27.01.2017 15:36

Некалькі сумных гісторый дзяцей з сацыяльнага прытулку

З пачатку года ў Радашковіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пачало працаваць аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулку. Раней яно размяшчалася ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ў Маладзечне. Рашэннем райвыканкама яго перавялі ў школу-інтэрнат, дзе хапае плошчаў, створаны добрыя ўмовы, працуюць вопытныя педагогі.

Некалькі сумных гісторый дзяцей з сацыяльнага прытулку "Маладзечанская газета"


Як прывыкаюць да новых людзей і сцен дзеці, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы? Ці пасябравалі яны з выхаванцамі школы-інтэрната? І самае галоўнае, што чакае іх далей, ці вернуцца яны ў свае біялагічныя сем’і? Каб даведацца пра гэта, мы і завіталі ў Радашковіцкую школу-інтэрнат.

«А вы да каго прыехалі? Можа, да Ільі?» – падбег да нас у фае хлопчык гадоў дзесяці. Незнаёмых дарослых, якія пераступаюць парог гэтай установы, дзеці сустракаюць з надзеяй. А раптам яны акажуцца мамай ці татам, ці хаця б цёцяй ці дзядзем? Як бы добра ні было ў дзяржаўнай установе, у душы кожнага дзіцяці жыве надзея вярнуцца дадому. Яны любяць сваіх бацькоў, нягледзячы ні на што, і іншым разам нават больш прывязаныя да іх, чым дзеці са звычайных сем’яў.
Для выхаванцаў прытулку гэта надзея яшчэ рэальная: іх мамы і таты не пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Пакуль дзеці часова знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, у бацькоў ёсць магчымасць завязаць з п’янствам – галоўнай прычынай сацыяльнага сіроцтва, навесці парадак у доме, уладкавацца на работу. І тым самым пацвердзіць сваё права на бацькоўства і паўнацэннае сямейнае жыццё.

У дзень нашага прыезду ў прытулку было 11 выхаванцаў ад 4 да 14 гадоў.

Дзяўчынак усяго тры, астатнія хлопчыкі. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Харошка расказвае, што напярэдадні яны з калегамі пакалясілі па раёне, аб’ездзілі абсалютна ўсе сем’і, каб вывучыць абстаноўку, пракантраляваць бацькоў. Радуе, што сёння ўсе яны працуюць, з іх заробкаў вылічваюцца грошы за ўтрыманне дзяцей у прытулку. «Хочацца спадзявацца, што большасць з іх зможа пачаць нармальнае жыццё, а значыць, іх сыны і дочкі ў нас надоўга не затрымаюцца», — з надзеяй гавораць сацыяльны педагог Ірына Шабуня і псіхолаг Іна Кудзіна, якія працуюць у аддзяленні прытулку. Расказваюць, што да многіх бацькі прыязджаюць, тэлефануюць. У прытулку, які займае цэлае крыло на першым паверсе, нават абсталявана гасцёўня для іх сустрэч з дзецьмі. Утульныя спальні, пакой для правядзення вольнага часу з мяккімі канапамі, камп’ютарамі, цацкамі на паліцах – умовы выдатныя. Усё прадумана, каб інтэр’еры былі ўтульнымі: зручная сучасная мэбля, прыгожыя пано і малюнкі на сценах, мяккія дываны на падлозе, прыемныя колеры шпалер.

Старэйшыя дзеці вучацца разам з равеснікамі са школы-інтэрната, гавораць, што аднакласнікі іх прынялі прыязна, праблем з адаптацыяй у новым калектыве не было. Дваіх малодшых хлопчыкаў, якім усяго па чатыры гады, водзяць у гарпасялковы дзіцячы сад №1. «Малышоў асабліва шкада, — прызнаецца Ірына Шабуня. – Маёй дачцэ таксама чатыры гады, разумею, наколькі такім дзеткам патрэбна мама. І калі яны з поўнымі слёз вачыма пытаюцца, дзе іх мама, чаму яна не едзе, іншы раз не ведаеш, што адказаць. Тлумачым, што яшчэ не атрымала зарплату, каб купіць білет: вераць і чакаюць…».

У кожнага выхаванца свая сумная гісторыя, свая сямейная трагедыя. Літаральна перад нашым візітам прывезлі дзевяцігадовую дзяўчынку, якую маці замкнула дома з траімі маленькімі брацікамі, а сама сышла невядома куды. Школа забіла трывогу: дзяўчынка не прыйшла на заняткі. Узламалі дзверы, вызвалілі галодных і халодных дзяцей. Хлопчыкаў забрала бабуля, а дзяўчынка сама пажадала паехаць у прытулак.

Пяцёра выхаванцаў — з адной сям’і. Яны ў прытулку не навічкі, жылі пэўны час, калі ён размяшчаўся ў Маладзечне. Маці не спраўляецца з такой вялікай сям’ёй, хаця і не злоўжывае алкаголем. У іх згарэў дом, дзяржава выдзеліла сацыяльнае жыллё, аднак і на новым месцы тыя ж праблемы… У чарговы раз суседзі звярнуліся ў органы апекі: дзеці ходзяць галодныя і недагледжаныя. Цяпер жанчына ўладкавалася на працу на адно з прадпрыемстваў, часта наведвае дзяцей. Хочацца спадзявацца, што ў іх жыцці ўсё наладзіцца і яны будуць разам.

Абыякавасць бацькоў іншы раз проста здзіўляе, наводзіць на думку, што ў некаторых жанчын адсутнічае інстынкт мацярынства. Вось і да прыгожых, разумных, выхаваных брата і сястры часцей прыязджае бацька, чым маці. «Яна зусім раўнадушная», — гавораць педагогі, уся надзея на бабулю з дзядулем, якія выхоўвалі дзяцей, замянялі ім бацькоў. Жыве ў прытулку і дачка былой выхаванкі школы-інтэрната, якая хоць і ўладкавалася на работу на ферму, але жыццё сваё наладзіць ніяк не можа. У яе няма нават грошай на білет, каб прыехаць наведаць дачку.

На жаль, сацыяльнае сіроцтва нярэдка перадаецца ў спадчыну: некаторыя выпускнікі школы-інтэрната так і не змаглі адаптавацца да жыццёвых рэалій. Прывыклі, што дзяржава ўсё вырашала за іх, не навучыліся клапаціцца аб сабе. Магчыма, справа ў спадчыннасці, генах. Хаця нямала прыкладаў, калі ў нядобранадзейных сем’ях вырастаюць выдатныя дзеці, якія становяцца паспяховымі людзьмі, клапатлівымі бацькамі.

Дзяржава сапраўды робіць нямала, каб дапамагчы дзецям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. У выхаванцаў аддзялення дзіцячага прытулку ёсць магчымасць жыць і вучыцца ў добрых умовах, побач з імі клапатлівыя педагогі, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу. Хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць розныя гурткі – майструюць, спяваюць, танцуюць, плаваюць у басейне, зімой катаюцца на лыжах і каньках, ездзяць на экскурсіі і канцэрты, у цырк. Кожны з іх атрымаў падарункі на Новы год, аб якіх марыў. І ўсё ж галоўным падарункам для іх стане вяртанне дадому, да сваіх цвярозых, працуючых бацькоў. Менавіта на гэта і накіравана штодзённая калектыўная праца педагогаў школы-інтэрната.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/obrazovanie/item/853-nekalki-sumnykh-gistoryj-dzyatsej-z-satsyyalnaga-prytulku.html#sigProIdbe1be04948
Прочитано 1819 раз Последнее изменение 27.01.2017 15:36
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.