Новости Молодечно и Молодечненского района

З малітвай у сэрцы і пэндзлем у руках

  • 2021-12-27 08:31:19
  • Анжаліка Крупянькова

Аўтапілігрымка ў тры тысячы кіламетраў

— Яшчэ ў канцы мінулага года да мяне звярнуўся ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску, з прапановай напісаць копіі цудадзейных абразоў Маці Божай. І падзяліўся сваёй задумай арганізаваць малітоўна-пакутніцкую аўтамабільную пілігрымку ўздоўж межаў Беларусі, у час якой вернікі будуць маліцца аб спакоі і міры ў нашай краіне і ў свеце, аб еднасці людзей, за сем’і і моладзь, аб спыненні пандэміі. Я з радасцю падтрымала гэту высакародную ідэю, з хваляваннем прыступіла да адказнай работы, — дзеліцца Ядвіга Іванаўна, у творчай скарбонцы якой больш за дзве тысячы ікон і палотнаў на біблейскія сюжэты, як копій (спісаў), так і аўтарскіх.

Копіі абразоў Маці Божай выкананы ў аднолькавай стылістыцы, маюць круглую форму — па 52 сантыметры ў дыяметры. Яны ўстаўлены ў спецыяльна вырабленыя драўляныя рамы, упрыгожаныя сусальным золатам. На кожнай пазначаны населены пункт, у храме якога знаходзіцца цудадзейны абраз. Маці Божая Будслаўская — апякунка Беларусі, Маці Божая Жыровіцкая — маці еднасці, Маці Тракельская — каралева сем’яў, Маці Божая Браслаўская — валадарка азёраў, Маці Божая Лагішынская — каралева Палесся. Усяго 13 копій цудадзейных абразоў стварыла наша зямлячка. Іх благаславіў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

12 чэрвеня гэтага года аўтамабільная пілігрымка пачалася з Гродна, агульны яе шлях склаў больш за тры тысячы кіламетраў.

— Цяжка выказаць мае пачуцці, калі бачыла, як абразы, замацаваныя на кузаве аўтамабіляў, ехалі ад аднаго населенага пункта да іншага, як іх там сустракалі. Людзі апускаліся перад імі на калені, шчыра маліліся… Памятаю, калі ў Валожыне абразы ўрачыста ўносілі ў касцёл, пахмурным, асеннім днём засвяціла сонца. Расказваю — а ў мяне і цяпер мурашкі па скуры… Не кожны можа даехаць у храм, памаліцца ля цудадзейнай іконы Маці Божай, на якую ён ускладае асаблівыя надзеі. А ў гэтым праекце Найсвяцейшая Панна Марыя з’явілася ў 13 абразах – гэта магутная духоўная сіла, якая яднае людзей. Я шчаслівая, што з Божай дапамогай маю дачыненне да гэтага незвычайнага праекта, які вельмі сугучны з мэтай маёй творчасці – несці чалавеку святло і радасць, дарыць надзею на тое, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ў Бога ўратуюць свет, — гаворыць мая субяседніца.
Дарэчы, у касцёле святога Юзафа паралельна праходзіць выстаўка Ядвігі Сенько «Свет душы маёй», на якой прадстаўлена каля 40 карцін. Большасць з іх копіі каталіцкіх і праваслаўных ікон, выявы храмаў. Плануецца, што 20 студзеня гэта выстаўка будзе размешчана ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

Аўтамабільная малітоўна-пакутніцкая пілігрымка з копіямі абразоў цудадзейных ікон працягнулася больш чым на тры тысячы кіламетраў.

Першую ікону напісала ў 18 гадоў

Ядвіга Іванаўна расказвае, што ў 2022-м споўніцца 25 гадоў, як яна займаецца іканапісам. Яе першая ікона «Сэрца Марыі», напісаная ў 18 гадоў, і цяпер знаходзіцца ў Красненскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, як і яшчэ некалькі напісаных ёю абразоў. У гэтым касцёле шмат гадоў таму іграў на аргане бацька Ядвігі Іван Аляксандравіч Кадушкевіч, які самастойна асвоіў інструмент. На вялікі жаль, яго няма ў жывых. Ён быў выдатным майстрам па дрэве, працаваў на мэблевай фабрыцы. І ўсё жыццё дапамагаў святарам як каталіцкіх, так і праваслаўных храмаў у іх аздабленні. Для касцёла святога Юзафа ён рабіў рамы для абразоў, удзельнічаў у іншых сталярных справах. Дапамагаў складаць іканастас для царквы Успення Прасвятой Багародзіцы. Сімвалічна, што і дачка, каталічка па веравызнанні, стварае іконы як для каталіцкіх, так і для праваслаўных храмаў.

