«Мы адкрываем свет» -- сумесны праект «Маладзечанскай газеты» і цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча
У кампаніі з гномамі
Турысты ў Вроцлаве асабліва засяроджаныя. Уважліва разглядаюць не толькі прыгожыя старажытныя дамы, храмы, палацы, але і ўвесь час скіроўваюць позіркі сабе пад ногі. Аказваецца, яны шукаюць… гномаў. Гэтыя вясёлыя істоты, адлітыя ў бронзе, «жывуць» у самых неспадзяваных месцах – на тратуарах, падаконніках і нават ліхтарах. Першыя гномы з’явіліся ў 1980-я гады, у часы зараджэння масавага антытаталітарнага руху «Салідарнасць», і сталі сімваламі пратэсту. Іх малявалі на сценах, пры іх дапамозе высмейвалі цэнзуру. З таго часу яны так палюбіліся жыхарам, што традыцыя ствараць новых гномаў захавалася, яны сталі неад’емным брэндам гэтага 600-тысячнага горада, які з-за яго больш чым ста мастоў называюць «польскай Венецыяй». Турыстам нават прапануюць спецыяльныя камплекты для пошуку гномаў: лупу, тапкі, мазь для ног, каб прагнаць стому. Цяпер ніхто дакладна не ведае, колькі іх, наш экскурсавод сказала, што каля трохсот. Гном ля банкамата, гном-веласіпедыст, праграміст – усе яны невялічкія, таму іх цяжка разгледзець, асабліва ў прыцемках. І кожная такая сустрэча – маленькая радасць, усмешка на вуснах. Экскурсавод расказвала, што мясцовыя жыхары так любяць сваіх гномаў, што нават іншы раз… крадуць. Каб іх засцерагчы, распусцілі слых, што ў кожнага з іх уманціраваны чып, па якім знойдуць злачынцу. Так гэта ці не, невядома. Аднак скульптуры перасталі прападаць…
Без кубка ніхто не застаўся
Кожны жадаючы на памяць пра мясцовы калядны кірмаш змог захаваць прыгожы керамічны кубак у выглядзе чаравіка. На ім – віды Вроцлава, пажаданне шчаслівага Новага года. Цікава, што пустым яго не прадаюць, толькі напоўненым гарбатай, кавай ці найбольш папулярным на кірмашы напіткам – гарачым глінтвейнам. Разам з кубкам ён каштуе 20 злотых (каля 10 беларускіх рублёў). Выпіўшы напітак, кубак можна вярнуць і атрымаць назад 10 злотых, але ўсе пакідаюць сабе. Куды ні глянь – вясёлыя людзі з прыгожымі кубачкамі. Згадзіцеся, выдатны маркетынгавы ход для мясцовых керамічных прадпрыемстваў. Магчыма, і нам можна пераняць у суседзяў гэты вопыт і пачаць выпускаць свае калядныя кубкі,
прапаноўваць іх на нашых няхай і не такіх мнагалюдных кірмашах?
«Ты яшчэ не пакаштаваў нашы хрушчы?»
Мы гулялі па горадзе пасля адзінаццаці вечара, кірмаш гудзеў на ўсю моц. Ён вельмі вялікі, па плошчы як тры нашы пешаходныя вуліцы, а можа, і большы. Па абодва бакі шчыльна стаяць аднолькавыя драўляныя кіёскі (іх лік ідзе на сотні), і ў кожным нейкі цікавы тавар. Тут табе і распісныя імбірныя пернікі ў выглядзе Дзеда Мароза, ёлачкі, анёла, і ледзяшы, і вырабы з воўны, іншыя сувеніры. Вельмі шмат стыльных ёлачных цацак, вяночкаў для ўпрыгажэння пакояў, дзвярэй. А якія арыгінальныя кампазіцыі з ёлачных лапак! Мне спадабаліся жывыя зялёныя скульптуры ў выглядзе аленяў – нідзе раней такіх не бачыла. Вельмі шмат пунктаў з ежай: на агні смажацца апетытныя рулькі, шашлыкі, прыцягвае сваім пахам бігас – тушаная капуста з мясам. Мясныя стравы вельмі запатрабаваныя, нягледзячы на пост. Палякі, як і беларусы, любяць добра падсілкавацца. Можна пакаштаваць і розныя сыры з авечага, казінага малака. Па жаданні іх могуць падсмажыць, паліць рознымі соусамі. А колькі тут салодкіх прысмакаў! Ля аднаго з кіёскаў, дзе прадаваліся хрушчы, вісела вялізная галава цацачнага лася, якая вяла размову з пакупнікамі: «Як, ты ўжо адыходзіш ад нашага кіёска і не пакаштаваў хрушчы?»…
Успомнілі казкі
Для дзяцей тут мноства забаў. Працуюць розныя атракцыёны – паравозікі, арэлі... Усе вельмі маляўнічыя, пераліваюцца рознакаляровымі агеньчыкамі, усюды гучыць музыка. Не адарваць малышоў ад домікаў са шклянымі сценкамі, у якіх інсцэніраваны розныя казкі. Лялечныя персанажы ў іх рухаюць рукамі і нагамі, круцяць галовамі, адначасова ў запісе гучыць тэкст казкі. Такіх чароўных домікаў, можа, з дзясятак.
