27.11.2020 15:21

Салодкі смак перамогі навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа

Навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа ў ліку прызёраў міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва.

Анастасія Уладыка. Анастасія Уладыка.

Пляцоўка для творчасці

Праводзіўся чэмпіянат у рамках найбуйнейшай аптовай харчовай выстаўкі-кірмашу Рэспублікі Беларусь «Прадэкспа-2020», якая ў 26-ы раз ладзілася ў Мінску. Яна даўно набыла міжнародны статус і з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для творчасці прафесіяналаў, пачынаючых і будучых спецыялістаў.

— Для нас такія мерапрыемствы выдатная магчымасць cарыентавацца ў патрэбах эканомікі, адчуць тэндэнцыю на рынку працы, каб рыхтаваць канкурэнтаздольных спецыялістаў, — заўважыў дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый Богдан. – У чэмпіянаце ў рамках «Прадэкспа» нашы выхаванцы ўдзельнічаюць ужо ў шосты раз, на іх рахунку нямала перамог. Сёлета ў нас атрымаўся выдатны тандэм вопытных і пачынаючых спецыялістаў, якія дапамагалі рыхтавацца да яго навучэнцам. Прычым на гэты раз свае сілы ў конкурсе спрабавалі і першакурснікі.

Будучыя кандытары плённа працавалі з майстрамі вытворчага навучання Марынай Пяцюк, Аляксандрай Гурскай, Марыяй Нічыпарэнка і загадчыцай аддзялення «Грамадскае харчаванне» Святланай Сакольскай.

Зефірны вецер – звон медалёў

Навучэнцы прадстаўлялі творчыя работы ў трох намінацыях: «Скульптура з пасцілажу» (Гэта масціка ідэальна белага колеру з жэлаціну. – Аўт.)», «Цукровая фларыстыка», «Пернікі 2D і 3D». Здольнасці канкурсантаў міжнароднае журы ацэньвала на працягу аж трох дзён – у іх ліку акрамя беларусаў былі прадстаўнікі з Ісландыі, Польшчы, Расіі. Суддзі працавалі як афлайн, так і анлайн.

Адразу два медалі — сярэбраны і бронзавы — атрымала трэцякурсніца Валерыя Іванова. Журы вельмі ўразілі яе скульптуры. Адна работа называлася «Васілёк — дух лесу». Гэта сапраўдная паляна з ляснымі насельнікамі і кветкамі, у цэнтры якой васілёк вышынёй у… паўметра. Другая скульптура — «Зефір – вецер паўночны». Менавіта пры дапамозе гэтага паветранага ласунку дзяўчына і змагла стварыць вобраз ветру.

Другакурсніца Анастасія Уладыка прыдумала з цукровых кветак і пасцілажу «Белую казку» і яе галоўнага героя вожыка Зосю, якая ўтульна адчувае сябе сярод руж Осціна, альстрамерый, стэфаноцісу, туберуж, галінак плюшчу і эўкаліпта. Аўтар адзначана сярэбраным медалём.

Бронзавая ўзнагарода – таксама ў другакурсніцы Анастасіі Грыбовіч. Яе кампазіцыя «На дубе тым…» сапраўды казачная. Самыя розныя цукровыя кветкі (якія і ад жывых не адрозніш) дзяўчына размясціла ў вазе з пасцілажу ў выглядзе таго самага дуба, аплеценага хмелем.

Бронзавыя медалі і ў першакурснікаў Аліны Палавінскай і Максіма Артамонава. Аліна прапанавала пернікавую кампазіцыю ў 2D- і 3D-фармаце, аформленую каралеўскай глазурай. Усе пернікі аб’яднаныя агульнай тэматыкай паводле персанажаў «Алісы ў краіне цудаў». А Максім зрабіў з пасцілажу тры маскі з філасофскай назвай «Усё жыццё – тэатр» і такім чынам увасобіў тры пары года – вясну, лета, восень.

Усе конкурсныя работы, над якімі навучэнцы, без перабольшвання, чаравалі на працягу двух месяцаў, па традыцыі застануцца ў лабараторыі каледжа. Адных яны будуць здзіўляць, для іншых стануць штуршком для наступных перамог.

Ірына РАБУШКА.

Фота: архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА КАЛЕДЖА.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/obrazovanie/item/8123-salodki-smak-peramogi-navuchentsa-maladzechanskaga-dzyarzha-naga-kaledzha.html#sigProId34a49733af
Прочитано 767 раз Последнее изменение 27.11.2020 15:21
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.