25.03.2022 12:25

Гімназія №10 працуе на «дзясятку»!

Менавіта да такіх вынікаў імкнуцца навучэнцы і педагогі гімназіі №10. Гэтымі днямі калектыў установы прымае віншаванні з нагоды свайго 30-годдзя.

Два гады таму ў гімназіі №10 адкрыўся STEAM-цэнтр. Дырэктар установы Таццяна Камкова (справа) вітала гасцей, у ліку якіх былі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў (у цэнтры) і парламентарый Людміла Канановіч. Два гады таму ў гімназіі №10 адкрыўся STEAM-цэнтр. Дырэктар установы Таццяна Камкова (справа) вітала гасцей, у ліку якіх былі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў (у цэнтры) і парламентарый Людміла Канановіч.

Святочнае сузор’е

Значная падзея супала з некалькімі адметнымі датамі – 60-годдзем працоўнай дзейнасці першага дырэктара гімназіі (раней СШ №10) Барыса Вайцяхоўскага (ён і сёння працуе настаўнікам нямецкай мовы), 10-годдзем кіраўніцкай дзейнасці цяперашняга дырэктара Таццяны Камковай, а таксама з 35-годдзем узорнага калектыву тэатра-студыі «ТэсТ» і 10-годдзем гімназічнай газеты «ПаchatАК».

Гэта навучальная ўстанова тройчы адзначалася за высокія паказчыкі і была занесена на раённую Дошку гонару як пераможца ў намінацыі «Лепшая гімназія». А па выніках 2020 года яна заняла першае месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі.

— Настаўнік – вучань — законны прадстаўнік – такога ланцужка супрацоўніцтва калектыў прытрымліваецца ў сваёй рабоце, — зазначае Таццяна Камкова. – У нашай гімназіі трывалыя традыцыі, мы падтрымліваем і памнажаем іх.

Апорай для развіцця з’яўляецца і гімназічная ветэранская арганізацыя педагогаў, якой цяпер кіруе Таццяна Уласавец.

Каб не працаваць ніводнага дня…

Сапраўднай легендай стаў Барыс Вайцяхоўскі, які мае шматлікія рэгаліі і з якім звязаны як станаўленне «дзясятай» гімназіі, так і значныя вехі ў развіцці сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. Пра яго заслугі і дасягненні, прафесійны і жыццёвы вопыт мы неаднойчы расказвалі на старонках нашай газеты. Барыса Уладзіміравіча натхняе выказванне Канфуцыя: «Выберы сабе работу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці».

Барыс Вайцяхоўскі прысвяціў адукацыі ўсё жыццё і выхаваў не адно пакаленне вучняў.

Пасля Барыса Вайцяхоўскага эстафету кіраўніцтва прадоўжыў Аляксандр Бурдыка. 44 гады ён прысвяціў педагогіцы, летась яму споўнілася 70.

— Мая работа была поўная трывог і хваляванняў, здзяйсненняў і пошукаў, — падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч. — Я стараўся прытрымлівацца прынцыпу: стварэнне зладжанай каманды – поспех у дасягненні мэты!

Сярод тых, хто шмат намаганняў прыклаў для развіцця ўстановы, намеснікі дырэктара па розных напрамках дзейнасці Таццяна Мурычына, Лідзія Сурынт, Галіна Сінкевіч, Антаніна Калечкіна, Вера Страпко, Валянціна Самаль, Таццяна Бабей.

Трэба ісці наперад!

Сёння ў гімназіі працуюць 99 настаўнікаў і 45 работнікаў структурных падраздзяленняў. Тут вучацца звыш тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта адна з самых вялікіх навучальных устаноў на Маладзечаншчыне. Самааддача і нястрымная энергія цяперашняга дырэктара сталі імпульсам да кар’ернага росту яе адміністрацыйнай каманды. Напрыклад, Таццяна Лазовік узначальвае аддзел дашкольнай, агульнай сярэдняй і сярэдняй адукацыі ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, Уладзімір Маліноўскі кіруе СШ №1 імя Янкі Купалы, Таццяна Бурсава — вучэбна-педагагічным комплексам дзіцячы сад – пачатковая школа №15. Адзін з дэвізаў Таццяны Камковай: «У любых абставінах трэба ісці наперад!». Асаблівым гонарам гімназіі яна лічыць перамогі навучэнцаў у прадметных алімпіядах, якіх нямала, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Пра гэтыя дасягненні мы таксама расказваем на старонках «МГ». Як і пра заслугі кіраўніка «дзясятай»: у яе скарбонцы шматлікія граматы, узнагароды ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента, Міністэрства адукацыі. Таццяна Генадзьеўна аддае шмат сіл і грамадскай рабоце. Нягледзячы на загружанасць, яна дорыць сваё цяпло і ўвагу блізкім, застаецца клапатлівай захавальніцай сямейнага ачага, любячай дачкой і матуляй.

