На кастынг у Белтэлерадыёкампанію
На працягу амаль дзесяці гадоў кіруе СШ №9 Юрый Вяршыцкі. У нашым раёне толькі два дырэктары навучальных устаноў выкладаюць беларускую мову і літаратуру – Юрый Уладзіміравіч і Алена Гарбачова, якая ўзначальвае гімназію №3. Да слова, пераважная большасць кіраўнікоў – гісторыкі.
Дырэктар СШ №9 Юрый Вяршыцкі трымае торт з сімвалічнай лічбай.
– Любоў да роднай мовы з дзяцінства мне прывіла мама, яна на працягу васьмі гадоў была маёй настаўніцай у школе (Антаніна Вяршыцкая выкладала беларускую мову і літаратуру на Валожыншчыне, адкуль родам і Юрый Уладзіміравіч. – Аўт.), – расказвае ён. – Затым у Лідскім педагагічным вучылішчы ў мяне была вельмі патрабавальная і строгая настаўніца Яніна Будзішка. Яна залажыла настолькі трывалы фундамент ведаў, што пасля двухгадовай службы ў арміі без усялякіх праблем я паступіў на філалагічны факультэт педуніверсітэта ў Мінску.
Напэўна, многія з тых, хто хоць аднойчы чуў голас Юрыя Уладзіміравіча, пагодзяцца з тым, што ён у яго без перабольшвання дыктарскі.
– Гэта ў мяне ад прыроды, – усміхаецца субяседнік. – Аднойчы нават удзельнічаў у кастынгу вядучых у Белтэлерадыёкампаніі. Але маё жыццё – школа. Я «выкарыстоўваю» свой голас для музычных заняткаў: люблю спяваць з дочкамі пад гітару.
Шлях да поспехаў
Пра кожнага прадстаўніка калектыву СШ №9 можна пісаць асобны матэрыял. Лепшыя традыцыі гэтай установы залажыў першы дырэктар Пётр Ханенка, выкладчык гісторыі. Юрый Уладзіміравіч прыняў эстафету ад сваёй папярэдніцы Каліны Капуцкай (яна таксама гісторык), якая цяпер узначальвае СШ №14.
– Для мяне як для дырэктара вельмі важна, каб школа была паспяховай, дзеці атрымлівалі асалоду ад навучання, а настаўнікам было камфортна на сваіх месцах, – працягвае Юрый Вяршыцкі. – Мы разам імкнёмся да высокіх вынікаў дзейнасці. Як настаўніку мне хочацца большай зацікаўленасці вучняў роднай мовай, лепшага валодання ёю. Каб дзеці разам з бацькамі больш прызвычайваліся да чытання кніг. Асабіста я аддаю перавагу творчасці Уладзіміра Караткевіча. Увогуле, наша школа адрозніваецца ад многіх іншых. Калі можна так сказаць, гэта асобная дзяржава. У нас вучацца дзеці, якія жывуць у Залінейным раёне, як і пераважная большасць нашых педагогаў. У гэтым навучальным годзе ў школе самы вялікі за апошнія гадоў дваццаць набор першакласнікаў – 104 хлопчыкі і дзяўчынкі, сфарміраваны чатыры класы. Цяпер у нас 715 вучняў, за апошнія пяць гадоў іх колькасць павялічылася прыкладна на 150. Яно і не дзіўна. Мікрараён актыўна будуецца, да таго ж тут узводзіцца арэнднае жыллё.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Каханоўская ўручае Ганаровую грамату настаўніцы англійскай мовы Вікторыі Хасаншынай.
У вучняў «дзявятай» нямала перамог у алімпіядах па беларускай, рускай, іспанскай мовах, біялогіі, гісторыі. Асабліва моцныя спартыўныя традыцыі. Скарбонка дасягненняў поўніцца ў многім дзякуючы настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Алене Віктаравай. Прычым яна займаецца не толькі выкладчыцкай дзейнасцю, але і на узроўні вобласці і рэспублікі ўдзельнічае ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння ўрокаў. У ліку яе алімпіяднікаў і цяперашнія старшакласнікі Бажэна Касабуцкая, Аляксандр Лапчук. Свой «канёк» ёсць і ў настаўніцы Алы Кулага. Яна падрыхтавала нямала выдатных валейбалістаў – як хлопцаў, так і дзяўчат. Па даўняй традыцыі на дзень сустрэчы з выпускнікамі ў «дзявятай» ладзяць валейбольны турнір сярод іх і вучняў (апошнія звычайна ў лідарах).
