02.08.2019 11:07

Ремонты, техническое обновление, молодые педагоги. Молодечненские школы встречают новый учебный год

У навучальных установах раёна на піку падрыхтоўка да новага навучальнага года. Якіх перамен чакаць педагогам і выхаванцам? Пра гэта і не толькі мы пагаварылі з начальнікам упраўлення па адукацыі райвыканкама Інай Драпеза.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации.


— У якіх установах да першага верасня будуць праведзены найбольш маштабныя рамонтныя работы?

— Найперш гэта тычыцца гарадскога пасёлка Радашковічы. У мясцовай сярэдняй школе рамантуюцца харчблок, абедзенная зала, лесвіцы, мяняюцца вокны, на што пайшло звыш 35 тысяч рублёў. Капітальны рамонт на суму 240 тысяч рублёў праведзены ў садзе-яслях №2 гэтага ж населенага пункта. У належны стан прывядуць два гульнявыя пакоі, спальні, раздзявалкі, душавыя. Заменены вокны ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што каштавала крыху больш за 17 тысяч рублёў. Даволі вялікі аб’ём работ на суму звыш 180 тысяч рублёў праведзены і ў дашкольных установах у Аляхновічах, Беразінскім, у гарадскіх садах-яслях №28, 30, 33, 35. Бягучае добраўпарадкаванне запланавана практычна ў кожнай установе адукацыі. Па неабходнасці ў належны стан прывядуць дахі, падлогі, кабінеты, сталовыя, прыбіральні, іншыя памяшканні і ка-
лідоры. Рамонтныя работы праводзяцца як за грошы раённага бюджэту, так і за пазабюджэт саміх устаноў, у тым ліку папячыцельскія ўзносы. Задзейнічаны на добраўпарадкаванні і адпаведныя маладзечанскія арганізацыі.

— Ці плануецца ўмацаванне тэхнічнага аснашчэння навучальных устаноў?
— Цяпер праводзіцца працэдура дзяржаўнай закупкі трох камп’ютарных класаў і двух мультыбордаў. У новым навучальным годзе з’явяцца камп’ютарныя класы ў СШ №2, гімназіі №3, Хажоўскай СШ, а таксама мультыборды ў Чысцiнскай і Красненскай сярэднiх школах. Для кабінета робататэхнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» набыты тры наборы «LEGO We Do 2.0» і ноўтбук. Гэта адукацыйная платформа, якая дапамагае эфектыўна развіваць у школьнікаў навыкі праграміравання, інжынернага праектавання.

— Раскажыце пра асаблівасці навучальнага працэсу.
— У пераважнай большасці школ і гімназій прадоўжыцца работа па рэалізацыі профільнага навучання асобных прадметаў на павышаным узроўні. А факультатывы дапамогуць развіць творчыя здольнасці навучэнцаў. Асаблівая ўвага будзе скіравана на вывучэнне замежных моў. У нашым раёне дзеці асвойваюць англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую. На базе гімназій №6 і №10 ёсць міжшкольны факультатыў па кітайскай мове — заняткі наведваюць вучні розных устаноў. Навучэнцы маюць магчымасць развівацца і ў асобных відах мастацтва — музыцы, жывапісе, тэатры, харэаграфіі. Работа ў даным кірунку будзе прадоўжана. Выдатна зарэкамендавала сябе практыка працоўнага навучання па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых для старшакласнікаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні. Таму такая форма работы будзе ўдасканальвацца. Вялікая ўвага надаецца фізічнаму выхаванню дзяцей. У нашым раёне мноства спартыўных секцый. З юнымі спартсменамі працуюць кваліфікаваныя педагогі і трэнеры.

— Колькі вучняў сядзе за парты першага верасня?
— Практычна столькі ж, як і летась — амаль 14600 хлопчыкаў і дзяўчынак. Першакласнікаў — больш за паўтары тысячы. Адзінаццацікласнікаў – больш за 600, але сёлета было 766 выпускнікоў. На працягу апошніх трох гадоў стабільна павялічваецца колькасць дашкольнікаў. З першага верасня ў дзіцячыя сады іх прыйдзе амаль шэсць тысяч. Рэарганізацыя ўстаноў адукацыі ў новым навучальным годзе не плануецца. Але ў шэрагу з іх зменяцца кіраўнікі, напрыклад, гімназію-каледж мастацтваў узначаліць Іна Рушук, СШ №1 імя Янкі Купалы – Васілій Маліноўскі, Радашковіцкую СШ – Аляксей Станкевіч.

— З асаблівым настроем чакаюць пачатку навучальнага года маладыя спецыялісты. Колькі іх сёлета прыйдзе ў мясцовыя гімназіі, школы, дзіцячыя сады?
— Да работы прыступяць 33 пачынаючыя педагогі. Мы спадзяёмся закрыць вакансіі выхавальнікаў дзіцячых садоў, выкладчыкаў матэматыкі, французскай мовы. Чакаем выпускнікоў ВНУ з розных гарадоў. Асабліва прыемна, што сярод іх ёсць і маладзечанцы, якія вырашылі працаваць на карысць роднага краю.

Прочитано 955 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.