25.08.2022 10:30

Працавалі дружнай камандай

220 вучняў сядуць за парты 1 верасня ў Гарадзілаўскай СШ.

Максім Свянціцкі і Мікіта Дасюкевіч, якія пойдуць у дзявяты клас, дапамагаюць рыхтаваць камплекты падручнікаў. Максім Свянціцкі і Мікіта Дасюкевіч, якія пойдуць у дзявяты клас, дапамагаюць рыхтаваць камплекты падручнікаў.

— Да новага навучальнага года школу мы рыхтавалі дружнай камандай, — заўважае яе дырэктар Аляксандр Ліс. — У гэтым працэсе былі задзейнічаны і прафесійныя будаўнікі, і работнікі нашай установы, і вучні.

У Гарадзілаўскай СШ праведзены капітальны рамонт лесвічнага марша, на што з раённага бюджэту было выдаткавана амаль восем тысяч рублёў. Работы выконвалі прадстаўнікі маладзечанскага ТАА «Аліна-Строй».

— Сваімі сіламі мы зрабілі касметычны рамонт усіх 16 вучэбных кабінетаў, а таксама карыдора на другім паверсе, — працягвае Аляксандр Пятровіч. — ААТ «Гарадзілава» дапамагло нам набыць ложкі для вучняў пачатковых класаў, якія наведваюць групу падоўжанага дня. Пры садзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, фінансавай падтрымцы абласнога бюджэту, папячыцельскага савета абноўлены крэслы і стальніцы. Адпаведныя рамонтныя работы дапамагалі выконваць старшакласнікі, якія ў час летніх канікул пажадалі зарабіць грошы.

Таксама самастойна тэхперсанал і педагогі прывялі ў належны стан настаўніцкі пакой.

Шмат сіл укладаецца і ў азеляненне тэрыторыі школы. Дзякуючы настаўніцы біялогіі і хіміі Юліі Качынскай і вучням, якіх яна ўмее зацікавіць добрай справай, тут цвітуць кветкі з ранняй вясны да позняй восені.

— А ў вучэбным і выхаваўчым працэсе мы, па традыцыі, арыентуемся на нашы лепшыя дасягненні і прадоўжым іх памнажаць у новым навучальным годзе, — рэзюміраваў Аляксандр Ліс.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ГАРАДЗІЛАЎСКАЙ СШ.

Прочитано 293 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.