль. У верасні школа прымала чарговую групу замежных сяброў — дзвюх выкладчыц і адзінаццаць гімназістаў.

Тэмай праекта сёлета стала культурнае ўзаемадзеянне дзвюх краін праз песню і танец. Праграма знаходжання гасцей з Гётынгена была вельмі  насычанай. Яны пазнаёміліся з работай музея і бібліятэкі, пабывалі ў дзіцячай школе мастацтваў. У цэнтры культуры «Расток» госці развучылі беларускія танцы, для іх правялі экскурсію па Палацы культуры, запрасілі на творчыя майстар-класы. Таксама для нямецкіх сяброў была арганізавана паездка ў сядзібу М.К. Агінскага ў Залессе і наведванне спектакля «Маленькі прынц» у сталічным тэатры оперы і балета.

Госці былі ў захапленні ад наведвання музычнага каледжа: яны пачулі гучанне незнаёмых раней інструментаў, убачылі, як праходзяць заняткі па навучанні музыцы, і нават трапілі на рэпетыцыю оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт», якую праводзіў маладзёжны тэатр.

— Аказваецца, Маладзечна — жывы, музыкальны горад. У вас вялікае значэнне надаецца развіццю моладзі, ёсць магчымасць знайсці творчае хобі і вызначыцца з прафесіяй. У горадзе шмат канцэртных пляцовак, — падзялілася ўражаннямі Лінда Шлегель, выкладчыца замежных моў Хайнбергскай гімназіі.

Штогод лепшыя вучні СШ №5 на шэсць месяцаў адпраўляюцца на вучобу ў Германію ў якасці стыпендыятаў, пагружаюцца ў нямецкаязычнае асяроддзе, жывуць у сем’ях, падарожнічаюць па краіне. Гэта паднімае веданне мовы на вельмі высокі ўзровень, дазваляе асвоіць прэстыжныя спецыяльнасці ва ўніверсітэтах, стаць запатрабаванымі спецыялістамі і паспяховымі людзьмі.


Былы куратар праекта і цяперашні: З. Дылеўская і Дз. Кароль.

10-класніцы СШ №5 Аляксандра Цясленка і Юлія Дземідовіч на працягу сямі месяцаў жылі і вучыліся ў Германіі. Што стала для іх самым яркім успамінам?

Юлія ДЗЕМІДОВІЧ:
— Святкаванне Новага года і Каляд. Гётынген казачна ўпрыгожаны, на плошчах зіхацяць агнямі калядныя кірмашы, прадаецца мноства мілых сувеніраў. Тое, што адбывалася, здавалася мне чымсьці нерэальным, кадрамі з прыгожага кінафільма...

Аляксандра ЦЯСЛЕНКА:
— Узаемаадносіны дарослых і дзяцей. На мой погляд, яны больш давяраюць адзін аднаму, адкрыта і спакойна абмяркоўваюць любыя жыццёвыя пытанні і праблемы. Размаўляюць не як старэйшыя і малодшыя, а як роўныя, як сябры.