Новости Молодечно и Молодечненского района

Будучыя медыкі з Беларусі і Туркменістана спаборнічалі ў інтэлекце

  • 2016-11-30 10:06:06
  • Ірына Рабушка

Сустрэча адбылася ў бібліятэцы сямейнага чытання «Верасок» у рамках рэспубліканскай акцыі «Маладзечна – культурная сталіца года» і з нагоды 25-годдзя супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана, тэма -- «Дыялог культур: Беларусь – Туркменістан».

Для ўдзельнікаў інтэлектуальнага турніру (навучэнцы з’ядналіся ў каманды «Сястрычкі» і «Каракум») падрыхтавалі звыш трох дзясяткаў пытанняў. Які агульны колер ёсць у сцягах Беларусі і Туркменістана? Якая аднолькавая злакавая расліна прысутнічае ў гербах дзвюх краін? Якія жывёлы лічацца сімваламі ў гэтых рэспубліках? Якія пісьменнікі маюць званне «народны»? Які працяг беларускай прымаўкі «няма больш смачнай вадзіцы, чым…» або туркменскай «лічы сябе малаком…»? Навучэнцы спрабавалі таксама разабрацца ў асаблівасцях народных строяў, абрадаў, танцаў і музыкі. У якасці дамашняга задання былі кулінарныя стравы, якія беларусы і туркмены гатавалі згодна з традыцыямі сваіх краін. Сапернікі павінны былі адгадаць прысмакі і назваць іх інгрэдыенты. На пытанні адказвалі як пісьмова, так і вусна. Для капітанаў былі падрыхтаваны асобныя заданні. Час на роздум – усяго 30 секунд.

Ацэньвалі здольнасці ігракоў прадстаўнікі райвыканкама, цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Багдановіча і раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Лідарам інтэлектуальнага турніру стала каманда «Каракум», якая абышла сапернікаў на тры балы. Пераможцам уручылі прызы ад дыяспары туркменаў у Беларусі і білеты ад Мінскага абласнога драматычнага тэатра на адзін са спектакляў. Прызёры атрымалі запрашэнне на экскурсію ў Мінскі абласны краязнаўчы музей. Але можна сказаць, што прайграўшых у турніры не было. Навучэнцы з карысцю правялі вольны час, пашырылі кругагляд, папілі чай з тартамі, якія прэзентавала «Белая Русь».

Арганізатар турніру -- цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.