Пад кіраўніцтвам Таццяны Камковай калектыў працягвае і памнажае лепшыя традыцыі. Надзейнымі памочнікамі дырэктара з’яўляюцца намеснікі па розных кірунках работы Кацярына Юзапчук і былыя выпускніцы Таццяна Бурсава, Таццяна Лазавік і Алена Баркоўская. Наогул, многія выпускнікі вяртаюцца сюды ў якасці спецыялістаў. Сёння тут працуюць больш за 20 былых гімназістаў.
Менавіта ў «дзясятай» найбольшая ў раёне колькасць настаўнікаў-метадыстаў — гэта самая высокая прафесійная кваліфікацыя. Валянціна Самаль і Алена Баштык працуюць у пачатковых класах, Клаўдзія Перхаровіч выкладае рускую мову і літаратуру, Таццяна Бабей кіруе ўзорным тэатрам-студыяй «ТэсТ».
Лепшы доказ прафесіяналізму педагогаў — поспехі выхаванцаў. Яны нязменна паказваюць высокія вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Летась, напрыклад, у скарбонцы было 13 дыпломаў на абласным этапе і два – на заключным. Плеяду алімпіяднікаў выхавалі Барыс Вайцяхоўскі (нямецкая мова), Марыя Садоўская (хімія), Аксана Каляда (біялогія).
Гімназісты становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Летась іх было трое – Ганна Скрыпко, Яўгеній Ломаш, Іван Мамчыц. А за час існавання фонду адзначаны 19 вучняў установы.
Разам з педагогамі дзеці актыўна займаюцца даследчай работай. Сярод важкіх дасягненняў мінулага года — дыплом ІІ ступені на міжнародным конкурсе юных журналістаў. Ім была адзначана сямікласніца Дар’я Навасёлава, адзіная прадстаўніца Беларусі ў ліку пераможцаў. Да высокага выніку яна ішла разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Кацярынай Ермаковіч.
А яшчэ на працягу чатырох гадоў запар установа лідзіруе ў раёне па колькасці выпускнікоў-медалістаў. У 2018-м атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору і залатыя медалі атрымалі 12 гімназістаў. Яўгеній Ломаш, Ангеліна Барэйка і Анастасія Кухарэнка дасягнулі на цэнтралізаваным тэсціраванні найвышэйшых 100 балаў па нямецкай мове, Аляксей Барада – па рускай.
Усебаковае развіццё, у тым ліку вывучэнне замежных моў, дапамагае былым вучням вы-
трымліваць канкурэнцыю і пасля заканчэння гімназіі. Тут наладжана плённае супрацоўніцтва з Польшчай, а з Германіі і Кітая ўжо не першы год прыязджаюць валанцёры, дзякуючы чаму нашы дзеці размаўляюць з носьбітамі той ці іншай мовы. Вучні паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах і праектах, што немагчыма без такіх ведаў і навыкаў. У мінулым навучальным годзе 50 (!) гімназістаў атрымалі міжнародныя сертыфікаты FIT, што пацвярджаюць узровень валодання нямецкай мовай. «Дзясятая» нават прызнана лепшай у краіне сярод аналагічных устаноў-партнёраў Інстытута Гётэ ў Мінску. Перамагла яна і ў рэспубліканскім конкурсе, арганізаваным асацыяцыяй «Адукацыя для будучыні», на лепшы STEM-праект класа
(S — science (прыродазнаўчыя навукі), T — technology (тэхналогіі), Е-engineering (інжынерыя), М-mathematics (матэматыка).
На пытанне, як удаецца на працягу доўгіх гадоў трымаць высокую планку, Таццяна Камкова лаканічна адказала:
— Наша гімназія – гэта адзіная каманда!
Фота: Аляксей ПЛАТКО і архіў ГІМНАЗІІ №10.