Распрацавана рэспубліканская праграма, да ажыццяўлення якой далучыліся і маладзечанскія педагогі. Невыпадкова пленум адбыўся на базе Лебе-
дзеўскай СШ. Удзельнікі пазнаёміліся з вопытам работы настаўніка гісторыі вышэйшай катэгорыі Антона Апанасевіча. Пабывалі ў школьным музеі, якім ён кіруе. Акрамя матэрыялаў па краязнаўстве, тут захоўваюцца звесткі пра кожнага выпускніка, пачынаючы з 1947 года, яны папаўняюцца, калі ёсць для гэтага нагода. Дарэчы, сярод былых вучняў нямала знакамітых асоб – напрыклад, Канстанцін Цыбульскі, Генадзій Каханоўскі, Рыгор Семашкевіч, Барыс Кіт. Антон Апанасевіч прадставіў таксама сваю кнігу «Лебедзеўская сага», прысвечаную Лебедзеву і наваколлю.
Урачыстым і адначасова чуллівым момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне шасцярых выпускнікоў школы, якія вярнуліся сюды ў якасці выкладчыкаў.
Аб дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і яе структурных падраздзяленняў у рамках Года малой радзімы расказала старшыня Людміла Каханоўская. Таксама прадстаўнікі райкама гаварылі аб праблеме замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах, аб неабходнасці стварэння ўмоў, каб маладзечанцы хацелі вяртацца ў якасці прафесіяналаў у родны край. Узнімалася пытанне забяспечанасці жыллём пачынаючых педагогаў, якое ўдаецца вырашаць дзякуючы супрацоўніцтву і падтрымцы УП «Камунальнік» і гандлёва-эканамічнага каледжа. Штогод па жаданні маладых спецыялістаў ім выдзяляюць месцы ў інтэрнатах. Сёлета сем’ям чатырох пачынаючых педагогаў пашчасціла атрымаць арэнднае жыллё.
Абмяркоўвалася і кантрактная сістэма найму на работу. Прагучала прапанова заключаць кантракты на максімальны тэрмін. Гэта дае большую ўпэўненасць у заўтрашнім дні, стабілізуе атмасферу ў калектыве, што станоўча ўплывае на якасць працы. Прыгадалі найбольш яркія падзеі і мерапрыемствы з жыцця прафсаюзаў за 2018 год. Вылучылі Ігара Арабея, які загадвае музеем памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў СШ №14. У пачатку навучальнага года Прэзідэнт краіны падпісаў загад аб узнагароджанні яго медалём «За працоўныя заслугі».
Годна абараніла гонар Маладзечаншчыны малады спецыяліст гімназіі-каледжа мастацтваў Кацярына Майлычка, якая выкладае тут тэатральнае майстэрства. Яна перамагла ў раённым і абласным турах рэспубліканскага конкурсу «Працоўныя таленты», што праводзіўся пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Выкладчыца выступала ў намінацыі «Арыгінальны жанр».
Сярод адметных падзей назвалі і выстаўку карцін з сімвалічнай назвай «Матулінымі сцежкамі» дырэктара Заскавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Віталія Анопа, якая была арганізавана ў гэтай установе.
Шмат гаварылася аб укладзе нашых педагогаў у выхаванне дзяцей, аб важнасці пераемнасці пакаленняў, клопаце аб ветэранах.
Актыўны ўдзел настаўнікі прымалі і ў навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку далучыліся да агульнарэспубліканскай экалагічнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму». Шэраг акцый ініцыявалі ў раёне, сярод іх «Чысты двор» і «Чысты бераг». У наступным годзе раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі прадоўжыць лепшыя традыцыі.