Настаўнік хіміі Аксана Каляда (па выніках работы за мінулы год яе імя занесена на раённую Дошку гонару як пераможцы ў намінацыі «Лепшы работнік адукацыі») і адзін з самых паспяховых яе навучэнцаў Іван Мамчыц.

«ПАchatАК» і «ТэсТ»

Гісторыя гімназічнай газеты «ПАchatАК» вядзе адлік са снежня 2011 года. У ёй як на далоні жыццё «дзясятай». Гэта своеасаблівая камунікатыўная пляцоўка і свайго роду летапіс гімназіі. «Сэрцам» назвы з’яўляецца англійскае слова «chat» (балбатаць), а дэвіз: «Сеяць разумнае, добрае, вечнае». У рэдкалегію ўваходзяць як вучні, так і педагогі. Артыкулы, інтэрв’ю, эсэ, замалёўкі, вершы, крыжаванкі на беларускай і рускай мовах… Аўтары – навучэнцы, іх бацькі, настаўнікі, ветэраны працы. Дарэчы, першы нумар газеты быў прысвечаны 20-годдзю гімназіі.

Нямала ва ўстанове і прыхільнікаў Мельпамены. Адны гавораць, што ўзорны тэатр-студыя «ТэсТ» — гэта дом іх сэрца, іншыя лічаць яго выпрабаваннем на талент і творчасць, а для некага ён стаў справай жыцця. Заснавальнікам «ТэсТа», яго нязменным натхняльнікам, рухавіком ідэй на працягу 35 гадоў з’яўляецца Таццяна Бабей. У свой час школьны тэатр са званнем «узорны» стаў адным з першых у Мінскай вобласці. У якасці прафесійнага арыенціру Таццяна Ігнацьеўна абрала словы Марка Твена: «Дзіцячы тэатр — гэта найкаштоўнейшы дадатак любой выхаваўчай установы для падлеткаў, і без яго не будзе ідэальнай нават самая выдатная школа». Пастаноўкамі «ТэсТа»
мы таксама неаднойчы натхняліся і расказвалі пра іх нашым чытачам.

Гісторыя гімназіі працягваецца, а значыць, мы яшчэ зможам пабываць на новых спектаклях і расказаць пра чарговыя поспехі настаўнікаў і вучняў.

Толькі тут і больш нідзе

  • За апошнія пяць гадоў у гімназіі №10 трое навучэнцаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў – Аляксей Рашкевіч, Іван Мамчыц, Мацвей Навасёлаў (адзначаўся двойчы).
  • На працягу пяцігодкі колькасць выпускнікоў, якія паступаюць у ВНУ, трымаецца на ўзроўні 90-98 працэнтаў.
  • За апошнія два гады выдадзены 33 пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай.
  • За гэты ж перыяд 20 навучэнцаў атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з уручэннем 19 залатых медалёў і аднаго сярэбранага.
  • Гімназія ўключана ў рэспубліканскі інавацыйны праект «Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі» на 2019-2022 гады.
  • У скарбонцы навучэнцаў перамогі ў рэспубліканскіх прадметных алімпіядах па хіміі, біялогіі, нямецкай і кітайскай мовах.
  • У 2020 годзе гімназістка Юльяна Дзявятава за перамогу ў нацыянальным этапе ХІІІ Сусветнага конкурсу «Мост кітайскай мовы» атрымала прэмію Пасла КНР у памеры 1000 долараў.
  • Ва ўстанове дзейнічае тэлестудыя «ТV-10» (кіраўнік Юрый Шчука). Яе асноўныя прадукты — «Навіны гімназіі» і тэматычныя відэаролікі — размяшчаюцца на канале YouTube «Таццяна Камкова».
  • Ёсць і радыёстанцыя «gymn10moloFM» (кіраўнік Юлія Захаркевіч), дзе трансліруюцца хроніка бягучага тыдня, перадачы, звязаныя з памятнымі датамі.
  • Менавіта ў «дзясятай» працуюць узорны калектыў «Танцавальны клуб «Грацыя» (кіраўнік Дзмітрый Хаўронін) і клуб аўтарскай песні (кіраўнік Наталля Паўлюшчык), якія ў ліку самых паспяховых славяць рэгіён за яго межамі.

Ірына РАБУШКА. Фота: архіў «МГ».

Прочитано 275 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.