Ля вялікай шыкоўна ўпрыгожанай ёлкі – ледзяныя скульптуры: Дзед Мароз, каралеўскі трон, цацачныя акварыумы з пластмасавымі рыбкамі. Застаецца толькі здзіўляцца, як яны не растаюць – тэмпература паветра ў дні нашага візіту была плюсавая.
Опера для… прахожых
Вроцлаў здзіўляе на кожным кроку. Тут шыкоўны оперны тэатр – самы стары ў Польшчы, пабудаваны ў 1841 годзе. З яго гісторыяй звязаны імёны Іагана Штрауса, Рыхарда Вагнера, Нікола Паганіні, Ферэнца Ліста. А ў апошнія гады яго артысты выйшлі з шоу-праграмамі, спектаклямі на вуліцы, у паркі горада. Такія паказы ў Польшчы цяпер вельмі папулярныя. Уяві-
це: першая частка оперы праходзіць у тэатры, затым у час перапынку артысты і гледачы выходзяць на вуліцу, і спектакль працягваецца. А на заключную частку дзейства можа перамясціцца ў бліжэйшы парк… Прадстаўленні доўжацца па тры га-
дзіны, але попыт на іх велізарны, білеты трэба заказваць за месяц.
Дом з ценямі
На Рыначнай плошчы ў цэнтры горада размешчаны велічны асабняк — дом «Залатое сонца», ля якога ў цёмны час сутак збіраецца натоўп. Вялікія вокны другога паверха добра асвечаны, і ў іх відаць цені лю-
дзей – дам у вячэрніх уборах і іх кавалераў у смокінгах. Экскурсавод расказвала нам, што гэта інсталяцыя, але іншы раз там дэфіліруюць і жывыя людзі. З вуліцы ж здаецца, што ў гэтым доме праходзіць баль, і яго госці прагульваюцца па прасторных пакоях.
Наогул, архітэктура Вроцлава нікога не пакіне раўнадушным. Мы любаваліся гатычнай Ратушай – сімвалам горада, слухалі бой гадзінніка на ёй, устаноўленага ў 1550 годзе. Уражвае сваёй веліччу касцёл святой Эльжбеты, прыцягваюць позіркі турыстаў утульныя домікі Яся і Малгосі, якія, як і многія будынкі ў гістарычным цэнтры, маюць сваю цікавую гісторыю.
«Дайце мне атмасферы!»
Памятаеце, гэта любімая фраза адной з чэхаўскіх гераінь? Дык вось Вроцлаў забяспечвае святочную атмасферу кожнаму, хто прыедзе сюды на калядныя святы. Мы не адчувалі сябе чужынцамі на яго шыкоўна ўпрыгожаных вуліцах. Заўсёды маглі звярнуцца да палякаў па-беларуску, калі нешта трэба было ўдакладніць, і нас разумелі, дапамагалі сарыентавацца ў горадзе, выбраць тавар у магазінах ці стравы ў кафэ. На вячэрніх вуліцах была безліч людзей, моладзі, падлеткаў. Адчувалася, што некаторыя выпілі не па адным кубку глінтвейну, а магчыма, і нечага больш моцнага. Аднак мы нідзе не бачылі агрэсіўных людзей, натоўп быў вясёлы, бесклапотны, многія напявалі ўголас. Па горадзе на байку раз’язджаў Дзед Мароз, да яго далучаліся іншыя байкеры. Два вечары мы гулялі па цэнтры горада і не сустрэлі ніводнага паліцэйскага. Кінулася ў вочы і тое, што вельмі многія вроцлаўцы прыйшлі на кірмаш сем’ямі: дзеці радаваліся святочным дзівосам, а дарослыя цешыліся, гледзячы на іх…
Вельмі хочацца, каб і мы перанялі ў суседзяў гэту добрую традыцыю, каб і ў нашым горадзе на Цэнтральнай плошчы, у парку, на пешаходнай вуліцы на навагоднія і калядныя святы больш было гандлёвых пунктаў, забаўляльных праграм, цікавых дзецям і дарослым.
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.