20.02.2017 14:33

Ёсць свае Кулібіны ў Беразінскім ліцэі

Унікальным распрацоўкам навучэнцаў Беразінскага аграрна-тэхнічнага прафесіянальнага ліцэя няма аналагаў ва ўсёй краіне.

Генадзій Юрэвіч і навучэнцы Дзмітрый Цыбульскі і Яўгеній Онкін. Генадзій Юрэвіч і навучэнцы Дзмітрый Цыбульскі і Яўгеній Онкін. "Маладзечанская газета"

Дзіма Цыбульскі і Жэня Онкін не пабягуць адразу купляць новае зараднае ўстройства для мабільніка, калі зламалася старое. Як і належыць сапраўдным мужчынам, яны паспрабуюць яго адрамантаваць, узброіўшыся паяльнікам. І можна не сумнявацца, што гэта ў іх атрымаецца. Яшчэ больш, ім па сілах самім сабраць тое ж зараднае ўстройства, як і недарагі, але якасны ўзмацняльнік гуку для тэлефона, планшэта, камп’ютара, іншыя прыборы, што прымяняюцца ў паўсядзённым жыцці… Усе гэтыя навыкі навучэнцы беразінскага ліцэя набываюць у аб’яднанні па інтарэсах «Самоделкин», якое вядзе выкладчык спецпрадметаў Генадзій Юрэвіч. Штогод распрацоўкі юных тэхнікаў займаюць прызавыя месцы як на абласным, так і на рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі. Вось і ў мінулым годзе яны атрымалі першае месца ў вобласці. Іх «фішка» — выкарыстанне дэталяў з прыбораў, якія былі ў карыстанні. Напрыклад, лямпы са старых тэлевізараў незаменныя для музычных узмацняльнікаў…

У савецкі час гурткі тэхнічнай творчасці былі амаль у кожнай навучальнай установе. Сёння ж іх можна пералічыць па пальцах. Няпроста знайсці энтузіястаў, якія змогуць адарваць сучасных юнакоў ад камп’ютараў і мабільнікаў, зацікавіць іх тэхнікай. На гэта здольныя толькі вельмі захопленыя людзі.

Першы ўзмацняльнік – у дзесяць гадоў
Генадзій Яўгеньевіч менавіта з такой кагорты. «Цяга да тэхнікі мне перадалася ад бацькі Яўгенія Іларыёнавіча, які выкладаў фізіку, працоўнае навучанне ва Укропаўскай школе. Мама Ірына Іосіфаўна, дарэчы, была яе дырэктарам, — расказвае мой субяседнік. — Тата дазваляў карыстацца яго інструментамі, і я з дзяцінства прыахво-
ціўся да тэхнікі, устаўляў маторчыкі ў свае машынкі, караблікі, самалёцікі – усе яны ездзілі, плавалі, ляталі… У гадоў дзесяць сабраў першы ўзмацняльнік гуку. Тата быў побач: усё ж напружанне ў прыборы было 250-300 вольт».
У Горацкай сельгасакадэміі Генадзій Юрэвіч рамантаваў музычную апаратуру для дыскатэк. Музыку любіў: сам навучыўся іграць на акардэоне, гітары.

Педагагічная жылка
Па спецыяльнасці Генадзій Яўгеньевіч інжынер-механік. Амаль трыццаць гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, быў галоўным інжынерам, намеснікам старшыні сельгаспрадпрыемства «Гарадзілава». Многім маладым механізатарам дапамог стаць сапраўднымі асамі ў сваёй прафесіі, ганарыцца, што іх партрэты перыядычна з’яўляюцца на раённай Дошцы гонару. Без сумненняў, педагагічная жылка ў яго ад бацькоў. Вось ужо восем гадоў ён выкладае ў ліцэі спецдысцыпліны  будучым газаэлектразваршчыкам, механізатарам, вадзіцелям, аўтаслесарам. А пасля заняткаў разам з хлопцамі працуе над стварэннем чарговай тэхнічнай навінкі. Выкладчык са шкадаваннем гаворыць, што сучасную моладзь зацікавіць складана: «Яны ўмеюць здзіўляцца толькі таму, што ўбачаць у інтэрнэце. А каб самім пасядзець, папрацаваць – уседлівасці хапае нямногім. І ўсё ж 12-14 падлеткаў пастаянна наведваюць аб’яднанне па інтарэсах. Сярод іх першакурснікі Руслан Гямбіцкі і Валянцін Міхайлаў, другакурснік Дзмітрый Алімарданаў, трэцякурснікі Вадзім Васюта і Яўгеній Онкін. З цеплынёй успамінае мой субяседнік выпускнікоў Арцёма Юсціневіча, Сямёна Кулёнка, Аляксандра Лагіновіча.

