Новости Молодечно и Молодечненского района

«Жывыя» рэцэпты польскай кухні

  • 2018-05-23 11:50:13
  • Анжаліка Крупянькова

І ўсё ж гэта кніга можа лёгка канкурыраваць з сусветным павуціннем. Калі вы аднойчы патрымаеце яе ў руках, абавязкова захочаце пагартаць, а потым і што-небудзь прыгатаваць. Увесь сакрэт у тым, што яна… жывая.

У гэтым пераканаліся ўсе, хто прыйшоў у цэнтральную раённую бібліятэку імя Максіма Багдановіча на прэзентацыю кнігі Яанны Фургаліньскай «Польская кухня. Адчуй смак традыцый», што выйшла сёлета ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча ў перакладзе на беларускую мову Вольгі Гуд. Ініцыятарам выдання стаў Польскі інстытут у Мінску. Наша бібліятэка плённа супрацоўнічае з ім дзесяць гадоў, зазначыла ў прывітальным слове дырэктар установы Марыя Стасяловіч.

Вядучы ўрачыстасці паэт Усевалад Сцебурака расказаў, што першая прэзентацыя выдання адбылася ў лютым на XXV Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Мінску. Наступным горадам стала Маладзечна, і, як зазначыў выдавец Андрэй Янушкевіч, тут удзельнікаў сабралася ўдвая больш. Трэба аддаць належнае супрацоўніцам залы літаратуры на замежных мовах Ларысе Берташ і Таццяне Летуновай, якія зрабілі добрую рэкламу, запрасілі аматараў польскай мовы і культуры.   

Цікава было даведацца, што ў Польшчы кніга выйшла два гады таму і мела вялікі поспех. Яе аўтар Яанна Фургаліньска – вядомая  мастачка, а таксама фанатка кулінарыі. Ідэя стварыць незвычайную кнігу рэцэптаў у малюнках узнікла пасля таго, як яна прыйшла да сумнай высновы, што сучасная моладзь мала ведае класічную польскую кухню, а нацыянальнымі стравамі лічыць спагеці, піццу і бульбу фры. А як жа бігас, журэк, чырвоны боршч, суп з памідораў, капыткі з бульбы? Няўжо ім наканавана сысці ў нябыт? Кіруючыся правілам «лепш адзін раз убачыць», мастачка намалявала кожны з 115 рэцэптаў кнігі. У гэтым яе арыгінальнасць: мінімум тэксту – лёгкага і перасыпанага жартамі, сотні малюнкаў: адкрываеш старонку — і ўжо смачна. З іх дапамогай лёгка крок за крокам прыгатаваць упадабаную страву. Прычым дакладнасць інгрэдыентаў гарантаваная, усё разлічана да грамаў. Важна і тое, што гатуецца ўсё са звычайных прадуктаў, якія ёсць у любым магазіне. Ад рэцэпта да рэцэпта па старонках крочыць вясёлая вастраносая польская гаспадыня і перасыпае прымаўкамі ды прыказкамі, ад якіх апетыт разгараецца яшчэ больш.

Гартаючы кнігу, нельга не заўважыць, што многія стравы польскай кухні мы можам назваць і беларускімі. Урэшце, што тут дзіўнага, мы ж суседзі. Аднак ёсць абсалютна адметныя, прычым у прыгатаванні вельмі простыя. Напрыклад, тая ж салата з агуркоў. Мала хто з беларусаў, запраўляючы яе смятанай, дадае лімонны сок ды цукар, як гэта робяць палякі. І суп з памідораў у нас не распаўсюджаны, а ў суседзяў ён папулярны…

Беларусы ведаюць і любяць польскую кухню. Гэта пацвердзіла кулінарная віктарына, якую правёў Усевалад Сцебурака. Пераможца атрымала галоўны прыз, няцяжка здагадацца, што гэта кніга — «віноўніца» ўрачыстасці. Астатнія гаспадыні таксама атрымалі літаратуру ад Польскага інстытута.

А на заканчэнне – сюрпрыз. Адна са старонак кнігі «ажыла» ў зале бібліятэкі: жадаючыя змаглі прадэгуставаць пончыкі з начынкай з варэння з руж. Іх па заказе Польскага інстытута выпеклі ў мясцовым кафэ «Янка». Як гарачыя пончыкі, разыходзілася і прэзентаваная кніга: маладзечанцы адчулі смак польскіх традыцый.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.