Нядаўна мы ў чарговы раз прымалі польскіх сяброў у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж нашымі ўстановамі адукацыі. Доўгачаканая сустрэча адбылася ў Мінску, дзе навучэнцы і педагогі ліцэя ўпершыню ўбачылі адзін са знакавых культурных аб’ектаў нашай краіны Нацыянальную бібліятэку. Былі ўражаны госці і багаццем калекцыі, разнастайнасцю экспанатаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Кожная зала прыцягвае сваёй самабытнасцю, асаблівыя пачуцці ў нашых сяброў выклікала зала Баявой славы пад купалам музея. Як працяг ваеннай тэмы – экскурсія па музеі паветраных і вогненных таранаў, які дзейнічае на базе Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Бялюк адзначыў, што ў час наведвання такіх музеяў узнікае пытанне, чаму ў свеце існуе вайна і чаму людзі не вучацца на памылках мінулага. Знаёмству з гісторыяй Маладзечаншчыны паспрыяла наведванне гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына» Лебедзеўскай сярэдняй школы.
Цікавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да візіту польскіх сяброў, прайшлі ў нашай гімназіі. Гэта прэзентацыя ўстановы, тэатральная пастаноўка, танцы і песні на англійскай, французскай, польскай, беларускай і рускай мовах. Цікавым для ўсіх быў сумесны беларуска-польскі праект «Бабуліны пачастункі». Дзяўчаты з 11 класа сумесна з польскімі ліцэістамі прыгатавалі беларускую нацыянальную страву дранікі. Традыцыйнымі сталі і спартыўныя спаборніцтвы паміж маладзёжнымі камандамі з абедзвюх краін.
Мы пацікавіліся ў кіраўніка польскай дэлегацыі настаўніка рускай мовы Яна Белюка, што найбольш запомнілася ў час візіту.
— Безумоўна, экскурсія па Мінску – цудоўным горадзе, дзе шмат цікавых месцаў, — сказаў субяседнік. — Вельмі арыгінальны будынак Нацыянальнай бібліятэкі, такога я не бачыў ні ў адной краіне свету. Апошні раз я быў у Беларусі ў 2010 годзе і хачу адзначыць, што Мінск і Маладзечна вельмі папрыгажэлі за гэты час. Выклікае павагу тое, што практычна ў кожнай вашай школе ёсць музеі, як у Лебедзеўскай. Іх экспанаты расказваюць пра гісторыю краіны. Мы яшчэ раз пераканаліся, што гісторыя Беларусі і Польшчы моцна звязана. І канешне, вельмі спадабаліся беларускія дранікі. Яны нагадалі нам польскую нацыянальную страву пляцкі: склад і спосаб прыгатавання амаль аднолькавыя.
Пры развітанні гімназісты і ліцэісты выказалі спадзяванне на доўгае і плённае супрацоўніцтва.
Аліна КАЗЬМІНЫХ, педагог-арганізатар гімназіі №3.
Фота: архіў ГІМНАЗІІ №3.