Новости Молодечно и Молодечненского района

Будучы звашчык Ілья Лемеш -- сярод лепшых на «WorldSkillsBelаrus - 2018»

  • 2018-02-05 11:43:28
  • Анжаліка Крупянькова

Гэта вядомыя ва ўсім свеце буйныя спаборніцтвы,своеасаблівыя алімпійскія гульні для пачынаючых рабочых і спецыялістаў да 22 гадоў. Яны ладзяцца кожныя два гады ў міжнародным фармаце з мэтай папулярызацыі рабочых прафесій, павышэння іх прыцягальнасці сярод моладзі.

У маі гэтага года адбудзецца Нацыянальны чэмпіянат «WorldSkillsBelаrus», навучэнцы будуць спаборнічаць у 38 кампетэнцыях, сем з якіх новыя.

Абласны этап па прафесіянальнай кампетэнцыі «Зварачныя работы» праходзіў на базе Жодзінскага прафесіянальнага ліцэя, куды з’ехаліся прадстаўнікі дзесяці сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Міншчыны. Трэба сказаць, што навучэнцы Беразінскага ліцэя і раней прымалі ўдзел у гэтых спаборніцтвах, вярталіся з дыпломамі, а ў педагогаў напрацаваны вялікі вопыт па іх падрыхтоўцы. Вось і з Ільёй Лемешам на працягу трох гадоў дзяліўся прафесійнымі сакрэтамі майстар вытворчага навучання Уладзімір Шалкоўскі. А ў час падрыхтоўкі да конкурсу трэцякурсніку дапамагаў яшчэ адзін вопытны выкладчык — Станіслаў Шуркус. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ліцэя Таццяна Новік расказвае, што ў снежні мінулага года ў гэтай навучальнай установе адбыўся ўнутраны конкурс прафмайстэрства, на якім Ілья Лемеш лепш за іншых прайшоў тэарэтычны і практычны этапы і атрымаў перамогу.

Ілья Лемеш, Ягор Шаўчук і іх выкладчык Станіслаў Шуркус.



На абласным конкурсе была толькі практычная частка. За дзве гадзіны трэба было выканаць тры заданні: зварыць трубу, а таксама пласціны ў стык і таўр. Ілья дастойна справіўся з усімі відамі зваркі, паказаў выдатныя навыкі і быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені. Свае ўменні, дарэчы, навучэнец пацвердзіў і ў час вытворчай практыкі, якую праходзіў на Смаргонскім агрэгатным заводзе. Ён вельмі добра зарэкамендаваў сябе, прадпрыемства гатова прыняць яго на пераддыпломную практыку вясной і на работу пасля заканчэння ліцэя. І гэта яшчэ раз пацвярджае даўно вядомую ісціну: калі маладыя людзі зацікаўлена і сур’ёзна ставяцца да сваёй будучай прафесіі, ім абавязкова спрыяе поспех.

Фота: архіў БЕРАЗІНСКАГА АГРАРНА-ТЭХНІЧНАГА ПРАФЕСІЯНАЛЬНАГА ЛІЦЭЯ.