Закарпатье: горы, леса, вино, цветущая сакура и природные источники

Закарпацце — унікальны край, на тэрыторыі якога размешчана мноства гістарычных помнікаў — замкаў і крэпасцяў, драўляных і каменных храмаў. Дадайце сюды чароўную прыроду, гасціннасць людзей, непаўторную кухню, развітую турыстычную інфраструктуру — і вы зразумееце, чаму падарожжа ў гэты рэгіён Украіны пакідае незабыўнае ўражанне.

Закарпатье: горы, леса, вино, цветущая сакура и природные источники "Маладзечанская газета"

Палёт на цягніку

Ёсць некалькі спосабаў дабрацца да Закарпацця – самалётам, на аўтамабілі, у аўтобусе або на цягніку. Апошні варыянт выбралі мы з жонкай. Акрамя таннасці, ён аказаўся яшчэ і самым цікавым. Асабліва калі пераадольваеш Карпаты. Ад убачанага проста дух захоплівае. Чыгунка ўпарта «чапляецца» за схілы, «пералятае» па высокіх каменных мастах праз даліны. У гэты момант адчуваеш сябе, як у самалёце. Нават галава кружыцца…

Да пасёлка Салява, ля якога знаходзіцца перавал, састаў падымаецца вельмі павольна. Потым ён «нырае» ў тунэлі. На трасе ёсць участак, дзе рэйкі пракладзены побач з пакрытымі снегам вяршынямі. Навокал паланіна (бязлесая прастора). Убачыць такі прыродны амфітэатр – мара кожнага падарожніка.

Горад квітнеючай сакуры

На пад’ездзе да Мукачава прырода кардынальна мяняецца. Хвойныя лясы змяняюцца дубовымі. У населеных пунктах з’яўляюцца алеі экзатычных магнолій і сакур. Іншай становіцца архітэктура. Востраканцовыя дахі саступаюць месца пакатым, пакрытым чарапіцай. Вось тады і пачынаеш разумець, што трапіў ва ўнікальны рэгіён.

Мукачава здзівіла вялікай колькасцю таксі, акуратнымі брукаванымі вуліцамі і мадэрнавымі будынкамі. У архітэктуры выразна адчуваецца аўстрыйскі ўплыў. А яшчэ горад літаральна патанае ў сакурах. Гэта японская расліна стала тут сапраўдным сімвалам. Яе высаджваюць усюды – у дварах, уздоўж вуліц і дарог. Мясцовыя жыхары ганарацца, што выйгралі неафіцыйнае спаборніцтва за права называцца сталіцай сакур у Закарпацці. Нам пашчасціла наведаць Мукачава менавіта ў перыяд яе цвіцення. Відовішча сапраўды захапляльнае! Нібыта ружовыя воблакі спусціліся на зямлю. Любавацца хочацца гадзінамі.

«Філіял» Венгрыі

Мэтай нашага падарожжа быў цэнтр венгерскай аўтаноміі ў складзе Украіны — Берагава. Размешчаны ён усяго ў 30-ці кіламетрах ад Мукачава, аднак розніца паміж гарадамі выразная. Гэта тычыцца архітэктурнага аблічча, культуры, кухні, стылю жыцця, звычак мясцовага насельніцтва.

Тут адчуваеш сябе, як у Венгрыі. Усюды гучыць венгерская мова. Па-венгерску прадубліраваныя назвы вуліц і шыльды на дзяржаўных установах. Нават час у Берагаве свой, з розніцай ад кіеўскага ў гадзіну. Мясцовыя жыхары па-еўрапейску дысцыплінаваныя. Пешаходы цярпліва чакаюць зялёнае святло святлафора, нават калі на дарозе няма транспарту. Апранаюцца гараджане проста, але з густам.

Горад знакаміты тэрмальнымі лячэбнымі комплексамі. Адзін х іх, дзяржаўны, быў узведзены ў часы былога СССР і прызначаўся для падрыхтоўкі да спаборніцтваў і рэабілітацыі членаў алімпійскай зборнай. Другі адносна нядаўна пабудавалі прыватнікі. У басейны з вялікай глыбіні падаецца гарачы расол, у якім немагчыма патануць.

На цвярозую галаву

Беларусаў у Берагаве, як і ва ўсім Закарпацці, любяць і паважаюць. У гэтым мы пераканаліся. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць якасную беларускую малочную прадукцыю, іншыя айчынныя тавары.

Аўтаномія спецыялізуецца на вінаробстве і сельскай гаспадарцы. Берагава лічыцца віннай сталіцай рэгіёна. У горадзе нядаўна адкрыўся вінны завод «Чызай», якому належыць амаль 300 гектараў вінаграднікаў. Сродкі ў вытворчасць уклалі ізраільскія інвестары.

Усе прыватныя дамы ў горадзе і навакольных вёсках маюць вялікія склепы для захоўвання вінаграднага напітку. Для дэгустацыі абсталяваны спецыяльныя вінныя залы. Віно добрай якасці прадаюць нават на вуліцах. Аднак п’яных у горадзе амаль няма.

