17.05.2018 10:59

Молодечненцы отличились на конкурсе «Лестница успеха»

Адразу чатыры ўзнагароды, у тым ліку Гран-пры, прывезлі маладзечанцы з рэспубліканскага фестывалю-конкурсу па эканоміцы і прадпрымальніцтве сярод вучнёўскай моладзі «Лесвіца поспеху».

Ілья Захараў, Марыя Сялецкая, Аляксандр Храмцэвіч, Сяргей Савінскі, Ганна Савіцкая. Ілья Захараў, Марыя Сялецкая, Аляксандр Храмцэвіч, Сяргей Савінскі, Ганна Савіцкая. "Маладзечанская газета"



Прадстаўнікі гандлёва-эканамічнага каледжа, якія ўдзельнічаюць у конкурсе ўжо на працягу дзесяці гадоў, нязменна трапляюць у лік лідараў. Другі раз запар каманда заваявала Гран-пры.

Чацвёртакурснік Сяргей Савінскі, будучы праграміст, прэзентаваў мабільны дадатак «Abitur» для абітурыентаў і заняў першае месца ў намінацыі «Бізнес-праект студэнта». У дадатку сабраныя звесткі больш чым пра сто сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў краіны, як дзяржаўных, так і недзяржаўных. Але ў хуткай перспектыве з’явяцца даныя пра ўсе адпаведныя ўстановы рэспублікі. Аналагаў «Abitur» у Беларусі няма. Ім лёгка карыстацца. Інфармацыю можна «сартаваць», напрыклад, па назве абранага каледжа ці ВНУ або па спецыяльнасці, прахадным бале. Дарэчы, мабільны дадатак – дыпломная работа Сяргея Савінскага. І ён працягвае працаваць над ёю разам са сваім навуковым кіраўніком – выкладчыцай дысцыплін праграміравання Зояй Зянько. Да фестывалю-конкурсу гэтаму творчаму тандэму дапамагала рыхтавацца выкладчыца эканамічных дысцыплін Інеса Рудніцкая.

«Бронзавым» прызёрам каманда каледжа стала ў конкурсе рэкламных кампаній. Зноў быў выкарыстаны аўтарскі праект Сяргея Савінскага. Навучэнцы разыгралі сапраўдны спектакль, які дапамагла ажыццявіць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце выкладчыца рускай мовы і літаратуры Аксана Сымановіч. Сюжэт просты: нібыта патэнцыяльны абітурыент ніяк не можа вызначыцца з будучай прафесіяй. Ён звяртаецца і да варажбітак, і да астролага, і да вучонага, але ўрэшце на правільны выбар яго нацэліў... мабільны дадатак.
На першай прыступцы п’едэстала гонару нашы навучэнцы аказаліся ў «Эканамічнай гульні». Трэба было «арганізаваць» вытворчасць па вырабе ручак, пралічыць яе магчымасці і прыбытак, у тым ліку перспектыўны, прадугледзець працэс удасканалення, распрацаваць піяр-кампанію…

Сярод найбольш яркіх этапаў «Лесвіцы поспеху» — дамашняе заданне «Фокус на памылкі». Трэба было прыдумаць памылкі ў прадпрымальніцкай дзейнасці і апісаць іх у стылі іскрамётнага Рыгора Остара. Каманда гандлёва-эканамічнага ўзяла за аснову папулярную песню «Не улетай!» Рыгора Зарэчнага – ра-
сійскага выканаўцы шансона. А дапамагла яе перакласці на «мову прыдпрымальніцтва» выкладчыца эканамічных дысцыплін Святлана Конанава, у якой відавочны паэтычны дар.

Па агульных выніках фестывалю-конкурсу маладзечанцам не было роўных. Яны занялі прызавыя месцы ў чатырох з шасці намінацый. І выйгралі запаветнае Гран-пры. Сярод мноства падарункаў – кнігі пра бізнес і памятныя мядзяна-нікелевыя манеты серыі «Слуцкія паясы» ад Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Фота: архіў ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІЧНАГА КАЛЕДЖА.

Прочитано 2158 раз Последнее изменение 17.05.2018 10:59
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.