Раман закончыў навучальную ўстанову з залатым медалём, у яго выдатныя веды па ўсіх прадметах. Да таго ж ён займаўся ў класе з тэатральным ухілам, за гады вучобы спрабаваў сябе ў розных ролях, здаваў экзамен па акцёрскім майстэрстве. Аднак, як сам гаворыць, ніколі не бачыў сябе акцёрам, яму заўсёды больш падабаліся дакладныя навукі – хімія, фізіка, матэматыка. Але трэба адзначыць, Раман цікавіцца і літаратурай, вельмі шмат чытае.
— З сёмага класа я захапіўся хіміяй, якую цудоўна выкладала Таццяна Георгіеўна Кулеш. Удзельнічаў у алімпіядах па хіміі і па фізіцы, аднак на абласным этапе трэба было выбіраць адзін прадмет, і я аддаў перавагу апошняй. У дзявятым класе настаўніца Валянціна Віктараўна Віць прапанавала мне займацца фізікай дадаткова, — расказвае юнак.
Вопытны педагог, настаўнік вышэйшай кваліфікацыі, якая шмат гадоў працуе ў гімназіі-каледжы, разгледзела патэнцыял здольнага, стараннага юнака, змагла яго зацікавіць сваім прадметам. Гэта той шчаслівы выпадак, калі моцны і ўлюбёны ў свой прадмет педагог сустракае адоранага вучня. Акрамя заняткаў у гімназіі Раман штодня займаўся самастойна.
У дзясятым класе ён заваяваў дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Да ЦТ падрыхтаваўся без рэпетытара, што робіць яго 100 балаў яшчэ больш важкімі. Ён расказвае, што за адведзеныя тры з паловай гадзіны без праблем рашыў усе заданні, пераправерыў адказы і выйшаў з аўдыторыі з упэўненасцю, што атрымае высокі бал. На рэпетыцыйным тэсціраванні набраў 90 балаў, безумоўна, вынік у 100 балаў яго вельмі парадаваў. Нельга не сказаць, што па двух іншых прадметах на ЦТ Раман таксама набраў высокія балы: па матэматыцы – 97, па рускай мове – 90.
Свой поспех юнак раздзяляе з бацькамі, якія яго заўсёды падтрымліваюць, дапамагаюць. Мама Таццяна Рыгораўна – урач, працуе загадчыцай гастраэнтэралагічнага аддзялення бальніцы №2, тата Яўгеній Вікенцьевіч – інжынер на Маладзечанскіх электрычных сетках. Ім прыемна было
атрымаць запрашэнне на Рэспубліканскі выпускны баль, што праходзіў у нашым горадзе. На ім ушаноўвалі лепшых выпускнікоў краіны, сярод якіх быў і Раман. І вось чарговая нагода парадавацца за свайго сына.
Сваю будучую прафесію Раман марыць звязаць з фізікай, будзе паступаць на фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. З такімі высокімі баламі паступленне яму забяспечана.
— У будучыні хачу ўліцца ў даследчую дзейнасць, — дзеліцца планамі юнак.
А на пытанне, як рыхтавацца да тэсціравання, каб атрымаць такі высокі вынік, адказвае:
— Вельмі важна, каб прадмет табе падабаўся, каб ты атрымліваў задавальненне ад працэсу падрыхтоўкі, пастаянна імкнуўся даведацца нешта новае, унікнуць у тэму яшчэ глыбей, рашыць больш складаныя задачы. Тады і вынікі абавязкова парадуюць!
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ГІМНАЗІІ-КАЛЕДЖА МАСТАЦТВАЎ.