Дарэчы, маці Ядвігі Яніна Адамаўна, якой споўніўся 91 год, добра малявала, іншы раз дапамагала сваім тром дочкам падрыхтавацца да ўрокаў выяўленчага мастацтва. Творчыя гены, вера ў Бога, працавітасць – бясцэнная бацькоўская спадчына, якая дапамагла Ядвізе знайсці сваё месца ў жыцці, быць карыснай людзям. З вялікай удзячнасцю і любоўю Ядвіга Іванаўна расказвае пра свайго мужа Сяргея Арсенцьевіча, які вельмі дапамагае ёй у творчасці, бярэ на сябе ўсю чарнавую работу па падрыхтоўцы палотнаў. Ён, дарэчы, праваслаўны, і яны, як і многія іншыя сем’і, святкуюць Каляды двойчы.

Пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта мастацтваў Ядвіга Сенько працавала мастаком-афарміцелем на розных прадпрыемствах горада. А з 1987 года яе творчасць непарыўна звязана з тэматыкай хрысціянства. Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта яна стварае спісы з вядомых ікон. Яе работы знаходзяцца ў каталіцкіх і праваслаўных храмах Беларусі, у прыватных калекцыях у краінах далёкага і блізкага замежжа. З 2003 года Ядвіга Іванаўна займаецца выставачнай дзейнасцю. Прайшло ўжо больш за 300 персанальных выставак у гарадах Беларусі, а самая першая адбылася ў нашым Палацы культуры, які тады толькі адкрыўся.

Найчасцей выстаўкі праходзяць у музеях. Вось і цяпер паралельна ідуць чатыры выставачныя праекты ў Мар’інай Горцы, Міёрах, у Рагачове і ў нашым касцёле святога Юзафа. Шмат цёплых водгукаў, як вусных, так і пісьмовых, атрымлівае мастачка. Бывалі моманты, калі ў час наведвання выстаўкі людзі станавіліся перад абразамі на калені, прасілі музейных работнікаў прычыніць дзверы, каб памаліцца ў адзіноце. Памятае мая субяседніца, як аднойчы на выстаўцы да яе падышоў мужчына і прызнаўся, што ён атэіст, аднак, пазнаёміўшыся з яе работамі, зразумеў: Бог ёсць…

У кожным касцёле ля копій цудадзейных абразоў Маці Божай вернікі маліліся аб міры і спакоі ў нашай краіне і ў свеце, аб спыненні пандэміі.

Узвядзенне храма ў душы – такую мэту ставіць перад сабой мастачка, якая кожны новы дзень, кожную новую карціну распачынае са шчырай малітвы. Вера дае сілы, усяляе ўпэўненасць, дапамагае знайсці правільныя рашэнні.

— Іншы раз мне здаецца, што нябачная сіла водзіць маёй рукой, падказвае, як стварыць вобраз, падабраць фарбы, — прызнаецца творца, якая, да слова, віртуозна валодае і запатрабаванай сёння тэхнікай састарвання ікон.

А незадоўга да Каляд з Божай дапамогай мастачка асвоіла новую для сябе тэхніку: разам з калегам па творчым цэху Васіліем Буравым аднавіла скульптуры Маці Божай, устаноўленыя ў Чырвоным касцёле ў Мінску.

— Ядвіга Іванаўна, чытачы «Маладзечанскай газеты» будуць рады атрымаць ад вас пажаданні з нагоды Нараджэння Хрыстова…

— Жадаю ўсім землякам найперш здароўя, міру ў нашай роднай Беларусі. Вельмі хачу, каб паміж людзьмі не было зайздрасці і злосці, каб яны ўмелі радавацца таму, што ў іх ёсць сёння. Няхай Гасподзь благаславіць кожную сям’ю і дапамагае ва ўсіх добрых пачынаннях!

Перад Калядамі Ядвіга Іванаўна аднаўляла скульптуру Маці Божай у Чырвоным касцёле.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Ядвігі СЕНЬКО.