17.01.2022 11:36

Які аўтамабіль быў у Янкі Купалы?

На гэта і многія іншыя пытанні давялося шукаць адказы ўдзельнікам раённай інтэлектуальнай гульні «Эрудыт-2021».

Юныя знаўцы гімназіі-каледжа мастацтваў перамаглі ў раённай інтэлектуальнай гульні «Эрудыт-2021». Юныя знаўцы гімназіі-каледжа мастацтваў перамаглі ў раённай інтэлектуальнай гульні «Эрудыт-2021».

Спаборніцтвы разумнікаў-старшакласнікаў па даўняй традыцыі ладзіць дзіцячы цэнтр культуры «Расток» пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Да паўфіналу дайшлі 12 лепшых каманд навучальных устаноў Маладзечаншчыны, да фіналу – шэсць. Так, на перамогу прэтэндавалі навучэнцы гімназіі №6, гімназіі-каледжа мастацтваў, СШ №2, 12 і 14.

Штогод арганізатары прапануюць новую тэму гульні, пра якую юных знаўцаў апавяшчаюць загадзя. Але дакладныя пытанні, зразумела, трымаюцца ў сакрэце. «Эрудыт-2021» прысвяцілі гісторыі станаўлення беларускага пісьменства. Складаныя і каверзныя пытанні прыдумвалі не толькі работнікі «Растка», ім дапамагалі і супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча і Мінскага абласнога краязнаўчага музея. Прадстаўнікі гэтых устаноў таксама былі ў журы.

— Каб адказаць на пытанні, патрабаваліся веды не толькі школьнай праграмы, але і з дадатковых крыніц, — гаворыць метадыст па рабоце з моладдзю ДЦК «Расток» Вікторыя Волк, якая была ў ліку тых, хто складаў заданні для гульні. – На тое гэта і інтэлектуальныя спаборніцтвы! Таму дзецям, канечне, дапамагалі рыхтавацца педагогі ў школах і гімназіях. Радуе, што да нашага інтэлектуальнага руху далучаюцца і разумнікі з сельскай мясцовасці. Сёлета была каманда з Палачанскай СШ.

Пытанні для юных эрудытаў найперш тычыліся этапаў станаўлення беларускага пісьменства, цікавых фактаў біяграфіі і творчасці розных аўтараў, дзеячаў, даследчыкаў, якія паўплывалі на яго. Напрыклад, з шэрагу прапанаваных вершаў Максіма Багдановіча трэба было выбраць той, які пакладзены на музыку. Не ўсе ведалі, што гэта «Слуцкія ткачыхі». Таксама не ўсе каманды змаглі адказаць, каму належыць і з якога твора радок «Другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя».(Спадзяёмся, нашы чытачы пазналі байку Кандрата Крапівы «Дыпламаваны баран». — Аўт.).

Усяго некалькі правільных адказаў журы зафіксавала на пытанне, якой маркі аўто было ў Янкі Купалы (прычым адзінае такое на той час на беларускай тэрыторыі).

Некаторыя ўсё ж ведалі, што гэта падоранае яму «Шэўрале», і нават удакладнілі, што паэт не меў вадзіцельскіх правоў, таму ніколі не кіраваў ім.

А ці ведаюць нашы чытачы, якая літаратурная п’еса была пакладзена ў аснову савецкай кінастужкі «Рагаты бастыён»? Для юных эрудытаў гэта пытанне аказалася таксама з ліку самых складаных. Запаветныя балы ў скарбонку атрымалі толькі тыя, хто назваў твор «Лявоніха на арбіце» Андрэя Макаёнка.

Найбольшую колькасць правільных адказаў – 15 з 18 магчымых – набрала каманда «Аматары» гімназіі-каледжа мастацтваў, якая і перамагла ў раённай інтэлектуальнай гульні «Эрудыт-2021».

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ДЦК «РАСТОК».

Прочитано 255 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.