Хлопчыкаў і дзяўчынак у інтэрактыўнай і забаўляльнай форме пазнаёмілі з літаратурай, гісторыяй, культурай і традыцыямі Беларусі.
Перад школьнікамі выступалі людзі самых розных прафесій, іх яднае жаданне дапамагаць іншым і любоў да роднага краю. Візіцёры расказалі пра культуру Беларусі, таямнічыя сярэднія вякі, што не перастаюць вабіць, здзіўляць і малых, і дарослых. На цікавую вандроўку ў прасторы і часе настроіў усіх музыкант Яўгеній Барышнікаў. Ён расказаў пра народныя інструменты таго часу: як яны з’явіліся, хто займаўся іх вырабам, як і з чаго майстраваліся. Прадэманстраваў некаторыя з іх, пасля чаго дзеці на слых самі спрабавалі адгадаць гучанне інструментаў. Асаблівую ўвагу Яўгеній засяродзіў на дудзе, якой захапляецца ўжо шмат гадоў. Расказаў, як пад яе трэба танцаваць. І прывёў да прыкладу трапную прымаўку: «Дуда без бубна — сірата, а бубен без дуды – круглая сірата».
Акампаніраваў Яўгеній і ў час інсцэніроўкі характэрнага для Сярэднявечча рыцарскага бою, што таксама дадало эмацыйнасці. Апранутыя і ўзброеныя «рыцары» прадэманстравалі фрагмент гераічнага паядынку. Да дробязей пра рыцарства ведае Юрась Усціновіч, з якім вандравалі дзеці па гэтай эпосе. З асаблівым інтарэсам хлопчыкі і дзяўчынкі навобмацак разглядалі выставачныя экспанаты – стылізаваныя даспехі і зброю.
Школьнікі паўдзельнічалі і ў тэматычнай віктарыне, атрымалі прыемныя падарункі. Сярод іх – беларускія аўдыёкнігі, якія прэзентавала сталічная кампанія «Прастора Бай». Яе кіраўнік Алесь Квіткевіч расказаў пра тое, як ствараецца беларуская літаратура ў гукавым фармаце.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.