Новости Молодечно и Молодечненского района

Что представили молодечненцы на конкурс «100 идей для Беларуси»

  • 2017-12-15 10:11:51
  • Ірына Рабушка

Рэгіянальны тур адбыўся ў нашым горадзе на базе СШ №14. Акрамя маладзечанцаў, інавацыйныя праекты прадставілі віляйчане і мядзельцы.

Сістэму відэаназірання прадставіў другакурснік Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Данііл Жукоўскі. У падрыхтоўцы праекта яму дапамагала намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Кацярына Ілюковіч. У чым актуальнасць, навізна і арыгінальнасць ідэі (дарэчы, гэта асноўныя крытэрыі ацэнкі распрацовак)? Навучэнец зрабіў макет, які ўяўляе сабой пост дзяжурнага, дзе можа весціся кругласутачнае назіранне (аналагавае і лічбавае) за аб’ектам. Сам аб’ект выглядае як стэнд з выявай жылога дома ў разрэзе. Усё максімальна набліжана да сучасных умоў аховы. Макет можа выкарыстоўвацца ў якасці тэхнічнага сродку ў навучальных установах пры падрыхтоўцы электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі. Ён дазваляе вывучаць устройства, прызначэнне, класіфікацыю сістэм відэаназірання, адпаведную апаратуру, відэазапісы і інш. Тэхнічныя перавагі праекта ў тым, што ў працэсе эксплуатацыі макета сістэмы відэаназірання можна павялічваць аб’ём жорсткага дыска, колькасць камер, замяняць іх на новыя, наогул удасканальваць сістэму, што дазволіць захаваць яе актуальнасць працяглы час.

Змястоўны сумесны праект «Адзіная інфармацыйная платформа Саюза моладзі» прапанавалі навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа Марк Карчміт, Максім Посах, Ягор Чункевіч і Максім Шупляк. Хлопцы будучыя сістэмныя праграмісты. Мэта іх распрацоўкі – аб’яднаць на серверы ўсю інфармацыю БРСМ ад «пярвічак» да Цэнтральнага камітэта для аператыўнай  і якаснай работы.

Выкладчыца спецдысцыплін каледжа Аксана Апяцёнак не толькі дапамагла юным наватарам, але і прадставіла сацыяльны праект «Школа лідараў «Мара», прысвечаны інклюзіўнай прасторы. Ён створаны сумесна з валанцёрскім атрадам «Гвардыя дабра» пярвічнай арганізацыі БРСМ каледжа.  Сацыяльная адаптацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якой паспрыяюць інфармацыйна-камуні-кацыйныя тэхналогіі, — гэта тое, на чым выкладчыца засяродзіла ўвагу. Аксана Апяцёнак прапануе анлайн-праекты – у іх шырокія магчымасці і роўны для ўсіх доступ.

Дзесяцікласнікаў з Вілейкі Аляксея Шчарбенюка і Арцёма Цішко зацікавіла пытанне выкарыстання вадкай гумы, якая не так шырока прымяняецца ў Беларусі. Хлопцы лічаць гэты матэрыял надзвычай перспектыўным. Яго можна шырока выкарыстоўваць для гідра-ізаляцыі і герметызацыі. Але паколькі вадкая гума нятанная, вучні вынаходзяць на яе падобную.

Арыгінальнымі былі ідэі адзінаццацікласнікаў Юрыя Шышко з Нарочскай СШ Вілейскага раёна і Алёны Вяршыла са Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу, што на Мядзельшчыне. Юнак  засяродзіў увагу на атамнай энергетыцы і энергаэфектыўнасці. Актуальнасць яго работы абумоўлена вялікай цікавасцю да выкарыстання энергіі сонца ў сучаснай навуцы. А дзяўчына прысвяціла свой праект гісторыка-культурным каштоўнасцям Беларусі.

— Мэты конкурсу – актывізаваць дзейнасць маладых вынаходнікаў, наватараў і вучоных і арганізаваць пляцоўку для абмену вопытам. У выніку будуць адабраныя лепшыя ідэі ў розных сферах для далейшай практычнай рэалізацыі, — заўважыла выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Марта Несцяровіч.


***
У фінале праекты будуць ацэньваць прадстаўнікі ўсіх галін навукі, а таксама вядучыя эксперты з органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў, арганізацый, аб’яднанняў, інвестары. Журы рэгіянальнага этапу працавала на чале з галоўным спецыялістам абласнога камітэта БРСМ Таццянай Клішэвіч, якая курыруе праект у сталічнай вобласці.

Усяго ў праекце прадугледжаны 20 намінацый, сярод якіх «Энергетыка і энергаэфектыўнасць, атамная энергетыка», «Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць», «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць», «Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка», «Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», «Бія- і нанаіндустрыя», «Сацыяльная сфера» і інш.



… Канкурэнцыя на рэгіянальным туры рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», як бачна, была моцнай. Тым больш прыемна, што ў лік фіналістаў трапілі прадстаўнікі мала-дзечанскіх дзяржаўнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў. Наступны этап пройдзе ў Нясвіжы.

Ірына РАБУШКА.