20.11.2017 9:37

Снова дипломы на олимпиаде! Уроки русского от Жанны Годлевской

Дзесяцікласніцы гімназіі-каледжа мастацтваў Ксенія Шымановіч і Анастасія Іванова ў складзе зборнай Мінскай вобласці трапілі ў лік пераможцаў па выніках алімпіяды Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць».

Снова дипломы на олимпиаде! Уроки русского от Жанны Годлевской "Маладзечанская газета"


Сёлета ў алімпіядзе прынялі ўдзел амаль 200 вучняў 10-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Расіі і Беларусі. Па выніках адборачных этапаў лепшыя ўдзельнікі былі запрошаны на заключны тур у Мінск. У яго рамках старшакласнікі пісалі эсэ або разважанне па тэмах на выбар. На выкананне гэтага задання адводзілася чатыры гадзіны. К. Шымановіч і А. Іванова даследавалі «Мову эпохі» ў літаратурных творах. Ксенія аддала перавагу публі-цыстычнай кнізе Захара Прылепіна «Не чужая смута. Один день — один год», прысвечанай украінска-рускай трагедыі 2014 года. Насця спынілася на паэме «Хорошо» Уладзіміра Маякоўскага, бо ёй блізкая эпоха Сярэбранага веку.

Другі этап фіналу — комплексная работа па рускай мове і літаратуры. За тры гадзіны ўдзельнікі павінны былі адказаць на 16 пытанняў, разлічаных як на веданне дысцыплін, такі і на логіку, творчы падыход.
Прэтэндэнты на перамогу, як кажуць, ішлі плячо ў плячо. Таму для нашых дзяўчат высокі вынік асабліва важкі. Ксенію адзначылі дыпломам І ступені, падарылі планшэт і адзіны спецыяльны прыз аргкамітэта – мабільны тэлефон. Насця атрымала дыплом ІІІ ступені і электронную кнігу. Сваімі дасягненнямі маладзечанкі ўнеслі значны ўклад у агульную скарбонку зборнай Мінскай вобласці. Каманда сталічнага рэгіёна заняла трэцяе месца. Другое падзялілі прадстаўнікі Масквы і Яраслаўскай вобласці, трэція – мінчане.

Для Ксеніі і Насці гэта не першая перамога. Яны, дарэчы, аднакласніцы (вучацца ў класе з тэатральным ухілам) і нават сядзяць за адной партай на ўроках рускай мовы і літаратуры. Чацвёрты год гэтыя дысцыпліны ў гімназістак выкладае Жанна Гадлеўская, якая падрыхтавала ўжо мноства пераможцаў розных алімпіяд, турніраў, конкурсаў і тройчы станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі. Адзначаліся стыпендыяй і яе выхаванцы, у тым ліку Ксенія і Насця. За перамогу ў алімпіядзе Саюзнай дзяржавы старшакласніцы зноў прэтэндуюць трапіць у лік стыпендыятаў.

Выкладчыца рускай мовы і літаратуры гімназіі-каледжа мастацтваў Жанна Гадлеўская з выхаванкамі Анастасіяй Івановай і Ксеніяй Шымановіч.



Калегі Жанны Гадлеўскай не перастаюць здзіўляцца, як яна паспявае «ахапіць неахопнае» — даць дзецям веды не толькі ў рамках школьнай праграмы, але і наогул пашырыць іх кругагляд. Асабліва калі ўлічыць, што сучаснае падрастаючае пакаленне нялёгка прыахвоціць да чытання кніг. На гэта ў настаўніцы ёсць свой сакрэт: усе творы яна імкнецца перакладаць на сённяшнія рэаліі і такім чынам дапамагае знаходзіць адказы на пытанні вучняў. У прафесіі Жанна Леанідаўна ўжо больш за 20 гадоў. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў былы інстытут народнай гаспадаркі на «банкаўскую справу». Але неўзабаве зразумела, што падручнікі з бясконцымі формуламі і лічбамі не для яе, і паступіла ў Белдзяржунівер-сітэт на філалагічны факультэт.

Выхаванцы Жанны Гадлеўскай гавораць, што настаўніца вучыць іх не толькі школьным дысцыплінам, але і наогул жыццю, не саромецца ўласнага меркавання і смела крочыць насустрач мэтам.

Цікавы і той факт, што ні адна з пераможцаў алімпіяды Саюзнай дзяржавы не збіраецца ісці ў прафесію, звязаную з рускай мовай і літаратурай. Анастасія марыць рэалізаваць сябе ў сферы маркетынгу, Ксенія – у перакладчыцкай дзейнасці (у гімназіі-каледжы вывучае англійскую мову, а іспанскую – самастойна). На погляд дзяўчат, кожны адукаваны чалавек, незалежна ад таго, у якой галіне працуе, павінен быць рознабакова адукаваным, арыентавацца ў гісторыі, літаратуры і мастацтве.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 4462 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.