Раней захаплялася скрапбукінгам, пакрысе адна за адной зрабіла тысячу (!) паштовак.
— Усе мае вырабы былі пастэльнай гамы. А мне хацелася яркіх колераў. Чарговую ідэю шукала ў інтэрнэце. І наткнулася на кветкавую кампазіцыю, якая літаральна зачаравала мяне далікатнасцю і арыгінальнасцю. Яна была зроблена з яловых іголак, гваздзікоў, руж, ілексу і аздоблена навагоднімі цацкамі. Як аказалася, аўтар работы – мужчына. Пазней даведалася, што Слава Роска адзін з самых вядомых фларыстаў свету і праводзіць майстар-класы ў розных краінах. Сам ён родам з Малдовы, жыве ў Расіі. Трапіць да яго на навучальны курс стала маёй марай, — расказвае пра пачатак свайго творчага шляху Галіна.
Неўзабаве яна даведалася аб тым, што Слава Роска прыязджае ў Мінск, і накіравалася да яго на навучальны курс. Галіна была на майстар-класах і ў іншых спецыялістаў. У выніку асвоіла розныя віды фларыстыкі, а таксама вітрыністыку (афармленне вітрын).
Мода на кветкі і іх афармленне не перастае здзіўляць Галіну. З задавальненнем яна чытае пра новыя веянні.
– Цяпер актуальная папяровая ўпакоўка, асабліва так званыя капялюшныя круглыя скрыні. Наогул, упакоўка павінна быць зручная, каб кветкі проста было дастаць з яе і паставіць у вазу без усялякага дадатковага аздаблення. Таксама ў трэндзе стылізаваныя драўляныя скрыні і кошыкі, — заўважае фларыст.
А вось мода на самі букеты стала, на яе думку, больш дэмакратычнай. Мова кветак – накшталт «жоўтыя – да разлукі» — даўно ў мінулым. Цяпер іншы прынцып: трэба дарыць тыя, што пасуюць да характару і вобраза чалавека, якому яны прызначаны.
— Хіба толькі ёсць найбольш удалыя спалучэнні кветак у букеце па іх відах і колерах. Напрыклад, белыя выдатна глядзяцца разам з пяшчотна-ружовымі, блакітнымі, бэзавымі, жоўтымі, каралавымі, аранжавымі. Гэтыя колеры падыдуць прадстаўніцам прыгожага полу незалежна ад іх узросту. Больш за тры адценні ў адным букеце лепш не змешваць. Але самае важнае і галоўнае правіла — дарыць ад душы! – гаворыць Галіна.
Мода на цюльпаны і мімозы, здаецца, вечная. Відавочна, што выбар цюльпанаў цяпер значны шырэйшы. Радуюць вока іх разнастайныя колеры.
— Цюльпаны добра спалучаюцца з гіяцынтамі, ранункулюсам, — з веданнем справы дае парады фларыст. — Арыгінальна ў вясенніх букетах глядзяцца анемоны і ірысы. Наогул, у адным букеце павінны быць кветкі аднаго сезона. Спалучэнне руж і рамонкаў сведчыць аб дрэнным гусце.
Самым арыгінальным Галіна лічыць букет, які зрабіла сваёй маме на 55-годдзе. Ён ледзь умяшчаўся ў ахапку і складаўся з пяці відаў кветак! А самым незвычайным матэрыялам, што давялося выкарыстоўваць у кветкавай кампазіцыі, быў… баршчэўнік. З гэтай раслінай у высушаным выглядзе вучыў працаваць Слава Роска. Дарэчы, збіраць для гэтага яе трэба, калі ўжо адцвітае. Парэзаныя на колцы магутныя сцябліны эфектна глядзяцца ў мастацкіх работах.
— Іншым разам каб стварыць той ці іншы букет і асабліва кампазіцыю, рыхтуюся задоўга да мяркуемай падзеі. Трэба ж назапасіць усе «дэталі», — зазначае Галіна.
Ведае яна як даўжэй падтрымаць прыгажосць свежых кветак у вазе. Для гэтага вельмі важна кожны дзень крыху падразаць сцябліны і мяняць ваду.
Любімая кветка Галіны – ружовая махровая эўстома. Але самой ёй дораць букеты рэдка.
— Напэўна, баяцца няправільна скласці, — усміхаецца яна. — Але я з тых людзей, каму больш падабаецца дарыць радасць іншым і атрымліваць ад гэтага асалоду.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.