«Фішкі» расстаўлены
Многія навучэнцы вяртаюцца ў родную школу ў якасці настаўнікаў. Цяпер іх тут 14: матэматык Кацярына Бачарова, інфарматык Таццяна Казлова, педагог-арганізатар Арына Чарнышова, Максім Васільеў (кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання), Марына Дзеніс, якая выкладае іспанскую мову... Менавіта гэты прадмет – яшчэ адна «фішка» «дзявятай». На Маладзечаншчыне яго выкладаюць толькі ў гэтай школе, дзе нават сустракалі сапраўдных іспанцаў. Яны прыязджалі з горада Сарагоса ў рамках абмену вопытам. Наладжаны сяброўскія адносіны з Барысаўскай школай, дзе таксама вывучаюць іспанскую.
Юныя артысты СШ №9.
… Арганізавана ў «дзявятай» і настаўніцкая каманда, якая выступае ў стылі клуба вясёлых і знаходлівых. Як з гумарам гаворыць дырэктар, вялікіх перамог пакуль у яе не было, назва не прыдумана, капітана няма, але ў арсенале жарты добрыя. Курыруе гэту каманду настаўніца фізічнай культуры і здароўя і былая выпускніца Наталля Дзідо, якая нядаўна ўлілася ў калектыў. Яе крэатыўныя ідэі былі выкарыстаны і для святочнага мерапрыемства ўстановы, якое прайшло ў незвычайнай форме ўручэння юбілейнай прэміі «Ніка» «Нам – 50!».
А пачынаючы матэматык Валерыя Гасс у гэтым навучальным годзе аказалася на вяршыні «Педагагічнага дэбюта» – так называецца рэспубліканскі фестываль сярод маладых педагогаў. Валерыя Яўгеньеўна перамагла ў раённым этапе і сёлета прадставіць Маладзечаншчыну «на вобласці».
Сад надзеі
Сярод выпускнікоў СШ №9 ёсць і кіраўнікі мясцовых устаноў адукацыі – Таццяна Камкова (гімназія №10), Людміла Данькіна (Селеўская базавая школа), Алена Кісель (Маркаўская СШ).
Многія былыя вучні прыйшлі на ўрачыстасць. А старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч, які таксама закончыў нашу СШ №9, перадаў віншавальнае прывітанне. Пры яго садзейнічанні аказана і дапамога на суму пяць тысяч рублёў на набыццё мэблі.
– Дзмітрый Феафанавіч неаднойчы бываў у школе, – зазначае Юрый Вяршыцкі. – Толькі за апошнія тры гады дзякуючы яму часткова перакрыты дах на будынку ўстановы, устаўлены шклопакеты ў корпусе для пачаткоўцаў, абноўлена камп’ютарная тэхніка.
Музычны падарунак ад навучэнца Аляксандра Пабуты і яго таты Эдуарда, выпускніка гэтай установы.
Сенатар Каліна Капуцкая да адметнай даты прэзентавала ад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь бытавую тэхніку. Сертыфікат на суму пяць тысяч рублёў на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўручаны ад раённага выканаўчага камітэта, міні-печ – ад раённай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, грашовы сертыфікат на 200 рублёў для стварэння камфортных умоў ва ўстанове педагагічным работнікам – ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».
На ўрачыстасці было шмат педагогаў, ветэранаў.
Цёплыя словы падрыхтавалі калегі, начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Іна Драпеза. Яна адрасавала віншаванні дзецям і іх бацькам, цяперашнім педагогам і ветэранам, якіх таксама запрасілі на ўрачыстасць.
На мерапрыемстве ўручана 50 узнагарод – граматы, падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, райвыканкама, прафсаюза і грамадскіх арганізацый «Белая Русь» і БРСМ. Міністэрствам былі адзначаны намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Брылеўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры Інеса Верамей і Алена Віктарава, пра якую ўжо гаварылася вышэй.
Таксама было ўручана больш за 30 сімвалічных статуэтак «Ніка». Найперш яны прадугледжваліся для самых вопытных работнікаў установы. Сярод іх выкладчыкі беларускай і рускай мовы і літаратуры Алена Івашэвіч (цяпер яна выхавальніца групы падоўжанага дня) і Ірына Балаш, педыятр Галіна Макаранкава.
… Яшчэ восенню пры падтрымцы кіраўніка ДРБУ-195 Аляксандра Каркоткі (з прадпрыемствам школу звязвае даўняя дружба) на тэрыторыі навучальнай установы пасадзілі 25 яблынь. Для вучняў і педагогаў гэта своеасаблівы сад надзеі на яшчэ лепшыя дасягненні і пачатак новай старонкі летапісу школы.
Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў СШ №9.