…Гімнам школы педагогі і вучні віталі індыйскую госцю. Старшакласніцы ў нацыянальных беларускіх строях сустрэлі пасла з хлебам-соллю. У прывітальным слове Сангіта Бахадур нагадала, што сёлета ў свеце адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння Махатмы Гандзі, якога ў Індыі называюць «бацькам нацыі». Гандзі вядомы як філосаф і рэфарматар, лідар нацыянальна-вызваленчага руху Індыі і гарачы прыхільнік ідэі ненасілля паміж людзьмі і народамі. Яго, без перабольшвання, можна назваць таксама і выдатным педагогам XX стагоддзя. Гандзі працаваў над ідэяй карэннага рэфармавання дзяржаўнай сістэмы адукацыі ў Індыі і пакінуў пасля сябе багатую педагагічную спадчыну ў выглядзе кніг, артыкулаў, выступленняў.
Рыхтуючыся да канферэнцыі, настаўнікі гісторыі, англійскай, рускай і беларускай моў і старшакласнікі маладзечанскіх школ знаёміліся з ідэямі вялікага індуса. Свае ўражанні і думкі школьнікі выказалі ў эсэ на тэму «Махатма Гандзі: чалавек Свету і свет Чалавека». У тройку лепшых увайшлі творчыя работы навучэнкі СШ №1 Лізаветы Малько (напісана на беларускай мове), Дар’і Башкевіч (СШ №14, руская мова) і Лідзіі Сафонавай (гімназія №6, англійская мова). Пераможцы конкурсу эсэ прынялі падарункі ад спадарыні Бахадур.
У канферэнцыі прымалі ўдзел таксама старшыня праўлення Таварыства сяброўства «Беларусь-Індыя» прафесар Ігар Ганчаронак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Іна Драпеза, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Святлана Чыжыкава, намеснік старшыні раённага аддзялення РГА «Белая Русь» Зоя Кокаш.
Дырэктар СШ №14 Каліна Капуцкая правяла Сангіту Бахадур у зімовы сад, дзе экспанавалася мастацкая выстаўка «Ад сэрца да сэрца: Індыя вачыма дзяцей». Пасол была ўражана фантазіяй юных аўтараў і тым, наколькі ярка і разнастайна ўяўляюць юныя беларусы яе Радзіму. Госця прапанавала арганізаваць выстаўку творчых работ у пасольстве Індыі.
Факты пра Махатму Гандзі
Будучы ідэолаг незалежнасці Індыі нарадзіўся ў даволі забяспечанай і рэлігійнай сям'і, атрымаў прафесію адваката ў Лондане і прысвяціў жыццё барацьбе супраць каставай няроўнасці, за незалежнасць Індыі ад брытанскіх каланізатараў.
Гандзі быў катэгарычным праціўнікам пагроз, насілля і ўзброенай барацьбы. У якасці альтэрнатывы ён распрацаваў уласную тактыку, у аснове якой ляжала пасіўнае супраціўленне, уздзеянне на розум і сумленне апанентаў.
Моцны ўплыў на Махатму Гандзі аказаў Леў Талстой, які першым агучыў ідэю ў вучэнні «Непротивление злу насилием». Перапіска Талстога і Гандзі доўжылася некалькі гадоў, аж да смерці рускага класіка.
Гандзі напісаў некалькі лістоў Адольфу Гітлеру з заклікам не развязваць Другую сусветную вайну.
Ва ўсім свеце сапраўднае імя Гандзі практычнае не ўжываюць, называючы яго «Махатма», што ў перакладзе з санскрыта – «вялікая душа».
Пад паняццем «выхаванне» Махатма Гандзі разумеў усебаковае развіццё ўсяго лепшага, што ёсць у дзіцяці або чалавеку, -- у яго целе, розуме, душы. Усебаковае развіццё магчыма толькі пры ўмове, калі выхаванне спалучаецца з працай, а ўрокі -- з жыццёвымі прыкладамі. Галоўная адказнасць за выхаванне дзяцей ляжыць на бацьках, чые ўчынкі, думкі і пачуцці ўплываюць на дзіця непрыкметна, але вельмі глыбока.
Гандзі адмовіўся ад матэрыяльных дабротаў, а шматлікія ахвяраванні аддаваў жабракам.
За пяць месяцаў да смерці збылася мара Махатмы Гандзі дасягнуў мэты ўсяго свайго жыцця: Індыя атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі мірным шляхам, без кровапраліцця.
У 2007 годзе ААН заснавала Міжнародны дзень ненасілля, які адзначаецца 2 кастрычніка, у дзень нараджэння Махатмы Гандзі.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.