Мультытэстар і іншыя ноу-хау
У мінулым годзе беразінцы занялі трэцяе месца на рэспубліканскім этапе агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці са сваім універсальным мультытэстарам, які можа вызначаць любыя параметры радыёэлектронных інструментаў. Аналагаў яго ў нашай краіне не выпускаецца. Генадзій Яўгеньевіч расказвае, што інфармацыю чэрпаў у інтэрнэце, збіралі прыбор з хлопцамі па кавалачках, камплектуючыя шукалі па знаёмых, заказвалі на розных сайтах. Вялікая ўвага на конкурсах надаецца знешняму афармленню, якасці аддзелкі, зборкі – усё павінна быць бездакорна.
Першае месца на «вобласці» атрымаў лічбавы ўзмацняльнік гуку з пультам дыстанцыйнага кіравання і блютузам. Ён вельмі кампактны і ў той жа час магутны, зручны ў прымяненні.

Сярод цікавых распрацовак мінулых гадоў – устройства для навучання паркоўцы. «Як правіла, навічкам цяжка даюцца бакавая і задняя паркоўкі. Каб аблегчыць навучанне, мы і распрацавалі гэты прыбор. Дзве невялікія скрыначкі прымацоўваюцца збоку і ззаду аўтамабіля, і калі пры паркоўцы вадзіцель пад’язджае блізка да сцяны ці іншага аб’екта, устройства 5-6 разоў падае светлавы і гукавы сігналы», — расказвае субяседнік.

«Забудзьце слова «патэнт»
Слухаючы аб карысці прыбора для паркоўкі, у мяне ўзнікла лагічнае пытанне аб яго практычным прымяненні, укараненні ў вытворчасць. На жаль, ён па-ранейшаму існуе ў адзіным экзэмпляры, яго забралі ў Барысаўскі політэхнічны каледж у… музей. Нават дзіўна, што ніхто не зацікавіўся распрацоўкай беразінцаў.

Як аказалася, далёка не ўсе тэхнічныя ноу-хау знаходзяць прымяненне на практыцы. Хутчэй такія выпадкі – выключэнне з правіл. Калі ж я спытала субяседніка, ці не задумваўся ён над тым, каб запатэнтаваць свае вынаходствы, Генадзій Яўгеньевіч толькі ўсміхнуўся: «Забудзьце слова «патэнт»! Мой калега тры гады спрабаваў запатэнтаваць адну сваю распрацоўку. Пакуль безвынікова. Няхай бы без патэнта  хто зацікавіўся і ўкараніў у вытворчасць, я быў бы толькі рады».

Між тым Генадзій Яўгеньевіч мае шэсць пасведчанняў на свае  рацыяналізатарскія прапановы. Яны зацверджаны саветам рацыяналізатараў і вынаходнікаў ліцэя. Добра, што хаця б на мясцовым узроўні яго распрацоўкі цэняць і прымяняюць на практыцы. Лямпавыя ўзмацняльнікі гуку, напрыклад, незаменныя для апаратуры ў актавай і відэазале. Многія выхаванцы па аналогіі таксама зрабілі для сябе ўзмацняльнікі гуку, прымяняюць іх для тэлефонаў, планшэтаў, камп’ютараў. Навучыліся збіраць надзейныя зарадныя ўстройствы для мабільнікаў, аднаўляць лямпавыя радыёпрыёмнікі, у якіх якасць гуку лепшая, чым у лічбавых. Праўда, FM-станцыі па іх не зловіш. Некаторыя юныя ўмельцы для сваіх матуль са звычайных мясарубак зрабілі электрычныя: устанавілі шкіў для электрапрывада, знізу – матор магутнасцю 220 вольт і выключальнік. Адзін выхаванец нават машынку для нанясення татуіровак зрабіў…

Пашанцавала ліцэістам: яны ў любы момант могуць звярнуцца па параду і дапамогу да вельмі захопленага тэхнічнай творчасцю педагога, які здольны павесці за сабой і многаму навучыць. Было б толькі ў хлопцаў жаданне пасябраваць з тэхнікай – у аб’яднанні «Самоделкин» ім заўсёды дапамогуць.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 1884 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.