31.03.2017 12:49

Волонтеры из Германии рассказали о себе и о жизни немецкой молодежи

Валанцёры з Германіі Мірыам Кузьменка і Тэа Ленцэн з восені мінулага года жывуць у Маладзечне  і дапамагаюць педагогам гімназіі №10 выкладаць нямецкую мову, вучаць юных маладзечанцаў правільна размаўляць на ёй.

Волонтеры из Германии рассказали о себе и о жизни немецкой молодежи "Маладзечанская газета"

Нядаўна супрацоўнікі залы літаратуры на замежных мовах ЦРБ імя Максіма Багдановіча Таццяна Летунова і Ларыса Берташ запрасілі іх прыняць удзел у пасяджэнні за круглым сталом на тэму «Моладзь Германіі: захапленні і вольны час».

Адарвацца ад сям’і, стаць самастойным

Размова ішла на нямецкай мове, старшакласнікі гімназіі №10, сярэдніх школ №1 і №5 добра разумелі нямецкіх сяброў, задавалі пытанні, расказвалі пра сябе. Асабліва актыўнымі былі Віктар Мілер з СШ №5 і Ганна Скрыпко з гімназіі №10.

Нашым вучням цікава было даведацца, што іх нямецкія равеснікі не спяшаюцца пасля школы альбо каледжа паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. У іх прынята спачатку ўладкавацца на работу, прычым не дзеля заробку, а каб адчуць смак прафесіі. Пры гэтым многія адрываюцца ад сям’і, едуць у іншы горад ці нават краіну. Працуе моладзь звычайна ў дамах для састарэлых, дзіцячых садах, на хуткай дапамозе, прадпрыемствах, будоўлі. Дзякуючы валанцёрскай дзейнасці нямецкія госці ўжо зразумелі, кім хочуць быць. Тэа ўсур’ёз зацікавіўся паліталогіяй, Мірыам вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў.

Любімы транспарт – веласіпед
Што тычыцца вольнага часу, то ў Германіі прынята загадзя планаваць свае выхадныя. Немцы любяць падарожнічаць усёй сям’ёй, часта на веласіпедах. У моладзі гэта наогул любімы від транспарту. Тэа расказаў, што ён захапляецца скалалажаннем. Яго маладыя суайчыннікі ўвогуле любяць спорт. А Мірыам дадала: «І танцы!». У Германіі папулярныя харэаграфічныя студыі, у якіх займаюцца людзі рознага ўзросту. Прычым не абавязкова прыходзіць са сваім партнёрам. Што тычыцца клубаў і дыскатэк, то да 16 гадоў на іх не пускаюць, з 16 да 18 – па пісьмовым дазволе бацькоў і толькі да 12 гадзін ночы.

Нямецкія валанцёры любяць чытаць. Яны запісаліся ў нашу бібліятэку і бяруць кнігі на рускай мове. Сказалі, што больш іх цікавіць не класіка, а сучасная літаратура.


Рэпетытараў не наймаюць
Паколькі нямецкія школьнікі не адразу паступаюць у ВНУ, то і з рэпетытарамі яны не займаюцца. У нашых старшакласнікаў вольнага часу вельмі мала, бо яны ўзмоцнена рыхтуюцца да ЦТ, ходзяць адразу да некалькіх рэпетытараў. Калі выпадае вольная хвіліна, як і нямецкія равеснікі, займаюцца спортам, слухаюць музыку, ходзяць на дыскатэкі, чытаюць, падарожнічаюць. У размове за круглым сталом высветлілася, што наша і нямецкая моладзь шмат у чым падобная, у іх ёсць агульная цікаўнасць. Не менш прыемна, што маладзечанскія вучні добра валодаюць нямецкай мовай, і гэтыя навыкі, безумоўна, ім спатрэбяцца ў будучыні.

Фота: архіў ЦРБ імя Максіма Багдановіча.

Прочитано 1462 раз Последнее изменение 31.03.2017 12:49
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.