31.03.2017 13:13

Пра што маладзечанскія гімназісты распыталі французскага пасла

Сёлета Тыдзень франкафоніі асабліва запомніцца навучэнцам гімназіі №3. Да іх у госці завітаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Францыя ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс.

Пра што маладзечанскія гімназісты распыталі французскага пасла "Маладзечанская газета"

Як атрымалася, што ён выбраў менавіта нашу гімназію? Спадар Канэс расказаў, што ў рамках Міжнароднага дня франкафоніі, які ва ўсім свеце адзначаецца 20 сакавіка, запланаваў візіт у навучальную ўстанову, дзе паглыблена вывучаюць французскую мову. Супрацоўнікі пасольства парэкамендавалі яму нашу гімназію №3, дзе вельмі зацікаўленыя педагогі і навучэнцы якой з году ў год паказваюць высокі ўзровень ведаў французскай мовы, перамагаюць у рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах даследчых работ. У студзені тут сустракалі аташэ пасольства па супрацоўніцтве ў галіне французскай мовы Клер-Эліз Юбер. І вось у чарговы раз на сценах фае гімназіі з’явіліся выявы Эйфелевай вежы. Пінжакі педагогаў упрыгожылі сіне-чырвона-белыя брошкі ў колер французскага сцяга. Традыцыйны хлеб-соль спадар Канэс пакаштаваў з вялікай павагай пад гукі беларускай мелодыі ў выкананні юнай скрыпачкі Ангеліны Ушывец.

Дырэктар гімназіі Алена Гарбачова падзякавала спадару паслу, што ў шчыльным рабочым графіку знайшоў час для візіту ў іх навучальную ўстанову. Асаблівая ўдзячнасць — за падораныя пасольствам  камплекты французскіх кніг, якія дапамогуць гімназістам у вывучэнні мовы. Алена Анатольеўна ўручыла госцю падарунак: беларускую льняную вышыванку і сумку з надпісам «Беларусь» работы майстроў Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Адчувалася, што сувеніры госцю спадабаліся.

У час прэзентацыі гімназіі юныя артысты пабудавалі на сцэне актавай залы сімвалічную Эйфелеву вежу, паказалі цікавую праграму, якую ім дапамаглі падрыхтаваць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Івашанка і яе калегі Наталля Волчак і Антаніна Куханчык. «Я ўдзячны настаўнікам гімназіі за тое, што яны не толькі навучаюць дзяцей мове, але і перадаюць сваю любоў да французскай культуры», — падзяліўся ўражаннямі Дзідзье Канэс.

З вялікім імпэтам ён размаўляў з навучэнцамі гімназіі, пачынаючы ад пяцікласнікаў і заканчваючы выпускнікамі. Яму спадабалася, што многія пытанні дзяцей былі спантаннымі, а добры ўзровень валодання мовай дазваляў ім свабодна весці размову. Завяршыўся візіт пасяджэннем за круглым сталом з педагогамі гімназіі, у час якога абмяркоўваліся перспектывы далейшага супрацоўніцтва, удзел у сумесных культурных праектах. Фінальным акордам стала вядомая французская песня «На Елісейскіх палях», якую спявалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы.

«У кожнага свая Эйфелева вежа"

Самыя цікавыя пытанні гімназістаў Дзідзье Канэсу.

— Як вы лічыце, ці дасягнулі вы вышыні ўласнай Эйфелевай вежы?
— У маім разуменні Эйфелева вежа – гэта лінія гарызонту, да якой трэба імкнуцца ўсё жыццё.

— Ці ведалі вы пра Беларусь да 2016 года, калі былі накіраваны ў нашу краіну ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла?    
— Раней я працаваў у пасольстве Францыі ў Маскве і ў 1992 годзе займаўся падрыхтоўкай візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Францыі.

— Што вас здзівіла ў нашай краіне?
— У вас высокі ўзровень навучання і выхавання, і сёння я яшчэ раз у гэтым пераканаўся. Беларусы надзвычай арганізаваныя людзі.

— Як вы сталі дыпламатам?
— У дзяцінстве я не марыў аб прафесіі дыпламата, так склаўся лёс. Я належу да пакалення, якое абавязана было служыць у арміі. З’явілася магчымасць замест ваеннай службы выбраць работу па спецыяльнасці, такім чынам паўтара года я адслужыў у адміністрацыі. Гэта быў мой першы крок у прафесію…

— Якія прафесіі выбралі вашы дзеці?
— Мая дачка вывучае фізіку, сын – права.

— Ваша парада таму, хто хоча стаць дыпламатам?
— Вельмі шмат працаваць!

— Колькі моў вы ведаеце і якую б хацелі вывучыць яшчэ?
— Акрамя роднай французскай я валодаю англійскай і рускай мовамі. А вывучыць хацеў бы беларускую.

— У якіх краінах вам даводзілася бываць? Дзе спадабалася найбольш?
— Я працаваў у Англіі, Аўстрыі, Расіі, Бельгіі. З усіх гарадоў найбольш спадабалася Вена – выключна прыгожы еўрапейскі горад.

— Вашы ўражанні аб Мінску і дзе яшчэ ў Беларусі вы былі?
— Мінск – гэта горад, які я люблю і дзе працую. Ён мне падабаецца сваёй чысцінёй, гуманнасцю жыхароў, архітэктурай, наяўнасцю будынкаў эпохі сталінізму. Акрамя таго, з афіцыйнымі візітамі я быў у Брэсце і Гомелі.

— Ці спадабалася вам Маладзечна?
— Я яшчэ мала бачыў ваш горад, але магу дакладна сказаць: гімназію №3 палюбіў ужо…

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/obrazovanie/item/1112-posol-frantsii-v-respublike-belarus-v-molodechno.html#sigProIddee62c474c
Прочитано 2130 раз Последнее изменение 31.03.2017 13:13
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.