Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечанка прывезла ўзнагароду з міжнароднага конкурсу кандытараў

  • 2016-12-09 11:44:44
  • Ірына Рабушка

Мерапрыемства з’яднала больш за сотню ўдзельнікаў – прафесіяналаў, аматараў і юніёраў (тых, хто набывае адпаведныя спецыяльнасці). Апошняя катэгорыя, у якой выступала наша Даша, была самай масавай. Пятнаццаць навучэнцаў і студэнтаў прапанавалі на суд міжнароднага журы (прафесіяналаў кандытарскай вытворчасці) вырабы з масцікі, карамелі, пасцілы і шакаладу. Дар’я аддала перавагу апошняму. Варта заўважыць, што выраб ласункаў і тым больш творчых шэдэўраў з шакаладу вельмі складаны. Для работы з ім неабходныя пэўныя тэмпература паветра (+18 +20 градусаў) і вільготнасць (70 працэнтаў). Дар’я надзявала сіліконавыя пальчаткі і штораз ахалоджвала рукі ў вадзе, каб шакалад не таяў.

На працягу трох тыдняў дзяўчына рыхтавалася да конкурсу. Надзейнай дарадчыцай і натхняльніцай была выкладчыца спецдысцыплін Жанна Талькоўская. Каб выхаванцам даць як мага больш ведаў у мастацтве шакалацье, яна прайшла спецыяльныя курсы пры прафесіянальна-тэхнічным каледжы хлебапячэння ў Мінску.

«Натхненне» — так назвала Дар’я кампазіцыю, якую прадставіла на міжнародным чэмпіянаце. На яе спатрэбілася тры з паловай кілаграмы нямецкага шакаладу – малочнага, горкага і белага. Чаму не беларускага? Адказ просты: у свабодным продажы няма прыгоднага для такіх мэт.

Немагчыма адшукаць таксама айчынныя інструменты, прылады для вырабу мастацкіх работ з шакаладу. Таму даводзілася прыстасоўваць тыя, што былі ў арсенале. Творчае мысленне зрабіла сваю справу. Дапамаглі Дар’і ажыццявіць задуманае і даўнія яе хобі – саломапляценне і выцінанка.

Дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ў свой час навучыла яе Вольга Маслава (гэтага майстра добра ведаюць у нашым раёне). Здольная вучаніца тонка адчувае матэрыял, з якім працуе, і ўвасабляе самыя смелыя ідэі. Як і яе браты – родны і стрыечны, Даша марыць звязаць сваю прафесію з харчовай прамысловасцю, больш блізкая дзяўчыне кандытарская справа. А першыя ўрокі кулінарыі яшчэ ў раннім дзяцінстве ёй дала мама. Цяпер Дар’я сама праводзіць майстар-класы.