— У мясцовых жыхароў захавалася культура ўжывання спіртнога, — патлумачыў Уладзімір Маркітан, гаспадар арандаванага намі доміка для адпачынку. – Святы мы адзначаем сем’ямі. Ніколі не напіваемся. У час застолля паводзім сябе прыстойна, гутарым, спяваем. Займець рэпутацыю «выпівохі» на Берагоўшчыне — вялікі сорам.

Не пахудзееш…

Закарпацце — мара гурманаў. Тут за невялікія грошы можна пакаштаваць стравы венгерскай, украінскай, русінскай, аўстрыйскай, славацкай, польскай і румынскай кухняў.

Асабліва запомніўся венгерскі суп бограч з фасолі, бульбы, цыбулі і свініны. Ён настолькі каларыйны, што дае энергію на ўвесь дзень. Хіт нумар два на мой густ — белыя грыбы ў малочным соусе. Прычым баравікі збіраюцца або на схілах Карпат у Мукачаўскім раёне, або ў ясеневых лясах на тэрыторыі Берагоўскага.

Пра аўстрыйскі ўплыў у Мукачаве нагадваюць штрудзелі. А Берагава, у сваю чаргу, славіцца гуляшом. Гэта страва ў мясцовым варыянце прадстаўляе велізарныя «бліны» з мяса і пюрэ з «зажаркай». Яе добра дапаўняе наварысты ўкраінскі боршч.

Пасля вышэйзгаданага вы зразумееце, чаму аўтару так і не ўдалося пахудзець у час падарожжа. Хаця такую мэту перад сабой ён ставіў.

Задаволю інтарэс чытачоў і раскажу пра ўзровень даходаў і цэн, а таксама некаторыя асаблівасці жыцця ў Закарпацці.

Так, дзённы заробак бармэна ў Берагаве складае 200 грыўняў (адзін беларускі рубель раўняецца 14 грыўням). Пенсіі большасці катэгорый пенсіянераў — 1300 – 2800 грыўняў, зарплата настаўнікаў 3000 – 7000, прыбіральшчыц ў прыватным тэрмальным басейне — 2500, сярэдняя зарплата ў Закарпацкай вобласці – 3500 грыўняў.

Комплексны абед у Берагаве каштуе 40 грыўняў, бохан хлеба – 10, бутэлька піва – 9-12, літр віна – 30-50, 200 грам ёгурту – 16, білет на аўтобус Мукачава – Берагава – 22, на электрычку Мукачава – Львоў – 40-50, літр бензіну – каля 24 грыўняў.

Трэба мець на ўвазе, што банкаўскія тэрміналы ўстаноўлены не ва ўсіх гандлёвых аб’ектах рэгіёна, нават буйных. Калі вы перадаяце вадзіцелю грошы за праезд, білет вы, хутчэй за ўсё, не атрымаеце. Дарожны падатак ва Украіне ўключаны ў цану на паліва. Вадзіцелю і пасажыру на пярэднім сядзенні можна не прышпільвацца рэменем бяспекі. Аднак устаноўка дзіцячых крэслаў абавязковая. І яшчэ, у Закарпацці вельмі мала дазволеных месцаў для курэння. Праўда, на колькасць курцоў гэта не ўплывае.

Адна назва – дзве рэдакцыі

Аўтар наведаў сваіх калег – журналістаў раённай газеты «Веснік Берагоўшчыны». Рэдакцыя выдання размяшчаецца ў прыватным сектары горада. Адразу бачны вялікі склеп. У доме два рабочых пакоі і кухня. На пліце варацца стравы, за сцяной рыхтуецца да выпуску чарговы нумар. Атмасфера вельмі ўтульная.
Намеснік галоўнага рэдактара Юдыта Сэмэрэ расказала пра спецыфіку «раёнкі». Паколькі рэгіён аўтаномны, газета выходзіць асобнымі тыражамі на ўкраінскай і венгерскай мовах. У «Весніку» дзве каманды журналістаў і два карэктары. Асвятляюцца падзеі, цікавыя для кожнай нацыянальнай супольнасці, таму змест аднаго нумара на розных мовах адрозніваецца. Выданне датуецца з раённага бюджэту.

— З цікавасцю сочым за падзеямі ў Беларусі. Удзячныя вашаму Прэзідэнту за пазіцыю па пытанні ўстанаўлення міру на Данбасе. Запрашаем у раён беларускіх турыстаў. Памятайце, што на Берагоўшчыне беларусам заўсёды рады, — падкрэсліла Юдыта Сэмэрэ.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://mgazeta.by/my-adkryvaem-svet/item/1306-zakarpate-gory-lesa-vino-tsvetushchaya-sakura-i-prirodnye-istochniki.html#sigProIdf1fffb79d4
Прочитано 4714 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.