Новости Молодечно и Молодечненского района

Фестиваль «АРТ-вакацыі»: будущее за молодежью

  • 2017-05-30 08:18:04
  • Алег Бяганскі

Мерапрыемства сабрала найбольш крэатыўных і таленавітых прадстаўнікоў маладога пакалення – пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў і алімпіяд. Удзельнікі свята ўжо дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, навуковай дзейнасці і прафесійнай падрыхтоўцы. Сакрэтамі сваіх перамог яны дзяліліся з аднагодкамі.

Будучае – за рэсурснымі цэнтрамі

Адным з пунктаў мерапрыемства была сустрэча з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенка.

- Патрэба ў кадрах вызначаецца эканомікай краіны, структурай народнагаспадарчага комплексу, наяўнасцю тых або іншых вытворчасцяў, - адзначыў Ігар Васільевіч. – Наша краіна мае перавагі пры падрыхтоўцы спецыялістаў сярэдняга звяна. У Беларусі захавалася сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Маладыя людзі маюць магчымасць атрымаць шырокі спектр спецыяльнасцяў. Многія суб'екты гаспадарання дапамагаюць установам адукацыі набываць станкі, якія выкарыстоўваюцца на вытворчасці. Пры гэтым у рэгіёнах плануецца стварыць рэсурсныя цэнтры, дзе б маладыя людзі вучыліся працаваць на самым сучасным абсталяванні. Гэта дасць магчымасць значна павысіць якасць падрыхтоўкі кадраў.

Не абышоў міністр і праблемныя пытанні. Так, у апошнія гады назіраецца празмерная колькасць спецыялістаў па некаторых спецыяльнасцях (юрыстаў, эканамістаў і г.д.). Заказчыкам падрыхтоўкі спецыялістаў выступае Міністэрства адукацыі, а не патэнцыйная работадаўцы. Студэнтамі ВНУ становяцца абітурыенты з даволі нізкімі баламі тэсціравання.

Каб выправіць сітуацыю, плануецца рэгуляваць прыём па тых або іншых спецыяльнасцях у залежнасці ад патрабаванняў эканомікі. Прагназаваць патрэбу ў кадрах будзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Таксама трэба больш увагі ўдзяляць прафарыентацыі школьнікаў. Вучні старэйшых класаў павінны па іх жаданні праходзіць прафесійную падрыхтоўку.

- У Беларусі маладыя людзі маюць усе магчымасці рэалізаваць свае прафесійныя здольнасці. Рабочыя кадры запатрабаваны на будаўніцтве індустрыяльнага парка «Вялікі камень», БелАЭС, іншых аб’ектах. Сістэма прафтэхадукацыі дазваляе рыхтаваць спецыялістаў, якія ў стане вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю і паспяхова канкурыраваць на рынку працы, - падкрэсліў Ігар Карпенка.
Формула поспеху

У рамках свята быў арганізаваны «Горад майстроў». Ён прыцягнуў вялікую ўвагу маладзечанцаў і гасцей нашага горада. На адной з алей у цэнтральным парку размясціліся стэнды і імправізаваныя майстэрні ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Мінскай вобласці. Там можна было пазнаёміцца з вынаходніцтвамі юнакоў і дзяўчат, даведацца рэцэпты розных страў, пачаставаць іх, узяць майстар-класы па ганчарным майстэрстве, сервіроўцы стала, цырульніцкім мастацтве, кулінарыі і г.д.

Нельга было прайсці міма навучэнца 2-га курса Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Мікіты Аўсяніка. Юнак спрытна наносіў на ліст гіпсакардону мастацкую тынкоўку.

- Асвойваю спецыяльнасці тынкоўшчык-абліцоўшчык-плітачнік, маляр, маляр-будаўнік. Будучую прафесію выбраў сам. У дзяцінстве вельмі падабалася дапамагаць дарослым у час будаўнічых работ. Магчыма, праз некаторы час буду паступаць у ВНУ па адпаведным профілі. Уменні і навыкі, набытыя ў каледжы, мне абавязкова спатрэбяцца, - паведаміў Мікіта.
Многія звярталі ўвагу на ўборы і макіяж навучэнак Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Юліі Прыбыльскай і Ангеліны Мельнік. Дзяўчаты вучацца на швачак-цырульніц, рэгулярна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах. Свае вобразы яны стварылі самі. Юлія і Ангеліна не выключаюць, што ў будучым кожная з іх адкрые ўласную справу.           

Шыльда «Мара пчаляра» была бачная з любой кропкі алеі. Ля яе намеснік дырэктара Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Уладзімір Полех разам з навучэнцамі вышэйзгаданай установы адукацыі, пераможцамі рэспубліканскага конкурсу тэхнічнай творчасці Уладзіславам Прышчэпай і Уладзіславам Карповічам дэманстравалі сродкі механізацыі пчалярства, сканструяваныя імі.
- У ліцэі дзейнічае гурток тэхнічнай творчасці. На занятках юнакі і дзяўчаты на практыцы прымяняюць набытыя ў час вучобы ўменні і навыкі. Гэта дапамагае лепш асвоіць прафесію. Увогуле, без жадання працаваць, мэтанакіраванасці, творчых здольнасцяў і дысцыпліны дабіцца поспеху немагчыма, - адзначыў У. Прышчэпа.  

Фота: Алег БЯГАНСКІ.