Атрымаць іх можна ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах аграрнага профілю. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія прапануе навучанне па спецыяльнасцях «аграномія», «заатэхнія», «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці», «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у АПК», «эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК». У Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце рыхтуюць па спецыяльнасцях «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» і «энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі (электраэнергетыка)».
Адной з прэстыжных навучальных устаноў лічыцца Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Выпускнікоў школ тут чакаюць на факультэтах ветэрынарнай медыцыны і заатэхніі. На спецыяльнасць «ветэрынарная медыцына» ёсць скарочаны курс навучання для тых, хто закончыў каледж па аналагічнай спецыяльнасці.
Асаблівай папулярнасцю карыстаецца Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, дзе рыхтуюць па спецыяльнасцях «аграномія», «заатэхнія», «эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК» (у тым ліку скарочаны курс навучання).
Тым, хто жадае атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю, варта паступаць у Ільянскі і Смілавіцкі аграрныя каледжы («ветэрынарная медыцына» і «заатэхнія»). У Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы рыхтуюць па спецыяльнасцях «аграномія», «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці», «энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці». Пасля заканчэння ўстановы можна прадоўжыць навучанне ў ВНУ адразу з трэцяга курса.
Названыя спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Вычарпальная інфармацыя пра ВНУ і ССНУ, правілы прыёму змешчана на афіцыйных сайтах устаноў адукацыі. Залічэнне ў пералічаныя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання рай выканкама і сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна маюць магчымасць накіраваць на навучанне ў названыя ўстановы адукацыі аграрнага профілю. Прапануем заключыць мэтавыя дагаворы, якія гарантуюць шэраг пераваг пры паступленні. Права на іх маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Разглядаюцца заявы выпускнікоў школ і тых, хто ўжо мае сярэднюю спецыяльную адукацыю па запатрабаваных прафесіях (месца пражывання значэння не мае). Абітурыенты, якія жадаюць атрымаць мэтавае накіраванне, павінны мець у дакуменце аб адукацыі адзнакі не ніжэйшыя за 5 балаў па прадметах уступных іспытаў у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці.
Грамадзяне, якія навучаюцца па дагаворы, маюць роўныя абавязкі і карыстаюцца аднолькавымі правамі з залічанымі на агульных падставах. Але ёсць і перавагі мэтавай падрыхтоўкі: паступленне па-за агульным конкурсам на выдзеленыя бюджэтныя месцы; абітурыенты, якія не прайшлі на мэтавыя месцы, аўтаматычна ўдзельнічаюць у агульным конкурсе, што павялічвае шанцы на паступленне; у перыяд навучання студэнт забяспечваецца інтэрнатам і праходзіць вытворчую і пераддыпломную практыку ў заказчыка (у нашым раёне або ў арганізацыі, з якой заключаны мэтавы дагавор); размеркаванне пасля навучання адбываецца ў межах Маладзечанскага раёна або ў арганізацыю, з якой заключаны мэтавы дагавор.
Перавагі паступлення па мэтавым дагаворы цягнуць некаторыя дадатковыя абавязацельствы. Істотнай умовай мэтавага дагавора з’яўляецца тэрмін абавязковай адпрацоўкі. У яго залічваецца служба па прызыве, у рэзерве ва Узброеных Сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь, адпачынак па доглядзе дзіцяці да трох гадоў.
Па пытаннях выдачы дагавораў на мэтавую падрыхтоўку можна звяртацца ў аддзелы кадраў сельскагаспадарчых арганізацый раёна або ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама (вул. Віленская, 6, каб. 125, тэл. 77-07-03).
Анжэла ДРОЗД,
галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама.